Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Японская тэрарыстка выйшла з турмы пасьля 20 гадоў


Фусака Сігэнобу (зьлева)
Фусака Сігэнобу (зьлева)

У Японіі ў суботу выйшла з турмы пасьля 20-гадовага зьняволеньня Фусака Сігэнобу – заснавальніца тэрарыстычнай групоўкі «Японская Чырвоная армія».

Сігенобу прытрымлівалася радыкальных камуністычных поглядаў. У пачатку 1970-х гадоў у Ліване яна разам з мужам стварыла «Японскую Чырвоную армію», якая ставіла сваёй мэтай сусьветную сацыялістычную рэвалюцыю. Групоўка была інтэрнацыянальнай, частку яе чальцоў складалі палестынскія левыя радыкалы.

Групоўка ў 70-я і 80-я гады зьдзяйсьняла тэракты, крадзяжы самалётаў і захоплівала закладнікаў у краінах Захаду. Адзінз найбольш вядомых нападаў адбыўся ў 1972 годзе, тады ў перастрэлцы ў аэрапорце Тэль-Авіву загінулі 28 чалавек, у тым ліку муж Сігенабо. У 1973 годзе групоўка захапіла пасажырскі самалёт японскай авіякампаніі, тады абышлося без ахвяр. У 1974-м тэрарысты захапілі францускую амбасаду ў Гаазе (Нідэрлянды). Больш за 4 сутак яны трымалі ў закладніках пасла і іншых супрацоўнікаў, патрабуючы вызваліць сваіх арыштаваных таварышаў. Патрабаваньні былі часткова задаволеныя. Менавіта за гэта злачынства Сігэнобу, якая сплянавала напад, была засуджаная ў Японіі да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

Фусака Сігэнобу ў дзень арышту ў 2000 годзе
Фусака Сігэнобу ў дзень арышту ў 2000 годзе

Усяго ў 70-80-я гады групоўка ажыцьцявіла ня менш як 7 буйных тэрактаў, апошнім зь іх быў выбух у нэапальскім бары, які наведвалі амэрыканскія вайскоўцы, тады загінулі 5 чалавек.

Фусаку Сігэнобу арыштавалі ў Осацы ў 2000 годзе. Прысуд вынесьлі ў 2006 годзе, яна правяла за кратамі ўсе прысуджаныя 20 гадоў. Знаходзячыся ў турме, яна распусьціла «Японскую Чырвоную армію», а выйшаўшы на волю, заявіла, што прыносіць прабачэньні «нявінным людзям», якія пацярпелі празь яе дзеяньні. Цяпер ёй 76 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG