Падчас візыту ў Партугалію 16–17 чэрвеня дэмакратычная лідарка Сьвятлана Ціханоўская правяла перамовы з прэзыдэнтам Марсэлу Рэбелу дэ Соуза, сьпікерам парлямэнта Аўгусту Сантушам Сілвам, міністрам замежных спраў Жаао Гомешам Кравіньё, а таксама сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.
Паводле інфармацыі прэс-службы Ціханоўскай, на сустрэчах гаворка ішла пра выдачу віз, дазволу на працу і віду на жыхарства для беларускіх грамадзян. «Партугалія паабяцала працягваць выдачу віз у Менску, зараз іх робяць праз пасольства Славаччыны», – гаворыцца ў рэлізе.
Адзначаецца, што на перамовах таксама абмяркоўваліся пытаньні дапамогі беларускаму бізнэсу, у прыватнасьці, спрыяньне рэлякацыі і стварэньне ўмоў працы для кампаній, у тым ліку ў сфэры высокіх тэхналёгій. Падчас сустрэч было заяўлена, што Партугалія «фактычна згарнула гандаль з дзяржпрадпрыемствамі Беларусі».
Лісабон гатовы «падтрымаць згадку Беларусі ў дакумэнце Рады ЭЗ пра тое, што беларусы таксама змогуць мець эўрапейскую пэрспэктыву пасьля дэмакратычных перамен», падкрэсьлілі ў прэс-службе Ціханоўскай.
Сьвятлана Ціханоўская заявіла ўладам Партугаліі, што «нельга спыняць ціск на рэжым, пакуль ня скончыліся рэпрэсіі і ня вызваленыя палітвязьні».
- 20 чэрвеня Ціханоўская адкрые канфэрэнцыю імя Кастуся Каліноўскага ў Брусэлі, а таксама сустрэнецца са сьпікерам парлямэнту Бэльгіі і эўракамісарам па ўнутраных справах Ілвай Ёхансан.
- 21 чэрвеня Ціханоўская выступіць на пленарным пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбургу (Францыя).