Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На судзе мама сьмела парыравала». Дачка палітзьняволенай Алены Гнаўк напісала пра судовае паседжаньне ў справе маці


Алена Гнаўк
Алена Гнаўк

У судзе Пружанскага раёну ад 13 чэрвеня ідзе разгляд справы палітзьняволенай актывісткі Алены Гнаўк.

«Суд адбываўся ў адкрытым рэжыме, — напісала ў Фэйсбуку дачка Алены Гнаўк, Тацяна Мазко. — Фармат стаў вядомы перад самым судом, таму на судзе нікога не было, акрамя сьведак. Мы не адважыліся клікаць людзей ехаць у Пружаны, бо ня ведалі да апошняга, які будзе фармат у судовага паседжаньня. Думалі, што будзе закрытым».

«На судзе мама сьмела парыравала. А таксама, як заўсёды, ня здраджваючы сабе, шмат і ўпэўнена казала праўду, якой бы страшнай і горкай яна ні была. Яна знаходзіла месцы нават для жартаў. А таксама заявіла адвод пракурору, які ў выніку ня быў прыняты», — адзначыла Тацяна Мазко.

Наступнае пасяджэньне суду ў справе Алены Гнаўк адбудзецца 16 чэрвеня.

Пад вартай Алена Гнаўк ужо пяць месяцаў. На яе завялі ўжо чатыры крымінальныя справы.

Што вядома пра перасьлед Алены Гнаўк?

  • У траўні 2021 году асудзілі на два гады «хатняй хіміі» ў межах берасьцейскай «карагоднай справы».
  • У верасьні яна атрымала новы тэрмін — яшчэ два гады «хіміі». Паводле абвінавачаньня, Алена Гнаўк падчас разгляду сваёй ранейшай крымінальнай справы за ўдзел у «карагодзе пратэсту» вымавіла фразу, дзе была абраза ў адрас Лукашэнкі. Сумарнае пакараньне — тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
  • 26 сьнежня Гнаўк затрымалі за «бел-чырвона-белы пікет» каля яе дома і прысудзілі 1450 рублёў штрафу паводле арт. 24.23 КаАП. 11 студзеня 2022 году Алену Гнаўк зноў затрымалі за акцыю зь бел-чырвона-белымі мяхамі на «хатняй хіміі» і прысудзілі 15 дзён арышту. Пэнсіянэрцы забаранілі перадаваць перадачы, чытаць і пісаць, і яна абвясьціла галадоўку ў Пружанскім ІЧУ.
  • З ізалятара яе ня выпусьцілі. Стала вядома, што выставілі абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі: ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі). Цяпер Алене Гнаўк пагражае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.

«Берасьцейская Ніна Багінская». Хто такая Алена Гнаўк?

Алена Гнаўк нарадзілася на Палесьсі ў 1957 годзе ў шматдзетнай сям’і. Мае дзьве вышэйшыя адукацыі — юрыдычную і эканамічную. У 1978 годзе яна скончыла Маскоўскі юрыдычны інстытут, а ў 1993-м — факультэт сусьветнай эканомікі Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін (МГИМО). Некалькі гадоў Гнаўк жыла ў Маскве, аказвала юрыдычныя паслугі ў сфэры будаўніцтва.

Да затрыманьня Гнаўк жыла ў вёсцы Ткачы Пружанскага раёну, актыўна займалася грамадзкім жыцьцём, яна шчырая праваслаўная верніца.

Шмат беларусаў называюць Алену «берасьцейскай Нінай Багінскай». За сваю апазыцыйную дзейнасьць Гнаўк, як і актывістку Багінскую, ня раз перасьледавалі ўлады — затрымлівалі, штрафавалі і арыштоўвалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG