Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя рэспубліканцы і дэмакраты заснавалі ў ЗША цэнтрысцкую партыю


Эндру Янг (справа) падчас дэбатаў дэмакратаў – кандыдатаў у прэзыдэнты. 27 чэрвеня 2019
Эндру Янг (справа) падчас дэбатаў дэмакратаў – кандыдатаў у прэзыдэнты. 27 чэрвеня 2019

Некалькі вядомых раней рэспубліканцаў і дэмакратаў абвясьцілі 27 ліпеня аб стварэньні ў Злучаных Штатах новай цэнтрысцкай палітычнай партыі.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

Старшынямі новай партыі, якая атрымала назву «Наперад» (Forward) будуць былы сябра Рэспубліканскай партыі губэрнатар Нью-Джэрзі Крыстын Тод Уітман і былы кандыдат у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі прадпрымальнік Эндру Янг.

Стварэньне новай партыі, паводле іх, — спроба прапанаваць альтэрнатыву тым амэрыканцам, хто расчараваны ў здольнасьці Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый адказваць на запатрабаваньні грамадзтва. Праграмы ў партыі пакуль няма, але яе арганізатары гавораць, што яна будзе прытрымлівацца цэнтрысцкіх пазыцый, яе асноўныя мэты — стварыць «справядлівую, квітнеючую эканоміку» і «даць амэрыканцам больш выбару падчас выбараў, больш веры ў працаздольную дзяржаву і больш гучны голас у прыняцьці рашэньняў аб будучыні краіны».

Асновай новай партыі стануць некалькі грамадзкіх рухаў, сфармаваных у апошнія два-тры гады былымі рэспубліканцамі і дэмакратамі, у тым ліку супрацоўнікамі рэспубліканскіх і дэмакратычных адміністрацый. Да наступных прэзыдэнцкіх выбараў у 2024 годзе партыя разьлічвае атрымаць рэгістрацыю ва ўсіх пяцідзесяці штатах і выставіць як свайго кандыдата ў прэзыдэнты, так і кандыдатаў у фэдэральныя і мясцовыя органы ўлады.

  • Да гэтага часу спробы стварэньня трэцяй буйной партыі ў ЗША заканчваліся няўдачай. Найбольш пасьпяховай была спроба былога прэзыдэнта Тэадора Рузвэльта, які ў 1912 годзе стварыў Прагрэсіўную партыю і набраў каля 27,5 працэнта галасоў выбарнікаў і 88 галасоў электараў, быўшы яе кандыдатам у прэзыдэнты ЗША. Звычайна кандыдаты ад дробных партый на прэзыдэнцкіх выбарах набіраюць долі працэнта галасоў амэрыканскага электарату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG