Палітвязень Гундар спыніў галадоўку, — «Вясна»

Уладзімер Гундар, архіўнае фота
Уладзімер Гундар, архіўнае фота

61-гадовы фігурант «справы Аўтуховіча» Ўладзімер Гундар вырашыў спыніць галадоўку, бо «зьявіліся некаторыя вынікі», паведамілі праваабаронцы «Вясны». Таксама вядома, што Гундара — інваліда ІІ групы — прасіў спыніць галадоўку і Мікалай Аўтуховіч.

Палітвязень трымаў галадоўку з 30 чэрвеня, пратэстуючы супраць таго, што суд не рэагуе на яго патрабаваньні, а таксама як адказ на прымусовае разьдзяваньне перад працэсам. Праз гэта ён правёў 10 сутак у карцары.

Таксама стала вядома, што 11 ліпеня на знак пратэсту супраць блякаваньня карэспандэнцыі Мікалай Аўтуховіч падчас судовага паседжаньня абвясьціў «сухую» галадоўку.

61-гадовы Ўладзімер Гундар — адзін з абвінавачаных у «акце тэрарызму», праходзіць па «справе Аўтуховіча». Ён інвалід II групы, праз хваробу ня мае нагі.

11 ліпеня стала вядома, што Ўладзімера Гундара зноў прывялі на працэс толькі ў ніжняй бялізьне, каб ён «у вопратцы не схаваў чагосьці вострага і наўмысна не нашкодзіў сабе», піша «Мэдыязона» са спасылкай на жонку Гундара.

Паводле яе, перад кожным пасяджэньнем адзеньне Гундара «прасьвечвалі». Перад чарговай такой працэдурай ён адмовіўся аддаваць адзеньне і сказаў, што калі сілай будуць адбіраць, ён «ускрыецца». Пасьля гэтага канваіры распранулі яго і прынесьлі ў залю пасяджэньня ў адных трусах, «каб у адзеньні не схаваў нечага вострага», — расказала яна.

Таксама праваабаронцам стала вядома, што пакуль палітзьняволены быў у карцары, яму кожны дзень рабілі ўкол з абязбольвальным з прычыны моцнага болю ў сьпіне.

​
XS
SM
MD
LG