Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Расеі ў Беларусі: Праціўнікі ня раз спрабавалі зламаць нашы народы, любым коштам разарваць наш саюз — ні кроку назад

Барыс Грызлоў
Барыс Грызлоў

Беларусы і расейцы «шануюць тысячагадовую гісторыю і грандыёзныя дасягненьні, вялікую культуру, унікальныя прыродныя багацьці і самабытнасьць рэгіёнаў», заявіў пасол РФ Барыс Грызлоў.

12 чэрвеня адзначаецца Дзень Расеі. На думку расейскага дыплямата, якога цытуе сайт тэлеканала «БелРос», «у адзінстве Расеі і Беларусі сіла і залог агульнай будучыні».

«Саюзная дзяржава — гістарычны выбар нашых народаў. Ён заснаваны на нашай агульнай гісторыі і нашых традыцыях. На працягу многіх стагодзьдзяў нашы праціўнікі ня раз спрабавалі зламаць нашы народы, любой цаной разарваць наш саюз. Ім гэта не ўдалося. І ня ўдасца ніколі», — сказаў Грызлоў.

Паводле яго слоў, «сёньня мы асабліва востра разумеем, што мы разам».

«Толькі так мы зможам дасягнуць самых амбіцыйных мэтаў. Толькі разам мы можам перамагаць і ісьці наперад. Ні кроку назад. Ні кроку на месцы. Толькі наперад».

Дзень Расеі — дзяржаўнае сьвята РФ, адзначаецца штогод з 1992 году ў гадавіну прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце РСФСР.

Бясплатны канцэрт на пляцоўцы каля Палаца спорту ў цэнтры беларускай сталіцы арганізавала пасольства РФ. Ён сабраў некалькі тысяч чалавек, многія зь іх выкарыстоўвалі сымболіку Расеі, беларускія дзяржаўныя і савецкія сьцягі. На мерапрыемстве сярод іншых выступілі расейскія поп-выканаўцы Алег Газманаў, Аляксандар Буйноў і Алена Ваенга, вядомыя падтрымкай расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Некаторыя дыяспары расейцаў за мяжой абвясьцілі 12 чэрвеня «Днём незалежнасьці ад пуцінізму». Антываенныя акцыі анансаваныя больш як у 30 краінах.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG