Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «сацыяльная дзяржава» забірае ўсё ў малой дзяўчынкі


Паўліна Лосік глядзіць на здымак бацькі, студзень 2021
Паўліна Лосік глядзіць на здымак бацькі, студзень 2021

Тое, што цяперашняя беларуская дзяржава і абарона дзяцей — ня надта сумяшчальныя паняцьці, даўно ясна. І хай цынізм гэтых уладаў мяне даўно ня дзівіць, я працягваю яму абурацца, бо нельга — проста нельга — прызвычайвацца да таго, што яны робяць.

Адна з апошніх навінаў — арышт маёмасьці Ігара і Дар’і Лосікаў. Мала таго, што зь Ігара зьдзекаваліся ў пэрыяд так званага сьледзтва, а потым асудзілі яго на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, дык цяпер яшчэ арыштавалі ягоную маёмасьць. А за сухой фармулёўкай «арыштавалі маёмасьць» хаваецца вось якая рэальнасьць: жонка Ігара Дар’я Лосік і іх дачка Паўліна ня могуць карыстацца звычайнымі рэчамі, якія знаходзяцца ў іх дома.

Напрыклад, нельга закіпяціць ваду ў імбрыку, і нават пераставіць імбрык з аднаго месца на іншае нельга. Тое ж тычыцца тэлевізара, мэблі і нават старога піяніна, якое Дар’і падарылі бацькі, калі яна толькі пайшла ў першую клясу.

Няма дакумэнтаў аб набыцьці рэчы — яе прызнаюць агульнай маёмасьцю пары, гэта значыць і маёмасьцю Ігара, і, адпаведна, арыштоўваюць. Цяпер Дар’я жыве ў кватэры быццам бы са сваімі, але ўжо не сваімі рэчамі, і нават ня можа іх самастойна выкупіць у дзяржавы. Каб яна змагла пераставіць імбрык ці ўключыць дачцэ мульцікі ў тэлевізары, Ігар мусіць атрымаць дазвол на выкуп рэчаў.

Вось гэта сацыяльная арыентаванасьць па-беларуску! Адной рукой дзяржава пагражае гомельскім бацькам, што іх паставяць на ўлік і змогуць з часам адабраць дзяцей за тое, што яны загараюць на няправільным пляжы ці плаваюць у няправільным месцы. А другой рукой яна пакідае трохгадовую Паўліну Лосік без звычайных побытавых рэчаў, якія ў 2022 годзе ну ніяк нельга назваць прадметамі раскошы. Сацыяльна арыентаваная беларуская дзяржава спачатку забрала ў дзяўчынкі тату, а цяпер забірае мэблю, імбрык і тэлевізар.

У гэтай дзяржавы ёсьць безьліч нагодаў, інструкцый і тлумачэньняў, на якія яна абапіраецца, калі абараняе ці «абараняе» дзяцей ад бацькоў-небаракаў. Але дзе б узяць такую інструкцыю, якая патлумачыць, як абараніць Паўліну і іншых дзяцей ад самой гэтай дзяржавы? Што рабіць, калі людзі, якія мусяць хоць бы на ідэйным узроўні клапаціцца пра яе дабрабыт, забараняюць ёй карыстацца мэбляй, якая стаіць у яе кватэры?

Бацькоў-садыстаў можна пазбавіць бацькоўскіх правоў, але як адабраць уладу над дзіцем у чыноўнікаў-садыстаў? Як абараніць малое ад іх?

Вядома ж, вы можаце адказаць, што выезд за мяжу — вызваленьне ад гэтай улады, але фактычна гэта проста замена адных абмежаваньняў на іншыя. У іншай краіне ў Паўліны будзе імбрык і свабода ад аддзелу судовых выканаўцаў, але зусім ня будзе магчымасьці пабачыцца з бацькам. З бацькам, які ні ў чым не вінаваты і сядзіць у турме проста таму, што Аляксандар Лукашэнка хоча і далей кіраваць краінай. Сацыяльна арыентаванай краінай, як ён любіць падкрэсьліваць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG