Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: хворую на анкалёгію Дзербыш 15 месяцаў трымалі ў адзіночнай камэры, суд над Андрэевай не прызначылі


Зьняволеная журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева у судзе. Люты 2021
Зьняволеная журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева у судзе. Люты 2021

Праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1 195 чалавек. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна болей.

Хворую на анкалёгію зьмяшчалі ў карцар

Хворую на анкалёгію Галіну Дзербыш падчас сьледзтва прымушалі агаворваць сябе і зьмяшчалі ў карцар, дзе яна некалькі разоў страчвала прытомнасьць, паведаміла «Вясна».

У Горадні ад 18 траўня ідзе суд над 12 фігурантамі «справы Аўтуховіча», сярод якіх і пэнсіянэрка Галіна Дзербыш. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на адным з пасяджэньняў Галіна заявіла, што падчас сьледзтва ёй увесь час пагражалі і прымушалі агаворваць сябе. Яна неаднаразова пісала скаргі ў пракуратуру, але не атрымала ніводнага адказу. Акрамя гэтага, яе зьмяшчалі ў карцэр на 10 дзён, а там не давалі неабходных лекаў, таму яна некалькі разоў траціла прытомнасьць.

Яе абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі); ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму); ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады).

Цягам 15 месяцаў жанчыну ўтрымлівалі ў адзіночнай камэры. У Дзербыш анкалягічнае захворваньне і праблемы з сэрцам.

Новы суд у справе Кацярыны Андрэевай адклалі зь невядомай прычыны

Муж палітзьняволенай журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай пракамэнтаваў Свабодзе, у якім стане новая крымінальная справа ягонай жонкі і ці адбудзецца суд у траўні.

«Суд у справе Каці дагэтуль не прызначалі. Справу перадалі ў Гомельскі абласны суд яшчэ 18 красавіка, таму мы меркавалі, што працэс адбудзецца ўжо ў сярэдзіне траўня. Але пакуль ніякіх зрухаў няма. Напэўна, у траўні суду ўжо ня будзе. З чым зьвязаная гэта затрымка, невядома. Тэрмін утрыманьня пад вартай у СІЗА ёй працягнулі».

Таксама Ігар Ільяш дагэтуль ня ведае, на падставе якіх падзеяў Кацярыне выставілі новае абвінавачаньне ў нібыта «здрадзе дзяржаве». Ніякай новай інфармацыі пра гэта не паступала.

Зь ліставаньнем праблем няма, кажа Ігар Ільяш.

«Лісты ад яе прыходзяць рэгулярна. Каця піша вершы, адзін зь іх я нядаўна апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Безумоўна, Каця стамілася ад працяглага зьняволеньня, але яна трымаецца. У адным зь лістоў Каця напісала: „Мы ня маем права на ўсякія „няма сіл“, „больш не магу“ і г.д. Таму нічога не застаецца, акрамя таго, што і так умеем: сабраць усю волю, цярпеньне, вытрымку, стрыманасьць і са спакойнай годнасьцю глядзець наперад“».

Ігар Ільяш паведаміў, што ў Кацярыны Андрэевай цяпер сэзоннае абвастрэньне алергіі, так у яе заўсёды бывае вясной. Але ў астатнім яна адчувае сябе нармальна, наколькі гэта магчыма ў турме. На ўмовы ў СІЗА яна ня скардзіцца.

Журналістак тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 году падчас жывой трансьляцыі з акцыі памяці загінулага беларускага актывіста Рамана Бандарэнкі і асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх». Паводле вэрсіі сьледзтва, з прычыны стрыму, які журналісткі вялі з аднаго з суседніх высотных будынкаў, быў спынены рух 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных.

7 красавіка стала вядома, што Кацярыне Андрэевай выставілі новае абвінавачаньне — у здрадзе дзяржаве. Ёй пагражае ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня. Але падрабязнасьці справы дагэтуль застаюцца невядомымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG