Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла славутая беларуская ткачыха Сьцепаніда Сьцепанюк


Сьцепаніда Аляксееўна Сьцепанюк
Сьцепаніда Аляксееўна Сьцепанюк

1 ліпеня на 87-м годзе памерла легендарная беларуская ткачыха, народны майстар Беларусі Сьцепаніда Аляксееўна Сьцепанюк зь вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёну.

Пра гэта ў Facebook паведаміла краязнаўца Ларыса Быцко.

«Адпакутавала... Уладарства Божага Сьцепанідзе Аляксееўне!», — напісала Ларыса Быцко, назваўшы Сьцепаніду Сьцепанюк «патрыярхам беларускага ткацтва».

Сьцепаніда Сцепанюк — знакамітая майстрыха, якая ўсё жыцьцё адраджала і папулярызавала ўнікальныя традыцыі маларыцкага ткацтва.

Сьцепаніда Аляксееўна ткала на кроснах, якія сваімі рукамі некалі зрабіў яе бацька. Ткацтвам яна займалася зь дзяцінства. У яе замаўлялі адзеньне аддзелы культуры і простыя людзі. Свае вырабы яна дэманстравала і за мяжою, адкуль прывозіла ўзнагароды ня толькі за цікавае адзеньне, але і за захаваньне культурнай спадчыны. За зьберажэньне традыцый народнага ткацтва Сьцепаніду Аляксееўну ўганаравалі званьнем «Народны майстар Рэспублікі Беларусь».

У верасьні 2021 году ў яе хаце здарыўся пажар, згарэла ўся яе калекцыя — натканыя ручнікі, посьцілкі, наміткі, спадніцы-буркі і нават строй, які жанчына выткала сабе на сьмерць. Сама яна дзівам уратавалася — хоць і была пасьля інсультаў фактычна прыкутая да ложка, але здолела разьбіць галавой шыбу і выпаўзьці праз акно на двор.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG