Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Турма — новы досьвед, але нічога экстраардынарнага». У Менску ў закрытым рэжыме судзяць філёзафа Мацкевіча


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Пра што пісаў з турмы, як галадаваў Уладзімер Мацкевіч падчас свайго зьняволеньня.

Суд над палітзьняволеным філёзафам Уладзімерам Мацкевічам пачаўся 9 чэрвеня ў Менскім абласным судзе. Працэс вядзе судзьдзя Сяргей Епіхаў. Ён жа раней выносіў рашэньні па справе Марыі Калеснікавай і Максіма Знака.

Працэс закрыты, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Сваякам і сябрам, якія прыйшлі падтрымаць Уладзіміра Мацкевіча, не дазволілі яго ўбачыць.

За што судзяць філёзафа

Мацкевіча затрымалі ў жніўні 2021 году. Яму выставілі канчатковае абвінавачаньне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) за «Марш народнага ўльтыматуму» 25 кастрычніка;
  • ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня) — за плятформу «Сход»;
  • ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) — за відэазапіс на YouTube-канале.

У лютым, патрабуючы зьмяніць меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, завяршыць сьледчыя дзеяньні і прызначыць дату судовага разбору, Уладзімер Мацкевіч трымаў 14-дзённую галадоўку. Да яго доўгі час не пускалі пастара і адваката.

Чым вядомы Мацкевіч

У сьвеце і ў Беларусі нарастала хваля салідарнасьці з Мацкевічам: з прычыны ягонай галадоўкі выказваліся вядомыя людзі, у беларускіх гарадах зьяўляліся надпісы і графіці ў падтрымку Мацкевіча. Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі заклікала неадкладна вызваліць вязьня з турмы.

За кратамі Мацкевіч прыступіў да напісаньня новай кнігі пад рабочай назвай «Сэміятычная тыпалёгія», дзе выклаў на апэрацыях са схемамі свой погляд на філязофію і сацыяльную веду. Ён прызнаўся, што па-за турмой наўрад ці меў бы час і натхненьне на напісаньне кнігі ў гэтай тэматыцы.

Праз тры месяцы пасьля затрыманьня Мацкевіч выказваў аптымізм пра будучыню Беларусі:

«Беларусь яшчэ чакае лепшае жыцьцё; цяперашнія цяжкасьці і непрыемныя рэчы — гэта часова. Трэба захаваць надзею і трэба рабіць высновы, вучыцца на ўласных памылках, станавіцца больш разумнымі і не паўтараць памылак. Няўдачы і паражэньні — гэта вехі і паказальнікі на шляху да перамогі».

У 1999–2000 гадах Мацкевіч браў актыўны ўдзел у дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, які адбываўся пад эгідай АБСЭ. Прыкладна пасьля гэтага філёзаф, паводле сяброў, становіцца пэрсонай нон-грата ў сыстэме адукацыі, зь ім адмаўляюцца працаваць унівэрсытэты, ён страчвае дзяржаўную працу. Тым ня менш досьвед супрацы зь дзяржавай у Мацкевіча яшчэ быў. У 2003 годзе ён нечакана становіцца вядоўцам ток-шоў «Выбар» на наваствораным тэлеканале АНТ, але пасьпеў правесьці толькі 9 выпускаў.

Мацкевіч быў сярод тых, хто падтрымаў стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адной з апошніх палітычных ініцыятываў стала кампанія ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер». Яна ўзьнікла ў адказ на актыўнае абмеркаваньне і падпісаньне «інтэграцыйных мапаў» паміж Расеяй і Беларусьсю. У сьнежні 2019 году падчас масавых акцый супраць інтэграцыі актывісты кампаніі «Сьвежы вецер» ініцыявалі «жывыя ланцугі» ў цэнтры Менску.

Мацкевічу належыць ідэя «Лятучага ўнівэрсытэту». «Лятучы ўнівэрсытэт» — гэта ўзор нефармальнай адукацыі. У рамках «Лятучага» ёсьць некалькі дзясяткаў курсаў лекцый ад вядомых у Беларусі мысьляроў. Раней заняткі адбываліся офлайн, цяпер перайшлі ў онлайн-прастору.

Яшчэ да турмы ў Мацкевіча была адна галадоўка. У 2006 годзе Мацкевіч далучыўся да посту-галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё», у якіх забіралі будынак. Тады ўлады пайшлі на саступкі пратэстантам і пакінулі іх у спакоі.

Хто такі Ўладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч паходзіць зь сям’і рэпрэсаваных беларусаў, якія былі высланыя ў Сібір пасьля Другой сусьветнай вайны. Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Іркуцкай вобласьці Расеі. Празь дзесяць гадоў сям’я пераехала ў Горадню, дзе хлопец і скончыў школу.

Мацкевіч працаваў фрэзэроўшчыкам на заводзе карданных валоў у Горадні. Потым служыў у войску ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны.

Пасьля паступіў у Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт на псыхоляга, у час вучобы зблізіўся з Маскоўскім мэтадалягічным гуртком.

Да 1994 году Мацкевіч жыў то ў Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу), то ў Вільні, то ў Рызе, то ў Маскве. Затым прыехаў у Беларусь, дзе праз год атрымаў беларускае грамадзянства.

У 1990-я гады шчыльна супрацоўнічаў зь Міністэрствам адукацыі. У пэрыяд між 1997 і 2001 гадамі ўзначальваў цэнтар мэтадалёгіі Рэспубліканскага інстытуту прафэсійнай адукацыі (РІПА). У 1999–2000 гадах Мацкевіч браў актыўны ўдзел у дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, які адбываўся пад эгідай АБСЭ. Пасьля гэтага ён страціў працу ў сыстэме дзяржаўнай адукацыі.

Аднак у 2003 годзе Мацкевіча нечакана запрасілі весьці ток-шоў «Выбар» на тэлеканале АНТ. Яго праца доўжылася там толькі 9 выпускаў, і пасьля тэмы пра беларускую мову, дзе многія гледачы выказаліся за больш шырокі ўжытак нацыянальнай мовы, Мацкевіча звольнілі.

Мацкевіч падтрымаў стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адной з апошніх палітычных ініцыятываў стала кампанія ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер». Яна ўзьнікла ў адказ на актыўнае абмеркаваньне і падпісаньне інтэграцыйных «карт» паміж Расеяй і Беларусьсю. У сьнежні 2019 году падчас масавых акцый супраць інтэграцыі актывісты кампаніі «Сьвежы вецер» ініцыявалі жывыя ланцугі ў цэнтры Менску.

Мацкевічу належыць ідэя Лятучага ўнівэрсытэту — некалькі дзясяткаў курсаў лекцый ад вядомых у Беларусі мысьляроў.

Актыўны вернік, пратэстант кальвінісцкага толку. У 2006 годзе філёзаф далучыўся да посту-галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё», у якіх забіралі будынак. Тады ўлады пакінулі іх у спакоі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG