Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гішпаніі прызнаюць незаконным дыктатарскі рэжым Франка


Рабочыя дэмантуюць статую былога гішпанскага дыктатара Франсіска Франка. Гэта быў апошні помнік Франка ў Гішапніі. Люты, 2021 год.
Рабочыя дэмантуюць статую былога гішпанскага дыктатара Франсіска Франка. Гэта быў апошні помнік Франка ў Гішапніі. Люты, 2021 год.

Кангрэс дэпутатаў Гішпаніі ўхваліў новы закон аб гістарычнай памяці. У дакумэнце рэжым былога дыктатара генэрала Франсіска Франка аб’яўлены незаконным, а гішпанскі ўрад абавязаны садзейнічаць у пошуках ахвяр франкізму.

Пра гэта паведамляе агенцтва Associated Press.

Згодна з законапраектам, суды падчас дыктатуры Франка 1939–1975 гадоў і іх рашэньні прызнаюцца незаконнымі. Законапраект забараняе любое ўслаўленьне былога дыктатара, а таксама дзейнасьць фонду Франсіска Франка — прыватнай установы, якая займаецца захаваньнем спадчыны аўтакрата.

Акрамя таго, у адпаведнасьці з новым законам урад Гішпаніі павінен будзе скласьці мапы месцаў, дзе могуць быць знойдзены целы зьніклых бязь вестак падчас рэжыму Франка. Колькасьць тых, хто быў забіты і пахаваны ў безназоўных магілах, даходзіць да ста тысяч чалавек. Таксама ўрад заснуе банк ДНК для палягчэньня ідэнтыфікацыі ахвяр франкізму.

Наконт законапраекта ў Кангрэсе дэпутатаў узьніклі рознагалосьсі. Адны лічылі, што ён зайшоў занадта далёка, іншыя — наадварот, што зроблена недастаткова. Левай кааліцыйнай большасьці спатрэбілася падтрымка невялікіх рэгіянальных партый, каб правесьці законапраект. Вядучая апазыцыйная кансэрватыўная Народная партыя паабяцала адмяніць яго, калі выйграе выбары ў наступным годзе.

Цяпер законапраект павінен ухваліць гішпанскі Сэнат, пасьля чаго ён стане законам. Чакаецца, што гэта адбудзецца на наступным тыдні.

У кастрычніку 2019 года пасьля шматгадовых спрэчак цела дыктатара Франсіска Франка было вынесена з маўзалея і пахавана ў фамільным склепе побач зь яго жонкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG