Выступаючы на форуме па бясьпецы ў Аспэне (ЗША), Мур заявіў, што Расея хутка сутыкнецца з праблемамі ў пастаўках для сваіх войскаў ва Ўкраіне.
«У найбліжэйшыя некалькі тыдняў расейцам будзе ўсё больш цяжка пастаўляць вайскоўцаў і матэрыялы. Ім давядзецца зрабіць нейкую паўзу, і гэта дасьць магчымасьць украінцам нанесьці ўдар у адказ», — цытуе Мура брытанскае выданьне Financial Times.
Паводле кіраўніка MI6, посьпехі Расеі ў ваеннай кампаніі апошнім часам былі вельмі абмежаваныя. Ён падкрэсьліў, што для Ўкраіны вельмі важна прадэманстраваць сваю здольнасьць нанесьці ўдар у адказ па расейскіх войсках.
«Гэта будзе важным напамінам для астатняй Эўропы аб тым, што ўкраінцы могуць выйграць гэтую кампанію, таму што нас чакае даволі цяжкая зіма», — сказаў ён. «Я не хачу выглядаць як пэрсанаж з „Гульні тронаў“, але набліжаецца зіма, і відавочна, што ў такой атмасфэры з такім ціскам на пастаўшчыкоў газу і ўсё астатняе нас чакаюць цяжкія часы».
Мур таксама заклікаў да актыўнай заходняй падтрымкі Ўкраіны, патлумачыўшы, што ў шырэйшым геапалітычным кантэксьце гэта паўплывае на намеры Кітаю.
«Адна з прычын, чаму так важна, каб мы стойка трымаліся адносна Украіны... і каб мы дапамаглі ўкраінцам перамагчы або прынамсі весьці перамовы з пазыцыі значнай сілы, гэта тое, што Сі Цзіньпін назірае за гэтым як ястраб», — сказаў Мур.
Кіраўнік брытанскай выведкі занепакоены, што, паколькі кіраўнік Кітаю мае «вельмі ўкаранёны наратыў» пра слабасьць Захаду, расейская вайна ва Ўкраіне можа прымусіць Сі Цзіньпіна недаацаніць моц ЗША і прывесьці да неабдуманых дзеяньняў у пытаньні Тайваню.