Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Безь Ціханоўскай і Латушкі. Як у Бэрліне прайшоў форум дэмакратычных сілаў Беларусі


Валер Цапкала. Архіўнае фота
Валер Цапкала. Архіўнае фота

Частка беларускай апазыцыі на чале з Валерам і Веранікай Цапкаламі шукала на форуме ў Бэрліне новых лідэраў і вырашыла стварыць новую структуру. Пра гэта — рэпартаж DW.

«Самая галоўная дэмакратычная пляцоўка Беларусі, запрошаныя ўсе», — ролікам з такімі словамі арганізатары II Форуму дэмакратычных сіл, які праходзіў 11-12 ліпеня ў Бэрліне, адкрывалі працоўныя панэлі. Адным з галоўных арганізатараў выступіў экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў (ПВТ) Валер Цапкала, які быў прадстаўлены ў праграме і як кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах у 2020 годзе.

У роліку выкарыстоўвалі кадры з масавых перадвыбарных мітынгаў вясны-лета 2020 году, аднак ніводнага — са Сьвятланай Ціханоўскай або Марыяй Калесьнікавай. Зь вядомага беларускага трыё на відэа засталася толькі Вераніка Цапкала, жонка Валерыя, якая ўдзельнічала ў кампаніі аб’яднаных штабоў.

Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава, Менск, 20 ліпеня 2020
Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава, Менск, 20 ліпеня 2020

Спачатку — гімн Украіны

Форум пачаўся выкананьнем гімну Ўкраіны і хвілінай маўчаньня па загінулых у баях ва Ўкраіне беларусам. Затым арганізатары абвясьцілі збор сродкаў для Ўзброеных сілаў Украіны.

Як заўважыў мадэратар Анатоль Котаў, форум — адкрытая пляцоўка, тут «сустракаюцца людзі, якія ня вельмі любяць адзін аднаго. Гэта дэмакратыя, трэба вучыцца сядзець за адным сталом, вучыцца размаўляць».

За гэтым сталом, праўда, не было першых асобаў беларускай апазыцыі — Сьвятланы Ціханоўскай, якую на Захадзе прымаюць як легітымнага лідэра, і Паўла Латушкі, кіраўніка Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва. Хаця на форум яго арганізатары запрашалі ўсіх.

Незадоўга да форуму Ціханоўская і Латушка правялі сустрэчу ў Варшаве, прадэманстравалі адзінства, анансавалі кангрэс беларусаў і стварэньне нацыянальна-вызвольнага руху. Зрэшты, Ціханоўская і без асабістай прысутнасьці стала галоўнай тэмай форуму ў Берліне.

«Учора сьціплая хатняя гаспадыня..»

Адкрыўся ён выступам 85-гадовага экс-сьпікера Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня Сямёна Шарэцкага.

Тон выступу Шарэцкага аказаліся нечакана рэзкім. Ён завочна зьвярнуўся да Ціханоўскай: «Няхай бы Ленін зірнуў на рэалізацыю яго ідэі: кожная кухарка будзе кіраваць дзяржавай. Па вашым выглядзе, вы нічым не заклапочаныя, вы самаздаволеныя».

Экс-сьпікер таксама абвінаваціў Ціханаўскую ў тым, што яна не прыняла прысягу ў якасьці прэзыдэнта і заклікала да «кветкавых шэсьцяў і дваровых вячорак».

Сямён Шарэцкі
Сямён Шарэцкі

«Праявіце годнасьць»

Валер Цапкала не стаў прамаўляць доўгую прывітальную прамову, толькі падзякаваў прысутным і паведаміў, што прадстаўнікі нямецкіх дзелавых колаў і фондаў падыдуць вечарам — з раніцы не змаглі. Прадстаўнікоў уладаў Нямеччыны ў праграме заяўлена не было.

Далей арганізатары форуму паказалі ў запісе пажаданьне Алега Алкаева, былога начальніка СІЗА-1, аўтара кнігі «Расстрэльная каманда»: «Прашу быць больш памяркоўнымі адзін да аднаго. Каб высьвятляць адносіны, ня варта так далёка ехаць. Робіцца гэта ўсё ў цішыні, у іншых месцах і пажадана без публічнасьці. Праявіце годнасьць», — дадаў Алкаеў.

«Перамога Беларусі залежыць ад перамогі Ўкраіны»

Тэмы вайны Расеі ва Ўкраіне і акупацыі Беларусі сталі асноўнымі ў першы дзень работы форуму. Яго ўдзельнікі гаварылі пра стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў, пра візавыя праблемы, зь якімі сутыкнуліся беларусы, пра дэпартацыю беларускіх актывістаў з Украіны. Гучалі заявы аб тым, што «перамога Ўкраіны немагчымая безь перамогі Беларусі», а «перамога ў Беларусі залежыць ад зыходу вайны ва Ўкраіне».

Важны пасыл спрабавалі данесьці эўрапейскія ўдзельнікі: цяпер, паводле іх, усе погляды накіраваныя на Ўкраіну, Беларусь не забудуцца, але сёньня яе праблемы для Эўропы далёка не першачарговыя. У прамовах выступоўцаў прагучалі ідэі стварыць свой банк і нават крыптабіржу, электронныя пашпарты, новыя структуры, а таксама займацца пошукам новых лідэраў. Але ў сярэдзіне другога дня зноў усплыло пытаньне лідэрства Ціханоўскай.

«Кім вы даводзіцеся Ціханоўскай?»

«У Офіса Святланы Ціханоўскай ёсьць мандат», — заявіў экс-бізнэсовец Вадзім Пракопʼеў, які на форуме спачатку абвясьціў, што «трапіў у незразумелую кампанію», а затым, задаўшы аўдыторыі некалькі пытаньняў, зрабіў выснову, што яна «не такая ўжо атрутная».

«Бяз нашых заходніх партнэраў нам дакладна не перамагчы. Патрэбны і палітычны рэсурс, і фінансавы, — удакладніў Пракопʼеў. — Які б куток уласнага пасіянарнага супраціву рэжыму мы ні выбудоўвалі, прыйдзем у адзін і той жа пункт. І гэты пункт будзе гучаць так: кім вы даводзіцеся Святлане Ціханоўскай? Гэта адзінае пытаньне, якое варта абмяркоўваць — не крыптабіржу і ня банкі».

У якасьці выйсьця Пракопʼеў прапанаваў «зрабіць з Ціханаўскай каралеву Лізавету, у якой будзе прэмʼер Чэрчыль, кіраўнік ваеннага кабінэту», бо «мы жывём у ваенны час». Але прапаноўваць кандыдатуру на ролю Чэрчыля ня стаў.

Тым ня менш выбіраць на форуме вырашылі не «прэмʼера», а яшчэ адну, новую структуру беларускай апазыцыі: Нацыянальную раду абʼяднаных дэмакратычных сілаў. Таксама было вырашана заснаваць беларускі вызвольны рух «як фронт фізычнай барацьбы з Лукашэнкам».

«Наўрад ці нешта з гэтага атрымаецца»

Камэнтуючы для DW вынікі форуму, палітоляг Павал Вусаў тлумачыць: тое, што адбылося ў Бэрліне, — вынік працэсу дэкансалідацыі беларускай апазыцыі, які намеціўся ў 2021 годзе. Тады, паводле яго, узьнікла некалькі ініцыятыў, якія спрабавалі рэалізоўваць уласную палітыку, прабіцца ў інфармацыйны парадак дня.

Шэраг ініцыятыў, напрыклад заклік да масавага страйку, не былі пасьпяховымі, і гэта, мяркуе палітоляг, прывяло да расколу і ўнутранай напружанасьці ў апазыцыі.

«Форум — спроба кансалідаваць тыя сілы, якія лічаць, што яны абдзеленыя прысутнасьцю ў асяродзьдзі Ціханоўскай, і хочуць перахапіць парадак дня, стварыўшы нейкі новы палітычны субʼект. Але наўрад ці з гэтага нешта атрымаецца», — рэзюмаваў Вусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG