Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запрасіў для журналісткі Ірыны Слаўнікавай 4 гады зьняволеньня


Ірына Слаўнікава
Ірына Слаўнікава

Слаўнікаву абвінавачваюць у «арганізацыі пратэстаў» і «кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем». Вырак ёй чакаецца 2 жніўня.

Закрыты працэс над журналісткай TVP Ірынай Слаўнікавай пачаўся 23 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе. У той жа дзень у судзе абвесьцілі перапынак да 6 ліпеня.

Падрабязнасьці разгляду справы журналісткі да гэтага моманту невядомыя.

Сёньня стала вядома, што пракурор запрасіў для Слаўнікавай, якую вінавацяць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК) і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 1 арт. 361-1 КК), 4 гады зьняволеньня.

Пра гэта напісала ў лісьце на волю сама Ірына, паведамляе БАЖ.

Чакаецца, што 2 жніўня аб 11 гадзіне адбудзецца апошняе судовае паседжаньне ў Гомельскім абласным судзе над Ірынай Слаўнікавай, журналісткай TVP.

Ірына выступіць з апошнім словам і, хутчэй за ўсё, будзе вынесены прыгавор. Дзяржабвінаваўцам выступае Ірына Падкавырава, якая запытала 4 гады калёніі. Падчас спрэчак бакоў выступіў адвакат Уладзімер Пыльчанка, на працягу 4 гадзін аргумэнтавана разьбіваў надуманыя абвінавачаньні, –гэта стала вядома з ліста Ірыны свайму мужу.

Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі 30 кастрычніка 2021 году ў менскім аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку. Сужэнцы адседзелі па 30 дзён адміністрацыйнага арышту: першыя 15 нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», другія 15 – за «дробнае хуліганства».

Празь нейкі час стала вядома, што Ірына Слаўнікава зрабілася падазраванай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). А ў канцы красавіка 2022 году бацька Ірыны Аляксандар Слаўнікаў даведаўся, што ягонай дачцэ выставілі новае абвінавачаньне – «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня».
На пачатку чэрвеня Ірыну зь менскага СІЗА на Валадарскага перавялі ў гомельскае СІЗА-3.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG