Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісаць вершы Купалу натхніў украінскі геній, а расейскі геній яго абураў. Цікавыя факты да 140-годзьдзя клясыка


Янка Купала і дом у Вязынцы, дзе ён жыў у дзяцінстве
Янка Купала і дом у Вязынцы, дзе ён жыў у дзяцінстве

7 ліпеня 1882 году нарадзіўся Іван Луцэвіч (Янка Купала), клясык беларускай літаратуры, паэт, драматург, публіцыст, выдатны дзеяч беларускага Адраджэньня пачатку XX стагодзьдзя. Мы сабралі цікавыя факты пра ягонае жыцьцё.

Пісаць вершы яго натхніў украінскі клясык

Вось як гэта апісваў сам Купала:

«З усіх пісьменьнікаў сьвету Шаўчэнка самы моцны духам. Ён мужны, як сам народ. Я не магу сабе ўявіць паэта, які не вучыўся б у вялікага Шаўчэнкі… А ўкраінскія народныя песьні! У адной песьні — цэлае стагодзьдзе. Адна песьня — драма, аповесьць або паэма… Вось так я напісаў сваю „Бандароўну“.

Пачаў я пісаць вершы пасьля таго, калі прачытаў „Кабзара“. Украінскі народны паэт, яго мова выклікалі ў мяне любоў да роднай, беларускай мовы».

Адзін зь ягоных першых дзіцячых вершаў раззлаваў сястру

У лісьце да Льва Клейнбарта (21 верасьня 1928 г.) паэт успамінае: «Первое стихотворение написал я /.../ посвященное сестре в день ее именин. Стихотворение это, насколько помню, сестру злило, т. к. в нем была известная доля насмешки по поводу ее приготовлений к именинам».

У юнацтве яго абураў Аляксандар Пушкін

У тым жа лісьце згадвае: «...не особенно я увлекался Пушкиным. То место, где он вспоминает о „черни“, мне очень не нравилось, оскорбляло...»

Аляксандар Апякушын. Помнік Аляксандру Пушкіну. Масква.
Аляксандар Апякушын. Помнік Аляксандру Пушкіну. Масква.

Зьдзіўляў Антона Луцкевіча тым, наколькі быў не падобны сам на сябе ў творчасьці і жыцьці

Антон Луцкевіч у артыкуле «Ян Луцэвіч — Янка Купала» пісаў: «Хто асабіста ведаў Яна Луцэвіча /.../ таго заўсёды мусіць паражаць дзіўная разьбежнасьць паміж Янам Луцэвічам і Янкам Купалам. Ян Луцэвіч /.../ здаваўся чалавекам з усімі слабасьцямі, з усімі заганамі, з усімі прыземнымі імкненьнямі. Але ў мамэнты творчага ўздыму перараджаўся, „выходзіў ізь сябе“, ставаўся магутным волатам-прарокам — Янкам Купалам. І тады адпала ад яго ўсё тое, прыземнае /.../ і аставаўся вольны ад усялякіх людзкіх слабасьцяў Князь-Дух...»

Антон Луцкевіч
Антон Луцкевіч
Янка Купала і Якуб Колас. 1930-ыя гг.
Янка Купала і Якуб Колас. 1930-ыя гг.

На першай сустрэчы зь Якубам Коласам зладзіў своеасаблівае спаборніцтва: хто каго перап’е

Якуб Колас пісаў 28 ліпеня 1912 года Льву Клейнбарту: «Свое знакомство ознаменовали мы очень солидною выпивкою. Я старался не уступать Купале на этом поприще, но все же он оказался крепче меня. Назавтра Купала проснулся, как ни в чем не бывало, а у меня трещала голова и была рвота. Но на другой день я подтянулся. Мы зашли до знакомого ксендза, человека, сочувствующего белорусскому возрождению, и доброго выпиваки. Ксендз отстал от нас и свалился, а мы выпили все его водки и вина и пошли в другое место, где опустошили также все запасы выпивки. Купала направился на станцию Столбцы, и на прощание мы и здесь выпили графин водки и, как говорится, остались «и не лысыми».

Якуб Колас падчас Першай усясьветнай вайны
Якуб Колас падчас Першай усясьветнай вайны
Першая кніга Янкі Купалы «Жалейка». 1908
Першая кніга Янкі Купалы «Жалейка». 1908

Да 1915 году пісаў вельмі лёгка, шмат, нічога не закрэсьліваючы, ува ўсякіх варунках

Льву Клейнбарту паведамляў: «...Я мог за один день написать 200-300 строк стихов и редко когда исправлял. Писал где и как попалось /.../. Стихотворение „Чаго вам хочацца, панове?“ написано мною при перегонном и контрольном аппарате в винокуренном заводе, когда я должен был наблюдать за этим аппаратом, чтобы регулярно поступал в него спирт».

Алесь Гарун у вайсковай форме
Алесь Гарун у вайсковай форме

Вярнуўся да творчасьці дзякуючы Алесю Гаруну

Больш чым тры гады (з 12 верасьня 1915 па 29 кастрычніка 1918 г.) не складаў вершаў. Калі яму трапілася кніга Алеся Гаруна «Матчын дар» (1918 г.), то, паводле гісторыка Анатоля Сідарэвіча, яна настолькі ўразіла Янку Купалу, што ён вярнуўся да творчасьці.

Вокладка факсымільнага выданьня кнігі Алеся Гаруна «Матчын дар»
Вокладка факсымільнага выданьня кнігі Алеся Гаруна «Матчын дар»

Быў раззлаваны на беларусаў, якія ў Першую ўсясьветную вайну раскралі яго каштоўны кнігазбор

У лісьце да Браніслава Эпімах-Шыпілы (19 красавіка 1919 г.) жаліўся: «У 1916 г. я пакінуў пяць скрынь з кнігамі, рукапісамі і іншымі матэрыяламі ў беларускай кнігарні пад апеку Ўласава і Лявіцкага. Цяпер, як прыехаў у Менск, то і сьледу ад гэтага не знайшоў. Раскралі ўсё, — і хто? — свае ж беларусы, каб ім ні дна ні пакрышкі /.../ Некаторых кніжак цяпер за ніякія грошы не дастану, як напрыклад Статут Літоўскі».

У царскія часы марыў быць першым беларускім паэтам, чые творы выйшлі б асобнай кнігай у перакладзе на расейскую мову

Намаўляў расейскага паэта Апалона Карынфскага пасадзейнічаць у гэтай справе. У адным зь лістоў (16 траўня 1914 г.) знаходзім: «Читал я и перечитывал по нескольку раз Ваши переводы [вершаў Янкі Купалы. — В. Дэ Эм] /.../ Читая их, я вот что надумался: как бы это, Аполлон Аполлонович, устроить, чтобы этих переводов с меня сделать целую уйму и выпустить их отдельной книжкой? Что Вы на это? Мне кажется, что такая книжка пользовалась бы несомненным успехом /.../ Вы бы, не кто другой, явились бы в этом деле пионером, за что Вам белорусы сказали бы великое спасибо. Подумайте!»

Валерый Брусаў пры паступленні студэнтаў-беларусаў у Літаратурны інстытут заўсёды пытаў, ці чыталі яны Янку Купалу

З успамінаў Уладзімера Дубоўкі: «Валерый Якаўлевіч сказаў: «Я ня толькі ведаю творы вашага вялікага паэта, але і сам перакладаў іх на расейскую мову. Пагатоў павінны ведаць і любіць ягоныя творы дзеці беларускага народу».

Кніга Янкі Купалы «Спадчына». 1922
Кніга Янкі Купалы «Спадчына». 1922

Ягоную манеру чытаць перадражнівалі іншыя пісьменнікі

Міхась Лынькоў успамінаў: «...дэкляматар ён быў ня зь лепшых, чытаў даволі манатонна /.../ Маладзейшыя пісьменьнікі любілі парадыяваць яго. Спакушаўся часам на гэтую справу і я. /.../ павінны былі выступаць па радыё Купала і я. /.../ ён спазьніўся, і вырашана было, каб я пачаў выступаць, мяркуючы, што тым часам падыйдзе і ён (...) Я пачаў зачытваць свой артыкул і, калі дайшоў да цытаты з верша паэта „Сыходзіш вёска, зь яснай явы...“, пачаў дэклямаваць гэты верш, пераймаючы ўсю манэру самога паэта. І толькі я прачытаў некалькі радкоў /.../ як адчуў, што нехта крануў мяне за плячо. Я азірнуўся і ўбачыў Купалу.

— А добранька ты перадражніваеш мяне, Міхаська!

— Стараюся... — адказаў я...»

Міхась Чарот, Зьміцер Жылуновіч, Янка Купала, Міхась Зарэцкі сярод студэнтаў у Празе. 1925 год
Міхась Чарот, Зьміцер Жылуновіч, Янка Купала, Міхась Зарэцкі сярод студэнтаў у Празе. 1925 год

Савецкія службоўцы стараліся ізаляваць яго ад уплыву жонкі

Дзяржаўны дзяяч Аляксандар Ульянаў называў Уладзіславу Луцэвіч «злым геніем»: «его жена „Купалиха“ — не дающая ему никогда громко сказать и боящаяся, что в случае каких-либо перемен и событий — его советские выступления ему выйдут боком. Поэтому мы всячески старались на него воздействовать — старались изолировать его от влияния жены и заставляя его высказаться или написать стихи (процесс Громады — террор в Польше, коллективизация и т.д.), так как это имело политический смысл не только у нас, но и в Западной Белоруссии...»

Уладзіслава Луцэвіч, 1920-ыя гг.
Уладзіслава Луцэвіч, 1920-ыя гг.

Сталінскія чыноўнікі лічылі, што свае савецкія вершы Янка Купала піша адмыслова кепска, бо не прымае бальшавіцкую сыстэму

У адной са стэнаграмаў (паседжаньне бюро ЦК КП(б)Б ад 23/ХІ-32 г. «Аб стане літаратурнага фронта ў БССР» чытаем: «...Купала не стал нашим, Купала фактически ведет против нас враждебную работу. Всем известно, под каким нажимом Купала пишет всякие декларации /.../ Все лучшие произведения Янки Купалы — направлены против нас. Там, где он выступает в защиту нашу, там, где он старается перестроиться на советский лад — с точки зрения творческой — это беспомощность, наивность и т.д.»

Янка Купала. 1923
Янка Купала. 1923

На 50-годзьдзе Янкі Купалы, паводле данясеньняў сталінскіх агентаў, усе ксяндзы Заходняй Беларусі ў сваіх казанях віншавалі песьняра

У стэнаграме пасяджэньняў пленуму Нацыянальнай камісіі Саюзу савецкіх пісьменьнікаў СССР 10–11 студзеня 1939 г. чытаем: «В порядке смешного эпизода можно было бы привести такой факт. Когда Янке Купале исполнилось 50 лет, то во всех костелах Западной Белоруссии ксендзы после служения произносили речи о том, что Купале исполнилось 50 лет. Они стараются тянуть Янку Купалу в то болото, откуда он вырвался».

Раман Семашкевіч. Янка Купала. 1932
Раман Семашкевіч. Янка Купала. 1932

Падпісваў дакумэнты, не чытаючы

Аўген Калубовіч успамінаў часы «...напярэдадні юбілейных урачыстасьцяў 35-годзьдзя паэтычнай творчасьці Янкі Купалы»: «...У гасьцінную ўвайшоў кур’ер з рэдакцыі менскай польскай газэты „Sztandar Wolności“. Ён прынёс уступны артыкул да выданьня вершаў і балядаў А. Міцкевіча. Артыкул гэты Я. Купала павінен быў падпісаць. /.../ ён зьвярнуўся да жонкі:

— Уладзя, дай мне асадку.

Цётка Ўладзя заўважыла:

— А што ж ты падпісваць будзеш? Ты чытаў, што там напісана? А мо там табе сьмяротны прысуд?

— А навошта ты ў мяне? Ты і чытай! Мая справа — падпісаць...

У тыя змрочныя гады ён мог падпісаць тэкст, які ня толькі не выказваў ягоных поглядаў, але нават і ня быў чытаны ім».

Янка Купала і Уладзіслава Луцэвіч. 1916 г.
Янка Купала і Уладзіслава Луцэвіч. 1916 г.

Пасадзіў з сабой у прэзыдыюм юнага Масея Сяднёва, бо ўпадабаў верш, які юнак прысьвяціў песьняру

Гэта адбывалася, з успамінаў Сяднёва, «у часе юбілею ў сувязі з 30-годзьдзем літаратурнай дзейнасьці Янкі Купалы»: «Актавая заля галоўнага корпусу ўнівэрсытэцкага гарадка поўная студэнтаў. /.../ Заміж прывітальнай прамовы дастаю з кішэні верш, які прачытаўся хутка. У ненаважнасьці стаю каля трыбуны, ня ведаючы, што рабіць далей. Ці падысьці да Купалы, ці сесьці на сваё месца. /.../ Купала паціснуў мяне за плячо і пасадзіў каля сябе. Радасьці, гордасьці маей не было канца. /.../ Купала на разьвітаньне падараваў мне колькі сваіх кніжак з аўтографам. Калі я быў арыштаваны, то на допыце сьледчы іранічна пытаўся: „Што гэта, Янка Купала ваш хросны бацька?“ Як я ганарыўся тады гэтымі словамі сьледчага!»

Заснуў падчас выкананьня вакальна-сымфанічнай паэмы Міколы Аладава «Над ракой Арэсай»

З успамінаў Міколы Шчаглова-Куліковіча: «...Аладаў напісаў кантату на Купалаў тэкст, што цягнулася без усялякіх перапынкаў ажно дзьве гадзіны. Ну, пакуль заля слухала аб старой вёсцы, дык яшчэ нічога... Але калі справа зайшла да індустрыялізацыі БССР, дык трамбоны раўлі, „бухалі“ трубы, барабаны „наганялі“ тэмпы „сацыялістычных“ палёў /.../ пабачыўшы, што рову аркестру канца няма, людзі пачалі нэрвавацца і выходзіць з залі /.../ Пакуль „Арэса“ дайшла да канца, у залі блізу ўжо нікога не было... І толькі ў першым радзе адзін, пакінуты, сядзеў Купала. Ён, што прывык глядзець на музычную творчасьць як на таямніцу, на варажбу, сьпярша шчыра перажываў усе „выкрунтасы“ Аладава. Потым пачаў хвалявацца, што ўсе выходзяць... Потым Купала, вельмі наагул ветлівы, цярплівы, сядзеў, аж... пакуль не задрамаў. Ачнуўся Купала ўжо тады, калі ўсё скончылася...»

Заір Азгур лепіць Янку Купалу
Заір Азгур лепіць Янку Купалу

Любіў працаваць не ў кабінэце, а ў спальні

Паводле Барыса Мікуліча: «Одна вещь меня крайне поразила: чинность кабинета — было понятно, что в нем не работают, — и спальня, сплошь заваленная книгами, журналами, рукописями. Здесь же был радиоприемник и чернильный прибор на небольшом столике. Было ясно, что в спальне — настоящее место, действительный «рабочий кабинет».

Паводле Міколы Шчаглова-Куліковіча, у 30-ыя гады найбольш разумеў Янку Купалу Эдуард Самуйлёнак

«Адзін Самуйлёнак, што ведаў аб сваёй цяжкой хваробе, што стаяў адною нагой на парозе сьмерці, першы, а мо і наогул адзіны, разгадаў, вычуў Купалаву таямніцу. Калі, бывала, Купала забудзецца аб навакольнай рэчаіснасьці, засумуе, задумаецца, Самуйлёнак падыходзіў да яго, абымаў і казаў:

— Нічога, стары, нічога.

Тады я не ўдумляўся ў гэты просты сказ, але цяпер перад маімі духовымі вачыма ўстае тое глыбокае, вусьцішнае, таямнічае пачуцьцё „таго сьвету“, якое ахапляла ў тыя часіны аж двух людзей з нашага асяродзьдзя».

Янка Купала. 1941 год
Янка Купала. 1941 год

Янка Купала хацеў кінуцца з абрыву пад Смаленшчынай

Юрка Віцьбіч піша: «1941 год. Смаленшчына. Стромкі ўзгорак невядомае рэчкі. Янка Купала вылазіць з машыны. Падыйшоўшы да абрыву, ён, зьвярнуўшыся да прысутных, кажа:

— Лепш мне кінуцца ўніз галавой з гэтага абрыву, чым ехаць далей».

Пэрсанальны аўтамабіль Янкі Купалы «Шэўрале»
Пэрсанальны аўтамабіль Янкі Купалы «Шэўрале»

Ягоную спробу самагубства Антон Луцкевіч лічыў вялікай маральнай перамогай

«Апошнім актам Купала сьцьвярдзіў сваю духовую веліч ня толькі як паэта, але і як грамадзяніна. Як раней у паэзіі, так цяпер у грамадзкім жыцьці, выявіў сябе ў ім Князь-Дух. Счэзла колішняя разьбежнасьць між Янам Луцэвічам і Янкам Купалам: Купала — перамог».

***

Упершыню тэкст быў апублікаваны ў 2017 годзе.

Выкарыстаная літаратура:

Багдановіч І.Э. Янка Купала і рамантызм. Менск, 1989

Калубовіч А. Крокі гісторыі. Менск, 1993

Колас Георгій. Карані міфаў. Жыццё і творчасьць Янкі Купалы. Менск, 1998

Купала і Колас, вы нас гадавалі. Кніга першая. 1909–1939. Менск, 2010

Купала і Колас, вы нас гадавалі. Кніга другая. 1939–2009. Частка першая. Менск, 2011

Купала і Колас, вы нас гадавалі. Кніга другая. 1939–2009. Частка другая. Менск, 2012

Купала Янка. Менск, 2002

Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 8. Менск, 2002

Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 9. Менск, 2003

Луцкевіч Антон. Выбраныя творы. Менск, 2006

Мікуліч Б. Аповесьць для сябе. Менск, 1993

На суд гісторыі. Менск, 1994

Наша Ніва. Выпуск 5. 1912–1915, 1920. Факсымільнае выданьне

Янка Купала. «Мне сняцца сны аб Беларусі...»: успаміны, эсэ, артыкулы, дакумэнты. Менск, 2012

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG