Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмены ў «дармаедзкім» дэкрэце. Плаціць за жыльлё па поўных тарыфах будуць амаль усе, хто зьехаў за мяжу


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Урад увёў істотныя зьмены па «дармаедзкім» дэкрэце. Так, тыя, хто працуе ці вучыцца за мяжой, зараз павінны будуць плаціць за газазабесьпячэньне, ацяпленьне і гарачую ваду па эканамічна абгрунтаваных тарыфах.

Гаворка пра тых, у каго ёсьць ва ўласнасьці жыльлё. Гэтую інфармацыю журналісту «Зеркало» як фізычнай асобе пацьвердзілі ў трох «дармаедзкіх» камісіях.

Журналіст як фізычная асоба патэлефанаваў у тры «дармаедзкія» камісіі ў Менску. Афіцыйна яны называюцца пастаянна дзейнымі камісіямі па каардынацыі па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. Ва ўсіх трох выпадках пацьвердзілі, што ў сакавіку ўвялі істотныя новаўвядзеньні для тых, хто зьехаў за мяжу. Гэта прадугледжана пастановай ураду № 166 ад 25 сакавіка.

Тым, хто працуе або вучыцца за мяжой, давядзецца плаціць за ЖКГ па поўных тарыфах (але гэта тычыцца ня ўсіх краінаў)

Адно з асноўных новаўвядзеньняў, якое ўвялі ў сакавіку, — тыя, хто працуе або вучыцца за мяжой, ня змогуць зараз падаваць дакумэнты аб гэтым і, адпаведна, вызваляцца ад платы за газазабесьпячэньне, ацяпленьне і гарачую ваду па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. З сакавіка праца ці вучоба за мяжой ня лічацца падставамі, каб не плаціць «дармаедзкую» жыроўку.

Але тут ёсьць выключэньне. Гэтае новаўвядзеньне ня тычыцца тых, хто працуе або вучыцца ў краінах Эўразійскага эканамічнага саюзу — Расеі, Казахстане, Армэніі, Кіргізстане. Калі пацьвердзіць сваю занятасьць або вучобу ў гэтых дзяржавах, то «дармаедзкая» жыроўка не пагражае. «Цяпер мы прымаем дакумэнты толькі ад тых беларусаў, якія зьехалі ў дружалюбныя краіны — Расею, Казахстан, Армэнію і Кіргізстан. Ад іх мы прымаем дакумэнты аб тым, што яны знаходзяцца там на навучаньні ці па працы. З усіх астатніх краін мы не прымаем дакумэнты такога характару, што чалавек працуе ці вучыцца», — удакладнілі ў адной з камісій.

Раней для тых, хто працуе за мяжой, можна было прадставіць дакумэнт, напрыклад, копію працоўнай дамовы ці кантракту. Беларусам, якія вучацца на дзённай форме ў іншых краінах, можна было ўзяць даведку з установы адукацыі. Гэта вызваляла ад плацяжоў за газазабесьпячэньне, ацяпленьне і гарачую ваду па эканамічна абгрунтаваных тарыфах.

Новаўвядзеньне для тых, хто застаўся бяз працы ў Беларусі, але зьехаў з краіны больш як на 30 дзён

Яшчэ адна з навін — з 1 сакавіка беларусы, якія трапілі ў базу «дармаедаў» і зьехалі з краіны больш як на 30 дзён, аўтаматычна празь месяц пасьля ад’езду пачынаюць плаціць за газазабесьпячэньне, ацяпленьне і гарачую ваду па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. Выключэньне — выезд на аздараўленьне і санаторна-курортнае лячэньне.

Для тых, хто не зьяжджае з краіны, будзе дзейнічаць ранейшае правіла. Так, тых, хто страціць працу, уключаць у базу не адразу. На пошукі новага месца даецца ад 3 да амаль 6 месяцаў. Чыноўнікі бяруць квартал, у якім чалавек страціў працу, і даюць на працаўладкаваньне яшчэ тры месяцы.

Пра выезд за мяжу больш як на 30 дзён Міністэрству працы паведамляе Памежны камітэт.

У «дармаедзкіх» камісіях расказалі, што па выніках красавіка ўжо склалі сьпісы тых, хто нідзе не працуе і выехаў за мяжу больш як на 30 дзён. Калі ў гэтых людзей ёсьць ва ўласнасьці жыльлё, то за некаторыя жыльлёва-камунальныя паслугі яны будуць плаціць па поўных тарыфах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG