Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навоша: У сыстэме панылая абстаноўка, ніхто не адчувае сябе пераможцамі «змагароў»


Лукашэнка з чыноўнікамі, 2021 год
Лукашэнка з чыноўнікамі, 2021 год

Беларускі мэдыямэнэджар і стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com Дзьмітры Навоша расказвае, у якой сытуацыі пасьля двух гадоў рэпрэсіяў апынуўся беларускі спорт, ацэньвае яго пэрспэктывы, а таксама разважае пра палітычную сытуацыю ў краіне і агучвае магчымую тактыку дзеяньняў для беларусаў ва ўмовах татальных рэпрэсій і абмежаваньня незалежнасьці Беларусі.

«Цяпер беларускі спорт гэта настолькі ж экзатычная гісторыя, як спорт Паўночнай Карэі»

— Якое апошняе дасягненьне беларускага спартоўца прымусіла ганарыцца?

— Я ня буду гаварыць пра канкрэтнае спартовае дасягненьне. Мае самыя моцныя пачуцьці, зьвязаныя зь беларускімі спартоўцамі, былі рэакцыяй на іхныя ўчынкі 2020 году і пазьней. Гэта была іх учынкі пасьля выбараў, якія прайграў Лукашэнка, пасьля задушэньня грамадзянскай супольнасьці.

— Ці беларускі спорт яшчэ існуе?

— Ён ня можа зусім не існаваць. Усё роўна нейкія матчы адбываюцца, хтосьці з кімсьці гуляе, адбываюцца нейкія забегі. Гэта, вядома ж, тое, чаго нельга перамагчы цалкам. Але гаварыць пра беларускі спорт як пра нешта сур’ёзнае цяпер, асабліва пасьля аднаўленьня вайны ва Ўкраіне і ўсіх санкцыяў, не даводзіцца. Цяпер беларускі спорт гэта настолькі ж экзатычная гісторыя, як спорт Паўночнай Карэі або Альбаніі часоў Энвэра Годжы. Там таксама існаваў спорт. Але ці існавала там нешта сур’ёзнае і цікавае? Не.

— Што ў беларускім спорце засталося цікавага?

— Калі мы пойдзем па фактах, па асноўных праявах беларускага спорту, то мы вельмі хутка пабачым дэградацыю. Апошняя Алімпіяда — 7 мэдалёў, гэта найгоршы вынік за некалькі дзесяцігодзьдзяў, за ўсе гады Лукашэнкі. Папярэдняя Зімовая алімпіяда — таксама правал. Футбольныя клюбы летась вылецелі на першым жа раўндзе з усіх эўракубкаў. Тое самае ў гэтым годзе, за выключэньнем менскага «Дынама», якое змагло перамагчы свайго карлікавага суперніка. Трэба разумець, што ў першых раўндах эўракубкаў беларусы граюць зусім не з «Баварыяй» ці «Чэлсі», а з кампаніямі з Альбаніі або Македоніі. Упершыню менскае «Дынама» здолела перамагчы свайго суперніка. Папярэднія 12 спробаў праваліліся, уключаючы такія багатыя беларускія клюбы, як «Шахтар» і «БАТЭ». У хакеі поўны правал. Калі б з апошняга чэмпіянату сьвету выляталі нейкія каманды, то зборная Беларусі вылецела б. Але беларускую каманду больш не дапускаюць да чэмпіянатаў сьвету ў хакеі.

— Чаго мы можам чакаць? Па сутнасьці, усе навіны зьвязаныя з дыскваліфікацыямі і нядопускамі. У рэдкіх выпадках асобныя спартоўцы ўсё ж будуць атрымліваць допуск на нейкія міжнародныя спаборніцтвы. Яны ўдзельнічаюць у расейскіх спаборніцтвах. Але каму гэта цікава, апрача людзей, якім трэба пісаць справаздачы недзе наверх. Мы бачым гэта па цікавасьці аўдыторыі. Такія падзеі ёй нецікавыя. Мы бачым гэта і па матывацыі саміх спартоўцаў. А люблю гаварыць пра спорт, як пра рэч, якая даволі поўна адлюстроўвае працэсы, якія адбываюцца ў краіне. Беларусі спорт цалкам рэпрэзэнтатыўны. Я і мае калегі даволі шмат камунікуем зь людзьмі з сыстэмы. Былі ў нас інтэрвію ў чыноўнікамі, якія ананімна расказваюць пра атмасфэру ўнутры. І гэтая абстаноўка даволі панылая. Ніхто там не адчувае сябе пераможцамі ўмоўных «змагароў». Па спорце гэтае супрацьстаяньне прайшло вельмі жорстка. Больш за 2 тысячы спартоўцаў падпісалі ліст за сумленныя выбары супраць Лукашэнкі і супраць гвалту. Рэшту спартоўцаў арганізоўвалі на сустрэчны ліст, супраць сумленных выбараў і за гвалт. І пераможцы не адчуваюць сябе пераможцамі, бо яны не атрымліваць міжнародных спаборніцтваў, іхныя заробкі моцна ўпалі, бо яны часта складаліся з дадаткаў міжнародных спаборніцтваў. Але галоўнае, што зьніклі спаборніцтвы такога ўзроўню. А кар’ера спартоўца вельмі кароткая. Калі твая кар’ера трапляе на такі пэрыяд, то гэта катастрофа.

«Тыя, хто вырашыў прамаўчаць, адчувалі сябе самымі хітрымі, дык яны таксама ў выніку апынуліся ні з чым»

— Ці слушным было рашэньне пазбавіць беларускіх спартоўцаў міжнародных спаборніцтваў?

— Мы жывём у Эўропе, а тут цяпер вайна. І мы ня можам быць па-за парадкам дня. Гэта самая жахлівая за апошнія 80 гадоў вайна ў Эўропе. Больш за 100 украінскіх спартоўцаў загінулі, звыш 3 тысяч спартоўцаў служаць цяпер на фронце. Украінскі каратыст, алімпійскі прызэр Станіслаў Гарун выставіў на аўкцыён «Трыбуны» свой бронзавы алімпійскі мэдаль, які ён заваяваў у Токіё. Прадаў яго за 20 тысяч даляраў, якія адразу ж пайшлі на ўкраінскую армію. Давайце спытаем украінскіх спартоўцаў, наколькі яны спачуваюць беларускім спартоўцам, якія апынуліся ў гэтай сытуацыі? Я думаю, што гэтае спачуваньне павінна быць такім жа, якое беларускія спартоўцы выказваюць украінцам. І тут мы бачым вельмі канкрэтны падзел. Усе тыя спартоўцы, якія выступалі ў Беларусі за сумленныя выбары і супраць паліцэйскага гвалту, яны выступаюць супраць вайны ва Ўкраіне. Тыя, хто вырашыў прамаўчаць, у нейкі момант, напэўна, адчувалі сябе самымі хітрымі, дык яны таксама ў выніку апынуліся ні з чым. Ці спачуваю я ім? Не. Таму я ня маю чым запярэчыць на рашэньне пазбавіць беларускіх і расейскіх спартоўцаў міжнародных спаборніцтваў.

— Ці ёсьць пасьпяховыя спартовыя кар’еры тых спартоўцаў, якія былі вымушаныя зьехаць за мяжу?

— Возьмем Кацярыну Сныціну, якая працягвае сваю спартовую кар’еру. Хто ня памятае, гэта капітан беларускай зборнай у баскетболе, той самай, якая здабывала мэдаль чэмпіянату Эўропы. Яна працягвае вельмі пасьпяховую кар’еру, і пры гэтым ані на тыдзень не выключаецца зь беларускага парадку дня. Гэта прыклад спартоўца, які прымушае мяне і сёньня ганарыцца тым, што я беларус. Каця добра жыве за мяжой, але пры гэтым не забывае пра Беларусь, яна падтрымлівае розныя актыўнасьці. Але ёсьць і спартоўцы, якія сутыкнуліся зь цяжкасьцямі. Дачку лыжніка Сяргея Далідовіча не дапусьцілі да міжнародных турніраў, ёй давялося эміграваць, і міне час, пакуль ёй дазволяць атрымаць новае спартовае грамадзянства. Крысьціна Ціманоўская таксама праходзіць працэс адаптацыі ў Польшчы, і гэта таксама адбываецца не без праблем. Але ў іх ёсьць сьвятло ў канцы тунэля, у адрозьненьне ад спартоўцаў, якія змоўчалі.

«Рэпрэсіі цяпер будуць пастаянна, бо яны працуюць»

— Вы параўноўвалі Лукашэнку з жывёлінай, сьмяротна параненай падзеямі 2020 году. Ці можна лічыць рэпрэсіі ў Беларусі супраць апанэнтаў улады ягоным акрыяньнем?

— Мая ацэнка па-ранейшаму актуальная. Лукашэнка ўчэпіста трымаецца як чалавек, які не аддае ўладу, але ўжо не як прэзыдэнт Беларусі. Яго ўжо ніхто так не называе, за рэдкім выключэньнем Расеі і некалькіх краін-ізгояў. На жаль, ужо няма ніякай Рэспублікі Беларусь, у нас хутчэй нейкі праваслаўны султанат або нешта, на жаль, падобнае на «ДНР». Краіна знаходзіцца ў вельмі трагічным стане. Ня толькі спартоўцы, але і многія іншыя людзі, якія не знайшлі ў сабе сілы падтрымаць грамадзянскую супольнасьць у 2020 годзе і якія палічылі, што іх пранесла, калі пачаліся рэпрэсіі, ці адчуваюць яны сябе пераможцамі, што яны на баку праўды, і шчасьлівымі? Я ня ўпэўнены. Я лічу, што мы знаходзімся ў нейкай агоніі лукашэнкаўскага рэжыму. Калі яна расьцягнецца на 4-5 гадоў, то, з пункту гледжаньня гісторыі, гэта хутка, але з пункту гледжаньня чалавечага жыцьця гэта шмат. Гэта гады жыцьця ў турме тых цудоўных людзей, якія знайшлі сілы выступаць супраць дыктатуры, гэта гады дэградацыі краіны, загінулыя людзі.

— Як вы ставіцеся да спробы часткі апанэнтаў рэжыму аспрэчыць лідэрства Сьвятланы Ціханоўскай?

— З аднаго боку, усе гэтыя спрэчкі, дыскусіі і крыўды непазьбежныя. Нам, беларусам, давядзецца яшчэ вучыцца палітычнай культуры, спрэчцы, і пошуку кампрамісу. Мы дарасьлі як нацыя да таго, каб не давяраць уладзе. Узровень гэтага недаверу высокі, нягледзячы на пэўны рэванш прапаганды, які ўсё ж адбыўся за гэтыя 1,5 года. Перайсьці на наступны ўзровень, калі мы можам давяраць адзін аднаму і ўзаемадзейнічаць зь людзьмі, зь якімі не зусім згодныя, пакуль не атрымліваецца. Гэта адцягвае канец рэжыму Лукашэнкі. Але я б не сказаў, што беларусы ня могуць паміж сабою дамаўляцца. У момант выбараў умоўныя электараты Ціханоўскага і Бабарыкі, розныя людзі, знайшлі спосаб узаемадзейнічаць дзеля агульнай мэты. Менавіта таму тады, ва ўмовах дыктатары, быў неймаверны вынік. Цяпер гэты давер зьнішчаны. Мы праходзім пэрыяд разгрому, але няма іншага выйсьця як зь яго выходзіць. Украіна таксама праходзіць праз упадкі і дэпрэсію. Але калі ў цябе вайна, то ў цябе няма іншага выйсьця, як браць сябе за каўнер і пачынаць супраціўляцца. І акурат Украіна дэманструе адзінства ва ўмовах вельмі моцнага палітычнага супрацьстаяньня. Нагадаю, што да вайны рэйтынг Зяленскага падаў да 30%. Нам, беларусам, давядзецца прайсьці гэты шлях.

— Што можна рабіць у такой сытуацыі? Якой тактыкі вы трымаецеся сам?

— Мая асабістая тактыка вельмі простая: рабі, што павінен, і будзе, што будзе. Добра робячы сваю справу і не забываючы пра грамадзкую карысьць, ты ўжо нешта робіш. Мы як СМІ, як людзі, якія камунікуюць з даволі шырокай аўдыторыяй, можам рабіць даволі шмат, проста расказваючы пра падзеі поўна і падрабязна. Рэпрэсіі цяпер будуць пастаянна. Лукашэнка — роўна рэпрэсіі і вайна. Яны таму і будуць працягвацца, бо яны працуюць. Гэты трук з запалохваньнем і маральным задушэньнем сапраўды працуе, і яны цяпер з задавальненьнем ціснуць на гэтую пэдаль з надзеяй, што гэта будзе падаўжаць ім жыцьцё. Але ў нейкі момант гэта перастане працаваць, бо павінна набірацца крытычная маса беларусаў для сумеснага дзеяньня. Нават гаворачы пра мірныя спосабы, далёка ня ўвесь патэнцыял выкарыстаны. Яшчэ не было магутных акцыяй эканамічнага байкоту лукашысцкіх прадпрыемстваў ці ягоных бізнэсоўцаў. Не на ўзроўні аплікацыі «Крама», а масавых. Не было праславутых страйкаў. Людзям нешта давядзецца ў выніку рабіць, бо так складзецца жыцьцё. Яно само іх прымусіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG