Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Эўракамісіі і прэзыдэнт Азэрбайджану падпісалі пагадненьне аб павелічэньні паставак азэрбайджанскага газу ў ЭЗ


Уршуля фон дэр Ляен і Ільхам Аліеў
Уршуля фон дэр Ляен і Ільхам Аліеў

Старшыня Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен і прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў падпісалі мэмарандум аб энэргетычным супрацоўніцтве.

Гаворка ў дакумэнце ў тым ліку ідзе пра падваеньне магутнасьцяў Паўднёвага газавага калідору. Чакаецца, што імпарт азэрбайджанскага газу ў Эўразьвязу да 2027 году вырасьце больш чым у два разы.

«Сёньняшнім пагадненьнем мы абавязуемся пашырыць Паўднёвы газавы калідор, каб падвоіць пастаўкі газу з Азэрбайджану ў ЭЗ, — адзначыла Уршуля фон дэр Ляен. — Гэта вельмі важны маршрут для ЭЗ, па якім цяпер пастаўляецца больш за 8 млрд кубамэтраў газу ў год. Празь некалькі гадоў мы пашырым яго прапускную здольнасьць да 20 млрд. кубамэтраў. Ужо ў наступным годзе мы павінныя выйсьці на ўзровень 12 млрд. кубамэтраў. Гэта дапаможа кампэнсаваць скарачэньне паставак расейскага газу і ўнясе значны ўклад у гарантаваньне бясьпекі Эўропы».

Паводле яе словаў, іншым важным момантам супрацоўніцтва зьяўляюцца аднаўляльныя крыніцы энэргіі, Азэрбайджан мае вялікі патэнцыял у гэтай галіне. «Сёньня мы закладаем падмурак для новага партнэрства ў гэтай галіне. І мы абавязуемся скараціць выкіды мэтану па ўсім ланцужку паставак газу», — дадала яна.

У сярэдзіне чэрвеня гэтага года Эўразьвяз, Ізраіль і Эгіпет падпісалі пагадненьне аб пастаўках ізраільскага прыроднага газу ў краіны ЭЗ праз эгіпецкія тэрміналы.

У адпаведнасьці з пагадненьнем, Эўразьвяз мае намер аказаць дапамогу Ізраілю і Эгіпту ў разьвіцьці іх газавай галіны. Гэта дазволіць Ізраілю паскорыць распрацоўку трэцяга радовішча. Эгіпет, у сваю чаргу, зможа накіраваць частку атрыманых ад ЭЗ сродкаў на мадэрнізацыю абсталяваньня газаперапрацоўчых заводаў, на якіх ізраільскі газ пераводзяць у звадкаваны стан і ў такім выглядзе танкерамі перавозяць да ўзьбярэжжа эўрапейскага кантынэнту.

«Вядома, што вайна Расеі супраць Украіны выявіла залежнасьць Эўразьвязу ад расейскіх энэрганосьбітаў, і мы хочам пазбавіцца гэтай залежнасьці», — падкрэсьліла кіраўніца Эўракамісіі падчас цырымоніі падпісаньня пагадненьня з прадстаўнікамі Ізраілю і Эгіпту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG