«Слухай, Пуцін Уладзімір Уладзіміравіч! Ідзі дадому, ідзі да жонкі, жонкай займайся! Пакінь Расею ў спакоі, пакінь яе! Ты ўжо 20 гадоў ва ўладзе, ты хлусіш, што на Украіне нікога няма, ты страўліваеш нашых салдат з украінскім народам! Калі ты забʼеш украінцаў, наступныя хто на чарзе – беларусы?»
Так зьвяртаўся да Пуціна яшчэ ў 2018 годзе дэсантнік Асхабалі Алібекаў, які і цяпер працягвае выступаць супраць Пуціна і супраць вайны, якую разьвязала Расея.
Асхабалі Алібекаў жыве ў Наварасійску, ён – былы камандзір аддзяленьня вайсковай часткі Чарнаморскага флёту Расеі. У сеціве ён вядомы па мянушцы «дзікі дэсантнік», а таксама як пасьлядоўны крытык Пуціна. Днямі ён вызваліўся пасьля двух адміністрацыйных арыштаў, адбыўшы тэрмін па абвінавачаньні ў абразе прадстаўніка ўлады і дэзарганізацыі дзейнасьці спэцустановы. Блогера перасьледуюць за антываенную пазіцыю. Але ні тэрмін у калёніі, ні штраф за «дыскрэдытацыю» войска, ні адміністрацыйныя справы яго не спыняюць.
Усе ведаюць праўду, і ўсе маўчаць
50-гадовы Алібекаў – ураджэнец дагестанскага сяла Сергакала. У пачатку другой чачэнскай вайны ён паступіў у выведку спэцназу ўнутраных войскаў, агулам у зоне баявых дзеяньняў прабыў дзевяць месяцаў. Затым служыў у Стаўрапалі. Упершыню СМІ аб ім напісалі ў сувязі з масавай бойкай на ўскраіне гораду ў 2007 годзе, калі пацярпелі чачэнскія студэнты, адзін зь якіх загінуў, а другі быў паранены міліцыянтам. Тады Алібекаў выступаў за расьсьледаваньне гэтых злачынстваў, патрабаваў пакараць супрацоўнікаў МУС.
У лютым 2018 ён, быўшы кантрактнікам базы Чарнаморскага флёту ў Наварасійску, запісаў відэа з рэзкім зваротам да прэзыдэнта Пуціна, жорстка раскрытыкаваўшы палітычную сыстэму, якая склалася ў краіне.
«Калі ты заб'еш украінцаў, наступныя хто на чарзе – беларусы? А потым татары? Усе могілкі перапоўненыя маладымі хлопцамі. Усе ведаюць праўду, і ўсе маўчаць!» – зьвярнуўся тады да вярхоўнага галоўнакамандуючага «дзікі дэсантнік».
У чэрвені 2022, пасьля больш як 20 дзён адміністрацыйнага арышту Асхабалі Алібекаў распавёў Каўказ.Рэаліі, чаму заклік «за мір» у Расеі стаў злачынствам і што рабіць тым вайскоўцам, хто не жадае выконваць злачынныя загады.
- Пачатак ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне стаў для вас нечаканасьцю?
- Як і многія, я спадзяваўся, што пытаньне ўсё ж вырашыцца за сталом перамоваў і войскі ня будуць уводзіць. Ёсьць жа разумныя здаровыя генэралы, якія маглі растлумачыць Пуціну гэта. Але калі ўбачыў, што войскі пачалі пераганяць да мяжы, зразумеў – будзе нешта сурʼёзнае.
Чалавек, які абараняе свой дом, заўсёды мацнейшы за таго, хто нападае
Афіцыйна прапаганда паўтарае пра «Данбас бамбілі восем гадоў» і тое, што ва Ўкраіне нібыта забараняюць размаўляць на рускай мове. Думаю, такую інфармацыю даносілі і Пуціну. Яго запэўнівалі, што частка Ўкраіны падтрымае ўвод расейскіх войскаў. Але памяркуйце самі: як мне можна забараніць размаўляць на нейкай мове, калі я гэтага хачу? Можна гаварыць дома, з роднымі, у двары, унутры дыяспары, калі на тое пайшло.
У нас на Каўказе многія мовы апошнім часам забываюцца, таму што ўсё – музыка, кіно, школа, кнігі, інтэрнэт – па-расейску. Гэта дрэнна, бо вядзе да страты мовы і нацыянальнай ідэнтычнасьці. Але тыя, хто хочуць, заўсёды могуць захоўваць яеў коле сямʼі.
Калі ты жывеш у сувэрэннай краіне, то абавязаны ведаць хаця б у агульных рысах яе нацыянальную мову, няхай і ня родную табе. Я меў зносіны з рускімі бежанцамі, усе яны пацьвярджаюць – ніхто расейскую мову не забараняў, такога не было. Так што заявы аб прыгнёце расейскай мовы – гэта была толькі нагода.
Другі аргумэнт, што «Данбас бамбілі восем гадоў», тут тлусты пытальнік да нашых вайскоўцаў: хто даказаў, што менавіта Ўзброеныя сілы Ўкраіны бамбавалі? Хто можа даказаць, што гэта не пераапранутыя апалчэнцы ці якая-небудзь прыватная ваенная кампанія абстрэльвала жылыя кварталы з «шэрай» зоны? Я ўдзельнічаў у баявых апэрацыях у Чачэніі і ведаю, як гэта адбываецца.
Тыя генэралы, якія абяцалі Пуціну ўзяць Кіеў за тры дні, забыліся на гісторыю ўкраінскага народу, ягоны сьмелы дух
Украінцаў і рускіх абʼядноўвае агульная тысячагадовая гісторыя. Але зараз украінцы будуць стаяць да канца, у іх да гэтага зьявіўся стымул. Чалавек, які абараняе свой дом, заўсёды мацнейшы за таго, хто нападае. У яго ёсьць матыў.
- Нягледзячы на заявы першых дзён пасьля 24 лютага, Кіеў расейскай арміі ўзяць не ўдалося. Як не ўдалося і поўнасьцю заняць за тры месяцы тэрыторыю Данбаса. Расейская армія паказала ўсяму сьвету, што яна небаяздольная?
- Расейскае войска застаецца досыць моцным. Недаацэньваць яго проста недарэчна. Страты – гэта халатнасьць тых, хто ня ўмеюць правільна каардынаваць баявыя дзеяньні і расстаўляць людзей камандзіраў і генэралаў. Тыя генэралы, якія абяцалі Пуціну ўзяць Кіеў за тры дні, забыліся на гісторыю ўкраінскага народу, ягоны сьмелы дух.
Інтэрвію цалкам можна прачытаць тут.