Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі: Украіна не гатовая разглядаць экспарт збожжа празь Беларусь


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Ўкраіна не гатовая разглядаць пытаньне экспарту ўласнага збожжа празь Беларусь.

«Што да Беларусі: гэтая інфармацыя адкрытая. Нам прапаноўвалі ехаць празь Беларусь чыгункай, — цытуе Зяленскага Інтэрфакс-Украіна. — Мы нават разумеем, які аб’ём. Але мы разумеем, для чаго нам гэта прапаноўвалі. Мы пакуль не гатовыя ісьці па гэтым фармаце і дапамагаць нашым „дружалюбным“ суседзям».

3 чэрвеня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Масква ня будзе перашкаджаць вывазу збожжа з Украіны. Ён прапанаваў зрабіць гэта праз акупаваныя Расеяй парты Марыюпалю і Бярдзянску, парты, якія кантралююцца Украінай, і па чыгунцы праз Румынію, Польшчу і Беларусь.

Расея і Ўкраіна ўваходзяць у пяцёрку найбуйнейшых вытворцаў збожжа ў сьвеце. Пасьля пачатку ўварваньня расейскага войска ва Ўкраіну цэны на прадукты харчаваньня сталі рэзка падымацца. Уздым цэнаў на збожжа і на паліва адбіваецца на кошце любой ежы. Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заяўляў у траўні, што галодная сьмерць на тле вайны пагражае 49 мільёнам жыхароў 43 краін сьвету.

ААН заклікала Расею дазволіць вывезьці збожжа з расейскіх партоў. Гэтая тэма абмяркоўвалася на перамовах Пуціна з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам і прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам.

Масква заяўляла, што гатовая нарасьціць пастаўкі харчаваньня, калі зь яе будуць зьнятыя санкцыі, уведзеныя з прычыны вайны ва Ўкраіне. Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ў адказ на гэта адзначыў, што санкцыі ЗША распрацаваныя так, што дазваляюць экспарт з Расеі сельскагаспадарчай прадукцыі і ўгнаеньняў, а значыць, не ўплываюць на пастаўкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG