Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Літоўскія чыгункі» ў адказ на пагрозы «расейскіх хакераў» паслалі іх сьледам за «расейскім вайсковым караблём»


«Літоўскія чыгункі» на гэтым тыдні атрымалі ліст з пагрозамі і патрабаваньнямі адносна зьняцьця забароны на транзыт у Калінінград нібыта ад расейскай хакерскай супольнасьці.

У лісьце настойваюць на аказаньні ціску на літоўскіх палітыкаў, пагражаючы пераўтварыць Літву ў «ІТ-рэзэрвацыю» і накіраваць ІТ-інфраструктуру краіны «ў каменнае стагодзьдзе».

«Прыміце правільнае рашэньне», — «раяць» аўтары ліста.

Фота з Фэйсбуку дырэктар па камунікацыях «Літоўскіх чыгунак» Мантаса Дубаўскаса
Фота з Фэйсбуку дырэктар па камунікацыях «Літоўскіх чыгунак» Мантаса Дубаўскаса

Дырэктар па камунікацыях «Літоўскіх чыгунак» Мантас Дубаўскас заявіў, што з кампаніі адрэагавалі на гэты ліст і апублікаваў адказ у Фэйсбуку.

«Мы атрымалі электронны ліст ад Веранікі Андрэевай, якая прадставілася прадстаўніком расейскай хакерскай супольнасьці. У ім „рэкамэндуецца“ аказаць ціск на ўлады і палітыкаў, каб яны адмянілі санкцыі ў дачыненьні да грузаў, якія перавозяцца ў Калінінград. Мы ня ведаем, ці сапраўды адпраўнік Вераніка і каго яна прадстаўляе. Але мы падрыхтавалі адказ», — напісаў Мантас Дубаўскас.

Разам з копіяй атрыманага ліста ён таксама прадставіў адказ на яго:

«У адказ на ваш зварот з нагоды супрацоўніцтва кампаніі LTG у аказаньні ціску на ўлады Літоўскай Рэспублікі з мэтай адмены санкцый ЕЗ у дачыненьні да транзыту расейскіх грузаў у Калінінградзкую вобласьць, ласкава паведамляем: так званая „расейская хакерская супольнасьць“, ідзіце на ***».

Гэта парафраз цытаты ўкраінскіх вайскоўцаў «Расейскі вайсковы карабель, ідзі на ***» у адказ на на прапанову расейскага вайсковага карабля здацца. Падзея адбылася падчас атакі на востраў Зьмяіны падчас уварваньня Расеі ва Ўкраіну: «расейскім вайсковым караблём» быў флагман расейскага Чарнаморскага флёту ракетны крэйсэр «Масква», а аўтарам фразы — украінскі памежнік Раман Грыбаў.

Фраза стала мэмам і актыўна выкарыстоўваецца з пачатку вайны ва Ўкраіне ў розных сфэрах (СМІ, культуры, мастацтве, на масавых акцыях), яе таксама цытуюць афіцыйныя асобы, палітыкі і артысты.

З прычыны санкцый ЭЗ, прынятых пасьля нападу Расеі на Ўкраіну, Расея ня можа перавозіць некаторыя тавары транзытам празь Літву ў Калінінградзкую вобласьць. Эўрапейская камісія цяпер спрабуе растлумачыць, як павінны прымяняцца гэтыя санкцыі, зьвязаныя з транзытам празь Літву ў Калінінград. Літва прытрымліваецца пазыцыі, што санкцыі павінны прымяняцца без выключэньня для транзыту. Супраць гэтага рашэньня выступае ня толькі Расея, але і некаторыя краіны ЭЗ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG