Высьвятленьне інфармацыі пра гэта правёў партал Зеркало.
Беларускаму блогеру Андрэю Павуку невядомы расказаў, што ў старшыню Хоцімскага райвыканкаму Міхаіла Куксянкова стралялі. Паводле вэрсіі, якую агучыў блогер, нібыта гэта зрабіў нецьвярозы мужчына, які такім чынам вырашыў заступіцца за жонку. Некалькі мясцовых жыхароў расказалі «Зеркалу», што гэткі выпадак сапраўды адбыўся ў Хоцімску пару тыдняў таму.
Андрэй Павук 28 траўня патэлефанаваў на прамую лінію Хоцімскага райвыканкаму і паразмаўляў зь першым намесьнікам старшыні райвыканкаму Кірылам Быстровым наконт таго, што адбылося. Запіс размовы ёсьць на YouTube-канале блогера. Чыноўнік расказаў, што па будынку райвыканкаму ніхто не страляў. Але зазначыў, што чуў пра сытуацыю на ўзроўні чутак.
Некалькі чытачоў «Зеркала» таксама сьцьвярджаюць, што выпадак усё ж меў месца пару тыдняў таму. Паводле аднаго зь іх, невядомы страляў па вокнах службовага дому, дзе жыве Куксянкоў.
«Бачыў каля дому старшыні шмат міліцэйскіх машынаў, як зь мясцовага РУУС, гэтак і з вобласьці, а таксама мікрааўтобус Сьледчага камітэту. У доме была пашкоджаная шыба, — расказаў адзін зь мясцовых жыхароў. — Паводле суседзяў, стралялі зь невядомага віду зброі ў шыбу. Ці быў дома старшыня або нехта зь ягоных сваякоў — людзям невядома. Справа ў тым, што ў асноўным старшыні Хоцімскага райвыканкаму прызначаюцца зь іншых раёнаў, і ім даецца службовы дом, які знаходзіцца далёка ад цэнтру. Таму яны з суседзямі блізка не размаўляюць і сваякоў у горадзе ня маюць, а значыць, праўдзівую інфармацыю атрымаць праблематычна».
Яшчэ адзін чытач расказаў, што ўсё адбывалася каля поўначы.
«Што канкрэтна адбылося — невядома. Але быццам бы стралялі некалькі разоў, шыбы ня высыпаліся, засталіся адтуліны. Камэраў сачэньня ў горадзе мала, але непадалёк ад дому старшыні райвыканкаму адна была. Быццам бы нават затрымалі двух чалавек. Спачатку аднаго, потым другога. Аднаго зь іх потым адпусьцілі», — расказаў чытач парталу.
Чаму раптам нехта вырашыў пайсьці на такое, невядома. Чытачы з Хоцімску расказваюць некалькі вэрсіяў. Нехта кажа пра помсту, нехта пра тое, што старшыню «проста хацелі папалохаць».
Яшчэ адзін хацімчанін расказаў, што пра старшыню райвыканкаму многія выказваліся станоўча.
«Сам старшыня — адэкватны. У Хоцімску нічога незвычайнага няма. Па факце страляніны ўвогуле нічога не зразумела. Можа свае, можа прыежджыя — у нас тут вельмі блізка мяжа з Расеяй. Да суседняй краіны менш за 10 кілямэтраў. А хацімчане, яны як хобіты — самыя ціхія», — разважаюць чытачы.
«Ніхто па старшыні не страляў»
Журналісты «Зеркала» датэлефанаваліся да намесьніка старшыні Хоцімскага райвыканкаму Мікалая Хучава. Ён запэўніў, што з Куксянковым усё ў парадку
«На працы Міхась Мікалаевіч. Усё зь ім у парадку. Ніхто па ім не страляў. Не зьбірайце вы ўсе гэтыя плёткі. Чалавек працуе. Літаральна пяць хвілін таму бачыў яго на планёрцы», — сказаў Хучаў.
Таксама ён зазначыў, што па будынку райвыканкаму ніхто не страляў, а што да дому, то чыноўнік «там ня быў».
Што кажа міліцыя?
Інфармацыі ад МУС аб здарэньні не было. «Зеркало» патэлефанавала ў Хоцімскі раённы аддзел унутраных спраў. На пытаньне, ці меў месца выпадак з абстрэлам дому старшыні райвыканкаму, дзяжурны супрацоўнік адказаў, што ў райаддзеле ня могуць даць такія зьвесткі.
Хто такі Міхаіл Куксянкоў?
Міхаілу Куксянкову 42 гады. Сам ён родам са Шклову. На пасаду старшыні Хоцімскага райвыканкаму яго прызначылі 18 сакавіка 2020 году. Да таго ён працаваў у Шклоўскім райвыканкаме, быў начальнікам упраўленьня сельскай гаспадаркі і харчаваньня, намесьнікам старшыні, а таксама першым намесьнікам старшыні. З 2015 году і да пераходу ў Шклоўскі райвыканкам ён працаваў дырэктарам Бабруйскага гандлёвага цэнтру Магілёўскага аблспажыўсаюзу.