У расейскамоўным твітэры дзеда польскага прэзыдэнта называюць асабістым сябрам Сьцяпана Бандэры.
Польскае агенцтва друку апублікавала тэкст, у якім прыводзяцца доказы, што заява генпракурора Беларусі — фэйк.
Аўтары фэйкавых навін выкарыстоўваюць толькі тыя самыя прозьвішчы. Меркаваны ж дзед прэзыдэнта Дуды і яго сапраўдны продак нарадзіліся і памерлі ў розны час і зусім у розных месцах. Дзед прэзыдэнта Дуды, Алёйзы Дуда, жыў у Старым Сончы, быў католікам і працаваў па прафэсіі кушняра. Нарадзіўся ён у 1907 годзе, а памёр у 1992-м.
Міхаіл Іванавіч Дуда, якога некаторыя інтэрнэт-карыстальнікі і генпракурор Беларусі выдаюць за дзеда прэзыдэнта Польшчы, паходзіў са Львоўскай вобласьці і нарадзіўся ў 1921 годзе ў сям’і вясковай інтэлігенцыі, зацятых украінскіх нацыяналістаў. Памёр 7 ліпеня 1950 году. Гэты Міхаіл Дуда сапраўды сябраваў са Сьцяпанам Бандэрам. У 16 гадоў украінскі Дуда ўступіў у Арганізацыю ўкраінскіх нацыяналістаў.
Фэйкавыя навіны пра паходжаньне дзеда Анджэя Дуды зьявіліся ўпершыню яшчэ падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў 2015 годзе. Тады Анджэй Дуда асабіста зьняпраўдзіў гэтыя заявы. Польскія СМІ ўжо тады публікавалі ўспаміны бацькі Дуды пра дзеда, зь якім будучы прэзыдэнт дзіцем хадзіў у касьцёл. Дуда, якога можа мець на ўвазе генпракурор Швед, памёр яшчэ да нараджэньня будучага прэзыдэнта Польшчы.
Апрача таго, на парафіяльных могілках у Лонцку каля Новага Сонча пахаваныя бацькі сапраўднага дзеда Дуды, а ў касьцельным архіве ёсьць пасьведчаньне аб ягоным нараджэньні.