Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы галоўнакамандуючы NATO прагназуе «замарожаны канфлікт» ва Ўкраіне

Адмірал Джэймз Стаўрыдыс (архіўнае фота)
Адмірал Джэймз Стаўрыдыс (архіўнае фота)

Былы галоўнакамандуючы Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Эўропе Джэймз Стаўрыдыс лічыць, што вайна Расеі супраць Украіны працягнецца яшчэ 4–6 месяцаў і завершыцца «замарожаным канфліктам» са стварэньнем дэмілітарызаванай зоны, як гэта было па выніках Карэйскай вайны.

Пра гэта Стаўрыдыс заявіў у эфіры амэрыканскай радыёстанцыі 77WABS.

Ён назваў «вельмі відавочным», што ваеннае супрацьстаяньне «захлынулася з абодвух бакоў». Ваенныя пляны прэзыдэнта Пуціна аказаліся ня надта эфэктыўнымі, расейская армія здолела захапіць толькі невялікія тэрыторыі ў параўнаньні з маштабнымі намерамі на пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, адзначыў Стаўрыдыс. У сваю чаргу, «украінцы вельмі моцна супраціўляюцца», але пасьля 4–6 месяцаў баёў ніводзін з бакоў ня зможа весьці баявыя дзеяньні з ранейшай інтэнсіўнасьцю, дадаў былы камандуючы сіламі NATO.

Карэйская вайна працягвалася з 1950 па 1953 гады і завяршылася перамірʼем паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй. Пры гэтым афіцыйная мірная дамова дагэтуль не падпісаная, і фармальна абедзьве краіны ўсё яшчэ знаходзяцца ў стане вайны.

  • Расейскае войска ўварвалася ва Ўкраіну 24 лютага на загад Уладзіміра Пуціна, пачаўшы ваенныя дзеяньні па ўсёй тэрыторыі суседняй краіны. Найбольшых посьпехаў расейскія вайскоўцы дасягнулі ў першыя дні, узяўшы пад кантроль Херсон і частку тэрыторыяў поўдня Ўкраіны, тэрыторыі на поўначы, а таксама большую частку Луганскай вобласьці. Пасьля расейскія войскі сышлі з паўночных раёнаў Украіны, потым і з-пад Харкава, а баі ў Данбасе прынялі зацяжны пазыцыйны характар.
  • Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу праз тры месяцы пасьля пачатку вайны сьцьвярджаў, што наступ расейскіх войскаў ва Ўкраіне запавольваецца сьвядома, каб даць магчымасьць эвакуавацца цывільным грамадзянам і пазьбегнуць ахвяраў сярод насельніцтва. Кіеў сьцьвярджае, што ўпарты супраціў украінскіх вайскоўцаў сарваў пляны Расеі на хуткую перамогу.

XS
SM
MD
LG