Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне абмяркоўваюць магчымасьці прыцягнуць кіраўніцтва Беларусі да адказнасьці за ўдзел у агрэсіі разам з Расеяй


Мікола Гнатоўскі
Мікола Гнатоўскі

Судзьдзя Эўрапейскага суду ў правах чалавека Мікола Гнатоўскі заявіў, што Беларусь, згодна з рэзалюцыяй 3314 Генэральнай асамблеі ААН ад 14 сьнежня 1974 году, зьяўляецца ўдзельніцай захопніцкай кампаніі Расеі і павінна несьці міжнародна-прававую адказнасьць за акт агрэсіі супраць Украіны.

«Пункт „f“ артыкула 3 „Вызначэньне агрэсіі“ адпаведнай рэзалюцыі прадугледжвае, што, незалежна ад абвяшчэньня вайны, актам агрэсіі, сярод іншага, зьяўляюцца дзеяньні дзяржавы, якая дазваляе, каб яе тэрыторыя выкарыстоўвалася іншай дзяржавай для ажыцьцяўленьня агрэсіі супраць трэцяй краіны», — сказаў Мікола Гнатоўскі ў інтэрвію ўкраінскаму інтэрнэт-выданьню lb.ua.

Паводле яго, такія дзеяньні маюць тыя ж наступствы, што і іншыя віды збройнага нападу, забароненага міжнародным правам.

У той жа час, піша выданьне, «беларускі выпадак варта падзяліць на два аспэкты: матэрыяльны — ці ёсьць такія дзеяньні парушэньнем міжнароднага права, і працэсуальны — як за іх можна прыцягнуць да адказнасьці».

Згодна з Рымскім статутам (артыкул 8bis) Міжнароднага крымінальнага суду, вышэйшае вайсковае і палітычнае кіраўніцтва Беларусі можа абвінавачвацца ў злачынстве «плянаваньня, падрыхтоўкі, ініцыятывы або ажыцьцяўленьня асобай, якая ў стане фактычна ажыцьцяўляць кіраўніцтва або кантроль за палітычнымі або вайсковымі дзеяньнямі дзяржавы, акту агрэсіі», што зьяўляецца грубым парушэньнем статуту ААН.

«Як і ў выпадку з Расеяй, гэта вельмі важна, бо злачынства адносіцца да катэгорыі leadership crime, то бок тых злачынстваў, за ўчыненьне якіх можна прыцягнуць да адказнасьці найвышэйшае беларускае кіраўніцтва, уключна з Лукашэнкам», — піша выданьне.

У той жа час Аксана Залатарова, дырэктарка дэпартамэнту міжнароднага права Міністэрства замежных спраў Украіны, агент Украіны ў міжнародных судовых інстанцыях, кажа, што Міжнародны суд можа разглядаць спрэчкі, калі бакі пагадзіліся на іхны разгляд або на тое, што спрэчкі могуць разглядацца ў міжнародным судзе ААН.

Паводле яе, Беларусь не пагодзіцца на такі разгляд, і вельмі мала шанцаў, каб беларуская дзяржава прызнала юрысдыкцыю Міжнароднага суду ААН (Беларусь не ратыфікавала Рымскі статут. — РС).

Яшчэ адна перашкода, як піша выданьне, — расейскае «вэта» ў Радзе Бясьпекі ААН. Міжнародны суд ня можа разглядаць агрэсію з боку Беларусі без рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН.

«Як хаўрусьніца Беларусі Расея, вядома ж, яе заблякуе. Такую рэзалюцыю, імаверна, заблякуе і Кітай — даўні хаўрусьнік Лукашэнкі», — адзначае ўкраінскае выданьне.

«Палітычны орган, які адказвае за падтрыманьне міжнароднага міру і бясьпекі, а таксама павінен рэагаваць на акты агрэсіі — Рада Бясьпекі ААН — заблякавана з прычыны злоўжываньня Расеяй сваім правам вета. А пакуль гэтага не адбылося, эфэктыўным мэханізмам можа быць увядзеньне індывідуальных ці калектыўных санкцый, што, уласна, і адбываецца», — патлумачыў Мікола Гнатоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG