Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбухі на Цярнопальшчыне і ў Бярдзянску; пачатак апазнаньня целаў абаронцаў Марыюпалю. 109-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Эвакуацыя параненага ў Сьветладарску, 10 чэрвеня 2022
Эвакуацыя параненага ў Сьветладарску, 10 чэрвеня 2022

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 7 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Пачынаецца працэдура апазнаньня целаў абаронцаў Марыюпалю, якія вывезьлі з акупаванага горада ў выніку двух абменаў з Расеяй. Яшчэ каля 200 целаў застаюцца ў Марыюпалі.
  • 12 чэрвеня выбухі гучалі ў Цярнопальскай вобласьці і ў акупаваным расейцамі Бярдзянску.
  • Расейскія войскі працягваюць наземны штурм Севераданецка, аднак узяць горад пад поўны кантроль арміі не ўдаецца.
  • Генштаб Украіны паведаміў аб прасоўванні расейскіх войскаў да Бахмута, за некалькі кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад гораду.
  • 4,5 мільёна ўкраінцаў вярнуліся ва Ўкраіну пасьля выезду на пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю.
  • Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны заявіў, што страты ўкраінскіх вайскоўцаў цяпер складаюць ад 100 да 200 чалавек штодзень.


Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 12 чэрвеня

У Кіеў даставілі целы 220 абаронцаў Марыюпалю

Пачынаецца працэдура апазнаньня целаў абаронцаў Марыюпалю, якія вывезьлі з акупаванага горада ў выніку двух абменаў з Расеяй.

Адбыліся два абмены целамі паміж украінскім і расейскім бакамі: першы па формуле «160 на 160», а другі па формуле «50 на 50». Пра гэта паведаміў былы камандзір палка «Азоў» Максім Жорын.

Пры гэтым целы яшчэ каля дзьвюх сотняў загінулых украінскіх вайскоўцаў застаюцца ў горадзе.

Выбухі на Цярнопальшчыне

У выніку выбухаў у Чорткаўскім раёне Цярнопальскай вобласьці ёсьць пацярпелыя, у тым ліку дзеці. Пра гэта паведаміў кіраўнік Цярнопальскай абласной вайсковай адміністрацыі Ўладзімір Труш.

«Аб сытуацыі на Чорткаўшчыне. Ахвяр, на шчасьце, няма. Усю ноч мы аказвалі дапамогу пацярпелым, у тым ліку дзецям».

Труш адзначыў, што вядуцца работы па ліквідацыі разбурэньняў і фіксацыі пашкоджанай маёмасьці мірных жыхароў. Пазьней улады паведамілі, што ў выніку чатырох удараў параненыя 20 чалавек.

Выбухі ў акупаваным Бярдзянску

З раніцы 12 чэрвеня ў Бярдзянску, акупаваным рсейскімі войскамі, прлуналі тры выбухі. Палова гораду засталася без электрычнасьці.

Паводле інфармацыі РІА-Мелітополь, пашкоджана адна з электрападстанцый.

Што адбываецца ў Расеі

Расавіяцыя працягнула забарону палётаў на поўдні і ў цэнтральнай частцы Расеі да 18 чэрвеня

Як паведамляе РБК, абмежаваньні закранаюць Анапу, Белгарад, Бранск, Варонеж, Геленджык, Краснадар, Курск, Ліпецк, Растоў-на-Доне, Сімферопаль і Элісту.

Пуцін падпісаў указ аб выплаце 5 мільёнаў рублёў семʼям забітых ва Ўкраіне салдат

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ: выплаціць па пяць мільёнаў рублёў семʼям супрацоўнікаў Нацыянальнай гвардыі і памежнай службы ФСБ, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне і падчас баёў у Сырыі. Згодна з указам, столькі ж атрымаюць сваякі загінулых ва Ўкраіне і Сырыі расейскіх «добраахвотнікаў».

Апошні раз Расея паведамляла пра свае страты ў вайне з Украінай 25 сакавіка, заявіўшы пра 1351 загінулага і 3825 параненых. Украінскі Генштаб ацэньвае страты Расеі больш як у 31 тысячу салдат.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізаваны ў полк.

Генштаб Украіны: у Беларусі пачалі адпрацоўваць стварэньне ўдарных груповак

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заяўляюць, што беларускія войскі адпрацоўваюць фармаваньне ўдарных падразьдзяленьняў.

«На валынскім і палескім кірунках, згодна з плянам праверкі, да 11 чэрвеня ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь адпрацоўваюцца пытаньні стварэньня ўдарных груповак на адным з кірункаў і праверка гатоўнасьці транспартнай інфраструктуры да перамяшчэньня падразьдзяленьняў», — сказаў сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун.

Ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 ракету, — Генштаб Украіны

«З тэрыторыі Беларусі было 1211 вылетаў авіяцыі — больш за 20% ад агульнай колькасьці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу „Іскандэр“ з мэтай паражэньня аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Ўкраіны», — паведаміў прадстаўнік Генштабу Аляксей Громаў.

Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае

Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.

Як рэагуе сьвет

Чэхія прыме 500 расейцаў і беларусаў, якіх перасьледуюь улады, па праграме МЗС

МЗС Чэхіі апублікавала падрабязнасьці праграмы паскоранай іміграцыі для расейскіх і беларускіх грамадзянаў. Прыём заяваў па праграме пачаўся 20 траўня і працягнецца цэлы год, але квота складае ўсяго 500 чалавек.

Чэхія прыпыніла выдачу візаў расейцам і беларусам 24 лютага, адразу пасьля ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны.

Сусьветны банк зацьвердзіў выдзяленьне Ўкраіне 1,49 мільярда даляраў

Сусьветны банк ухваліў 1,49 млрд даляраў фінансавай дапамогі Ўкраіне, павялічыўшы агульны заплянаваны пакет падтрымкі ўкраінскай эканоміцы больш як да 4 млрд даляраў, паведамляе Reuters.

Грошы патрацяць на заробкі дзяржаўным і сацыяльным работнікам. Гэтыя сродкі ўключаюць крэдытныя гарантыі Вялікай Брытаніі, Нідэрляндаў, Літвы, Латвіі і шэрагу іншых краін. Праект таксама падтрымліваецца паралельным фінансаваньнем з Італіі і ўнёскамі з новага шматдонарскага траставага фонду.

Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі за напад на Ўкраіну

Эмбарга на расейскую нафту ня будзе поўным, але ахопіць звыш 90% паставак. Патрыярха Кірыла вывелі з санкцыйнага сьпісу на патрабаваньне Вугоршчыны.

У рамках санкцый ЭЗ адключае ад SWIFT беларускі банк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG