Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кібэрпартызаны» апублікавалі тэлефонныя размовы дыпляматаў Кітаю і Ўзбэкістану, якіх меркавана праслухоўваў МУС Беларусі


Хакерская група «Кібэрпартызаны» апублікавала запісы з размовамі, як сьцьвярджаецца, намесьніка вайсковага аташэ і амбасады Кітаю, а таксама амбасады Ўзбэкістану за 2021 год.

Раней «Кібэрпартызаны» паведамлялі, што атрымалі доступ да «тысячаў гадзін» аўдыёзапісаў з мабільных і стацыянарных тэлефонаў Беларусі.

Запісы — агулам 1,5 тэрабайта ў фармаце mp3 — захоўваліся на сэрвэрах Дэпартамэнту забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці МУС Беларусі і ахопліваюць пэрыяд са студзеня 2020 году па чэрвень 2021-га, сьцьвярджаюць хакеры. Пра ўзлом сэрвэраў яны паведамлялі яшчэ ў жніўні 2021 году, але маштаб выцеку інфармацыі стаў вядомы толькі цяпер. У доказ выцеку «Кібэрпартызаны» найперш апублікавалі ў сваім тэлеграм-канале запісы званкоў у расейскае пасольства ў Менску.

Як адзначалі «Кібэрпартызаны», праслухоўваньне пасольскіх работнікаў можа супярэчыць Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных адносінах 1961 году, згодна зь якой дыпляматычная карэспандэнцыя недатыкальная.

У Беларусі супрацоўнікі сілавых структур могуць праслухоўваць грамадзян пры падазрэньні ў супрацьпраўнай дзейнасьці. Паводле закону «Аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці» гэта можна рабіць «у выпадках, якія не цярпяць адкладу», бяз санкцыі пракурора практычна ва ўсіх выпадках падазрэньня ў крымінальным перасьледзе або калі існуе пагроза нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь — на падставе пастановы міністра ўнутраных спраў, старшыні КДБ альбо кіраўніка іншага сілавога ведамства. На працягу 24 гадзін пра гэта трэба паведаміць пракурору ці ягонаму намесьніку, а на працягу 48 гадзін атрымаць санкцыю. Іншымі словамі, сакрэтнае праслухоўваньне бяз санкцыі суду законнае.

«Кібэрпартызаны» — група ананімных хакераў, якія падтрымліваюць беларускія пратэсты. Улетку 2021 году яны правялі апэрацыю «Жара», падчас якой атрымалі доступ ва ўнутраныя сеткі спэцслужбаў і органаў улады рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, у прыватнасьці да пашпартнай сыстэмы з пэрсанальнымі зьвесткамі ўсіх грамадзян краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG