Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ў інтэрвію літоўскаму каналу LRT: «Многія беларусы зьяжджаюць у Літву, каб не ваяваць супраць Украіны»

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

За першыя месяцы гэтага года па від на жыхарства ў Літве ў Дэпартамэнт міграцыі зьвярнуліся больш за 10 тысяч беларусаў. Статыстыка паказвае, што гэтыя лічбы растуць.

У лютым від на жыхарства ў Літве атрымалі 1343 беларусаў, а ў чэрвені — ужо 2160 грамадзян Беларусі.

Беларуская апазыцыянэрка Сьвятлана Ціханоўская заявіла парталу LRT.lt, што беларусаў вымушаюць пераяжджаць у Літву ня толькі рэпрэсіі з боку ўладаў, але і нежаданьне ваяваць з украінцамі.

«Рэпрэсіі і падтрымка Пуціна дапамаглі яму захаваць уладу. Былі рэпрэсаваныя дзясяткі тысяч беларусаў, ужо 1260 чалавек прызнаныя палітвязьнямі. Напрыклад, 20-гадовая студэнтка Данута Перадня нядаўна атрымала 6,5 года турмы за адзін антываенны камэнтар у інтэрнэце. Наша краіна перажывае глыбокі палітычны крызіс, які цяпер суправаджаецца гуманітарным, эканамічным і дэмаграфічным крызісам. Сотні тысяч беларусаў з 9,5 мільёна насельніцтва краіны пакінулі Беларусь».

Каб не ісьці ваяваць, мужчыны прыдатнага для войска веку выбіраюць ад’езд зь Беларусі. Бізнэс таксама выяжджае.

«Каб не падтрымліваць рэжым фінансава, бізнэс таксама зьяжджае з краіны. Такім чынам, яны скарачаюць рэсурсы рэжыму, каб ён аслабеў і мы маглі яго перамагчы. Беларусы, якія засталіся ў краіне, працягваюць змагацца, нягледзячы на рэпрэсіі, бо ведаюць, што толькі пераход Беларусі на дэмакратычны шлях разьвіцьця можа гарантаваць няўдзел беларускага войска ў вайне і прыдатныя ўмовы для вяртаньня беларусаў дадому», — сказала Ціханоўская.

Намесьнік аналітыка Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў RESC Максімас Мілта заявіў парталу LRT.lt, што рост колькасьці відаў на жыхарства, выдадзеных беларусам у Літве, ня варта зьвязваць выключна з вайной ва Ўкраіне. Паводле яго, працэдура выдачы дазволаў займае некалькі месяцаў, гэта значыць, што беларусы, якія прыехалі ў Літву, зьвярталіся па некаторыя дазволы, выдадзеныя сёлета, яшчэ летась.

На пытаньне, ці зьяўляецца рост колькасьці беларусаў, якія пакідаюць краіну, галаўным болем для дыктатара Лукашэнкі, Мілта палічыў, што нелегітымны кіраўнік ня будзе пра гэта думаць у кароткатэрміновай пэрспэктыве, але ў доўгатэрміновай рэжым адчуе наступствы. Асабліва праз прадстаўнікоў ІТ-сэктару, бо ён складае значную частку ВУП Беларусі. Акрамя таго, гэтыя людзі «ня вераць догмам прапаганды рэжыму», лічыць Мілта.

XS
SM
MD
LG