Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удаву Зельцара вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці і прысудзілі прымусовае лячэньне


Марыя Ўсьпенская
Марыя Ўсьпенская

У Менскім гарадзкім судзе 16 чэрвеня ў адкрытым рэжыме агучылі пастанову ў крымінальнай справе супраць палітзьняволенай Марыі Ўсьпенскай.

Яе вінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка па ч. 2 арт. 139 КК. Справу Ўсьпенскай з 31 траўня ў закрытым рэжыме разглядала судзьдзя Валянціна Зянькевіч.

У выніку ўдаве Андрэя Зельцара прысудзілі прымусовае лячэньне. Судовая калегія ў крымінальных справах Менскага гарадзкога суду ад 16 чэрвеня пастанавіла вызваліць Марыю Ўспенскую ад крымінальнай адказнасьці за ўчыненыя ёю ў стане бяспамяцтва грамадзка небясьпечныя дзеяньні, прадугледжаныя ч. 6 арт.16, пп. 5,10 ч. 2 арт.139, ч. 1 арт. 13, пп. 1, 5, 10 ч. 2 арт. 139 КК. Акрамя таго, яна мае заплаціць удаве забітага супрацоўніка КДБ Федасюка 100 тысяч беларускіх рублёў (гэта каля 30 тысяч даляраў), паведаміла БелТА.

Марыю Ўсьпенскую судзілі як «асобу, якая ўчыніла грамадзка небясьпечнае дзеяньне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане бяспамяцтва або якая захварэла пасьля зьдзяйсьненьня злачынства на псыхічнае расстройства (захворваньне)» (п. 13 арт. 6 КПК).

Інтарэсы Марыі на судзе прадстаўляла яе маці, сама абвінавачаная не прысутнічала на працэсе.

Марыі Ўсьпенскай не пагражала крымінальнае пакараньне, але да яе прыменяць прымусовыя меры бясьпекі і лячэньня.

Марыя Ўсьпенская — жыхарка Менску, удава Андрэя Зельцара, забітага 28 верасьня 2021 году ва ўласнай кватэры падчас перастрэлкі з супрацоўнікамі КДБ. Мае непаўналетняга сына ад першага шлюбу. На пачатку сьнежня 2021 году стала вядома, што Марыя тры тыдні правяла ў Навінках — туды яе накіроўвалі на псыхіятрычную экспэртызу.

15 чэрвеня ў Марыі быў дзень народзінаў, ёй споўніўся 41 год.

Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк
Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG