Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянін СССР за Лукашэнку і «рускі сьвет». Хто такія «Чароўныя войскі Русі», якіх затрымаў АМАП пад Магілёвам


Кадар зь відэа скокаў у Гомлі
Кадар зь відэа скокаў у Гомлі

2 красавіка — у Гомлі, 28 траўня — пад Магілёвам прайшлі «баявыя скокі» «Чароўных войскаў Русі». У Гомлі міліцыя проста назірала за танцамі, а ў Магілёве АМАП правёў «чароўных» у міліцыю, дзе пасьля двух сутак у ізалятары яны атрымалі штрафы.

Свабода пагутарыла з адэптам руху, які жыве ў адным з райцэнтраў Берасьцейскай вобласьці і падтрымлівае «Чароўныя войскі».

Лічыць сябе грамадзянінам СССР

На старонцы «войскаў» у адной з сацыяльных сетак мерапрыемства ў Магілёве названае карагодам з мэтай «адраджэньня рускай мовы, духоўных каштоўнасьцяў і ўмацаваньня адносін паміж брацкімі народамі». Арганізатары сьцьвярджаюць, што ўсё гэта знаходзіцца «ў поўнай адпаведнасьці з традыцыямі і культурнай палітыкай Рэспублікі Беларусь».

Аднак усё скончылася затрыманьнем. Умовы, у якіх знаходзіліся затрыманыя ў РАУС і ІЧУ Магілёва, яны называюць «найжорсткімі».

60-гадовы Сьветаслаў (ён патлумачыў, што гэта ягонае «духоўнае імя», — РС) расказаў, што ён грамадзянін СССР і належыць да «вялікага рускага народу». Ён сьцьвярджае, што беларускі пашпарт патрэбны яму толькі для «ўзаемадзеяньня з сыстэмай і перамяшчэньня па краіне». Сьветаслаў расказвае, што зьвяртаўся ў органы ўнутраных спраў з просьбай прадставіць дакумэнты аб тым, як ён выйшаў з грамадзянства СССР. Такіх дакумэнтаў яму не далі.

«Гэта значыць, дэ-факта постсавецкія тэрыторыі зьяўляюцца тэрыторыяй СССР», — мяркуе Сьветаслаў.

Ён лічыць, што «баявыя скокі» ў форме карагода — гэта старажытная руская традыцыя, накіраваная на «ўмацаваньне духу людзей».

«Мы маем зносіны са стыхіямі, як раней, каля ракі, ля вогнішча, сярод прыроды, і чэрпаем, і куем рускі дух», — кажа ён.

Ухваляе Лукашэнку за «рускасьць»

Сьветаслаў расказаў, што «баявыя скокі» «чароўныя войскі» ладзяць у Беларусі ня першы раз. Такія скокі праходзілі два гады таму ў Берасьцейскай крэпасьці.

«Ніхто нас не чапаў. Падышоў дырэктар музэю, з намі стаяў у адным ланцугу. Мы яму далі сілы, энэргію, блаславілі на тое, каб ён далей разьвіваў традыцыю, захоўваў нашу Берасьцейскую крэпасьць — сьвятое месца ўсіх народаў СССР. Чаму яно сьвятое — ды таму, што паліта крывёю народу. Там праводзяцца парады, ганаровыя варты — гэта ўсё воінскія абрады, гэта ў нашых рускіх традыцыях, што і ўзмацняе дух і памяць рускіх людзей», — кажа Сьветаслаў.

Паводле ягоных словаў, «баявымі скокамі», іншымі абрадамі «чароўныя войскі» супрацьстаяць тым, хто «хоча зьнішчыць рускіх людзей». Ён мяркуе, што інцыдэнт з затрыманьнем толькі прыцягне ўвагу да «чароўных войскаў».

Сьветаслаў выступае супраць фэмінізму, капіталізму, аднаполых шлюбаў. Ён мяркуе, што ў Беларусі на дзяржаўным узроўні «квітнее ваяўнічы фэмінізм», у прыклад чаго прыводзіць жаночы форум, які беларускія ўлады арганізавалі былі пасьля выбараў.

Але ў цэлым Сьветаслаў пазытыўна ацэньвае дзейнасьць Лукашэнкі, ухваляе традыцыю правядзеньня «Дажынак».

«Лукашэнка ня раз паказваў сваю рускасьць. І цяпер, ва ўмовах пагрозы сусьветнай вайны супраць нас, ён імкнецца быць у саюзе з усімі рускімі краінамі, дый ня толькі, а таксама з краінамі былымі ў межах СССР. Ён разумее, што ў адзінстве наша сіла, дзе цэнтрам, які аб’ядноўвае ўсіх, будзе рускі сьвет», — кажа Сьветаслаў.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG