Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанія абяцае дапамогу Малдове на выпадак агрэсіі Расеі


Міністарка замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас
Міністарка замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас

Міністарка замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас лічыць неабходным «экіпіраваць Малдову паводле стандартаў NATO», каб гэтая краіна магла абараніць сябе ад магчымай расейскай агрэсіі.

Пра гэта Трас заявіла ў інтэрвію газэце The Telegraph.

Паводле Трас, цяпер вядуцца перамовы з саюзьнікамі аб тым, як дапамагчы невялікім краінам абараніць сябе з улікам «амбіцый прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна». «Пуцін выразна заявіў аб сваіх амбіцыях па пашырэньні Расеі. Тое, што яго спробы ўзяць Кіеў не ўвянчаліся посьпехам, не азначае, што ён адмовіўся ад гэтых амбіцый», — адзначыла Трас.

Брытанская міністарка падкрэсьліла, што мэта ў тым, каб даць Украіне на доўгі тэрмін магчымасьць сябе абараняць, але гэта тычыцца і іншых «уразьлівых дзяржаў», такіх як Малдова, якая таксама не ўваходзіць NATO.

З канца красавіка ўлады Прыднястроўя — прарасейскай непрызнанай рэспублікі, якая паводле міжнароднага права зьяўляецца часткай Малдовы — неаднаразова паведамлялі пра абстрэлы ў рэгіёне. З Украінай у Малдовы агульны ўчастак мяжы 1200 кілямэтраў. Гучаць засьцярогі, што вайна ва Ўкраіне можа перакінуцца і на малдоўскую тэрыторыю. У Прыднястроўі базуюцца каля паўтары тысячы расейскіх вайскоўцаў.

Малдова не ўваходзіць у Паўночнаатлянтычны альянс, але яна падала заяўку на ўступленьне ў ЭЗ менш чым праз два тыдні пасьля сёлетняга расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

У траўні кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль паабяцаў садзейнічаць нарошчваньню вайсковай дапамогі Малдове.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG