Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былую супрацоўніцу расейскага Першага каналу Марыну Аўсяньнікаву затрымалі і выпусьцілі з пратаколам. Што ёй закідаюць

Марына Аўсяньнікава
Марына Аўсяньнікава

У нядзелю Аўсяньнікаву затрымалі падчас прагулкі ў Падмаскоўі. Каля поўначы зьявіліся паведамленьні, што яе адпусьцілі з аддзелу паліцыі з пратаколам паводле артыкулу аб дыскрэдытацыі Ўзброеных сіл РФ. Пра гэта паведаміў адвакат ад «АВД-Інфа» Дзьмітры Захватаў, які абараняў яе правы.

У камэнтары тэлеграм-каналу «Можам растлумачыць» Марына Аўсяннікава сказала, што прычынай справы аб «дыскрэдытацыі» арміі сталі словы пра тое, што вайна — гэта «ашалелая спроба (Пуціна) утрымаць уладу ў сваіх руках».

Два дні таму Марына Аўсяньнікава зладзіла адзіночны пікет на фоне Крамля, разгарнуўшы плякат з надпісам «Пуцін — забойца, яго салдаты — фашысты» і фатаздымкамі дзяцей, якія загінулі ва Ўкраіне. Тады яе не затрымалі.

  • 14 сакавіка жывы эфір праграмы «Время» на Першым канале расейскай тэлевізіі быў спынены антываеннай акцыяй, якая выклікала рэзананс ва ўсім сьвеце. У той час як вядоўца праграмы «Время» Кацярына Андрэева, седзячы ў студыі, расказвала пра пляны ўраду ў зьмякчэньні наступстваў ад заходніх санкцый, у студыю ўбегла рэдактарка праграмы Марына Аўсяньнікава і стала за сьпінай у Андрэевай з плякатам: «Спыніце вайну. Ня верце прапагандзе. Тут вам хлусяць». Акрамя таго, Аўсяньнікава выклала ў сеціва відэазварот, у якім заклікала расейцаў пратэставаць супраць расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне. Пазьней яна была затрыманая, а затым аштрафаваная судом на 30 тысяч рублёў за заклік да незаконных акцый пратэсту.
  • Пасьля гэтага Аўсяньнікава звольнілася зь Першага каналу і некалькі месяцаў правяла за мяжой, у тым ліку ва Ўкраіне, ня раз выказваючыся з асуджэньнем вайны, у тым ліку ў рэзкай форме. Тры месяцы яна стажавалася ў нямецкім выданьні Die Welt. У пачатку ліпеня журналістка аб’явіла аб вяртаньні ў Расею, мэтай яна назвала ўдзел у судовым працэсе аб лёсе яе непаўналетняй дачкі: Аўсяньнікава дамагаецца, каб па рашэньні суду яна жыла зь ёй, а не зь яе былым мужам, які працуе на тэлеканале Russia Today.

XS
SM
MD
LG