Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А калі Расея ня будзе пастаўляць газ? Які плян мае Эўразьвяз


Газавы кампрэсар. Ілюстрацыйная выява
Газавы кампрэсар. Ілюстрацыйная выява

Калі пасьля завяршэньня плянавага рамонту не пачне працаваць «Паўночны паток» і Расея не адновіць пастаўкі газу, то ў сілу ўступіць газавая дырэктыва ЭЗ, прынятая ў 2017 годзе і накіраваная на гарантаваньне энэргетычнай бясьпекі, своеасаблівы экстраны плян у газазабесьпячэньні.

Краіны ЭЗ ў ім падзеленыя на рэгіянальныя групы, якія аб'ядноўваюць агульныя рызыкі. Адна група, напрыклад балтыйскія дзяржавы і Фінляндыя, якія цалкам былі залежныя ад расейскага газу і ўжо часткова знайшлі альтэрнатыву пастаўкам з РФ. У другую групу ўваходзяць Партугалія, Гішпанія і Францыя, якія атрымлівалі расейскі газ у невялікіх абʼёмах і адмова ад расейскіх паставак газу непасрэдна іх не закране, піша DW.

У выпадку крызісу краіны – удзельніцы пляну абавязаны праяўляць салідарнасьць і пастаўляць адна адной газ, а таксама абменьвацца інфармацыяй. Акрамя таго, дзяржавы ЭЗ павінны да пачатку наступнага ацяпляльнага сэзону ў Эўропе запоўніць газасховішчы на 80 працэнтаў. Але экспэрты гавораць пра тое, што бяз самага галоўнага пастаўшчыка газу, Расеі, ускладняюцца як узаемныя пастаўкі, так і напаўненьне газасховішчаў.

Хто каму будзе дапамагаць

Нямеччына — самы буйны спажывец расейскага газу ў Эўропе і важная транзытная краіна, празь якую па газаправодзе «Паўночны паток» і іншым адбываюцца пастаўкі газу ў Эўропу. Але што адбудзецца, калі Нямеччына перастане атрымліваць расейскі газ? Ці будзе яна ў гэтым выпадку пастаўляць газ, які атрымліваецца з Нарвэгіі ці Нідэрляндаў, іншым краінам ЭЗ, хаця сама будзе адчуваць дэфіцыт? Дэфіцыт мусіць быць зьліквідаваны сумеснымі намаганьнямі. Чэхія, напрыклад, цалкам залежная ад газу, які паступае па газаправодзе празь Нямеччыну. Як і Польшча, якая атрымлівае газ, які пастаўляецца па «Паўночным патоку» і ідзе далей праз Нямеччыну. Швайцарыя таксама цалкам залежыць ад паставак газу праз ФРГ. Дырэктыва ЭЗ на экстраны выпадак прадугледжвае, што газ будзе прапаноўвацца толькі тым краінам, якія самі абʼявілі аб надзвычайнай сытуацыі і зрабілі ўсё магчымае, каб скараціць спажываньне.

Баўгарыя, якой ужо не пастаўляе паліва непасрэдна «Газпром», атрымлівае расейскі газ праз турэцкі газаправод і накіроўвае яго далей у Вугоршчыну і Сэрбію.

Эўрапейская камісія ўжо даўно заклікала краіны – чальцы ЭЗ да заключэньня двухбаковых дамоўленасьцяў аб салідарных пастаўках газу, таму што ў Брусэлі няма цэнтралізаванага разьмеркаваньня з дапамогай квот і такіх мер. Да нядаўняга часу Нямеччына заключыла тры пагадненьні: з Даніяй, Аўстрыяй і Чэхіяй. Іншыя дамоўленасьці дасягнутыя паміж Латвіяй і Літвой, Эстоніяй і Латвіяй, Фінляндыяй і Эстоніяй, а таксама паміж Італіяй і Славеніяй.

Але найбольшая праблема —​ замала газу ў наяўнасьці

Пад вялікім ціскам чальцы ЭЗ спрабуюць знайсьці альтэрнатыву. Балтыйскія краіны і Нямеччына робяць стаўку на звадкаваны газ з Блізкага Усходу або ЗША, які часткова павінен паступіць у плывучыя тэрміналы, якія яшчэ будуюцца. Італія купляе газ у Альжыры і Азэрбайджане. Дадатковы газ з Нарвэгіі, ААЭ, Альжыру і Нідэрляндаў будзе прадавацца па павышанай цане.

Але ўсяго гэтага, паводле ацэнкі Эўракамісіі, будзе недастаткова, каб замяніць пастаўкі расейскага газу. Таму Брусэль заклікае эканоміць і абмежаваць спажываньне газу для грамадзкай інфраструктуры. Эўракамісія прадставіць свой плян на наступным тыдні ў сераду. У ім прадугледжана, што электраэнэргія, якая вырабляецца на газавых электрастанцыях, у крайнім выпадку павінна пастаўляцца для забесьпячэньня патрэб хатніх гаспадарак. А ўжо пасьля гэтага — для прамысловых прадпрыемстваў. Эўракамісія мае намер устанавіць правілы, згодна зь якімі грамадзкія будынкі, установы, працоўныя месцы павінны ацяпляцца толькі да тэмпэратуры ў 19 градусаў. Плятформа для сумеснай куплі газу краін ЭЗ ёсьць, але яшчэ не працуе. Паводле разьлікаў Эўракамісіі, такая эканомія энэргіі пакрые толькі траціну газу, які атрымліваецца з РФ. А што застатнімі дзьвюма трацінамі? Гэтае пытаньне міністры будуць вырашаць на экстраным паседжаньні 26 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG