Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаў вядомы зьмест ліста Лукашэнкі генэральнаму сакратару ААН. Што ў ім ня так


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Лукашэнка напісаў ліст у ААН пра вайну ва Ўкраіне, заявіўшы, што ён ня здраднік і не агрэсар і што Беларусь выступае за мір.

Аляксандар Лукашэнка ў лісьце генэральнаму сакратару ААН Антонію Гутэрышу заявіў, што не зьяўляецца ні агрэсарам, ні здраднікам. Ён заклікаў не дапусьціць перарастаньня вайны ва Ўкраіне ў сусьветную, дзеля чаго трэба адмовіцца ад паставак узбраеньняў, піша БелТА.

Лукашэнка хоча, каб урэгуляваньне ішло пры ягоным удзеле і з наданьнем гарантый бясьпекі Беларусі. На мінулым тыдні ліст перадаў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў.

У лісьце Лукашэнка ўспомніў ІІ сусьветную вайну, напісаўшы, што «ў барацьбе з гітлераўскім нацызмам Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара».

Ён нагадаў аб адмове Беларусі ад ядзернай зброі пасьля распаду СССР, а таксама аб сваёй ініцыятыве аб дыялёгу па ўмацаваньні мер даверу, бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе і «поясе лічбавага дабрасуседзтва».

Лукашэнка чарговы раз абвінаваціў краіны Захаду ў правакацыі вайны ва Ўкраіне. Пры гэтым, паводле яго, Беларусь выступае за найхутчэйшае ўрэгуляваньне «сытуацыі» ва Ўкраіне.

Акрамя таго, ён зазначыў, што вайна, санкцыі Захаду супраць Расеі ўжо нясуць сур’ёзныя пагрозы і разбуральныя наступствы. Ён лічыць, што нельга дапусьціць перарастаньня канфлікту ў сусьветны. Для гэтага нібыта трэба спыніць пастаўкі ўзбраеньняў і адмяніць санкцыі.

Лукашэнка выступіў за захаваньне ААН, якая, на яго думку, можа паўтарыць лёс Лігі нацый — арганізацыі, якая існавала ў пэрыяд паміж дзьвюма сусьветнымі войнамі. Між іншым, СССР выключылі зь яе за агрэсію супраць Фінляндыі.

Нядаўна Антонію Гутэрыш дапусьціў паслабленьне санкцый супраць Расеі і Беларусі ў сфэры калійных угнаеньняў, каб не дапусьціць голаду на плянэце.

Чаго не згадаў Лукашэнка

  • У сваім лісьце Лукашэнка не напісаў, што менавіта Расея напала на Ўкраіну, забівае яе грамадзян, робіць шматлікія разбурэньні і акупуе тэрыторыі.
  • У лісьце да Гутэрыша Лукашэнка не згадаў, якую ролю адыграла ў нападзе і абстрэлах украінскіх гарадоў улада Беларусі.
  • Лукашэнка раней падтрымаў расейскую агрэсію супраць Украіны і прагназаваў яе падзеньне за 3-4 дні. Пасьля таго, як наступ Расеі захлынуўся і расейскія войскі сталі адступаць з паўночных рэгіёнаў Украіны, Лукашэнка і ягоныя падначаленыя пачалі выступаць пра мірныя перамовы і міралюбны характар палітыкі Рэспублікі Беларусь.
  • Прапаганда у дзяржаўных СМІ Беларусі цалкам займае бок Расеі і фактычна паўтарае расейскія наратывы.
  • Акрамя таго, па Беларусі пракацілася хваля затрыманьняў за падтрымку Ўкраіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG