Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інфармацыя ад воінаў сьвятла з матрыцы»: за абразу Лукашэнкі ў Беларусі судзяць нават псыхічна хворых


У Савецкім судзе Гомля 20 траўня разглядалі не зусім звычайную справу па абвінавачаньні Вадзіма Фядосава ў «абразе прэзыдэнта» (ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Мохараў.

Абвінавачаны на працэсе не прысутнічаў, яго інтарэсы прадстаўляў юрыст адміністрацыі Савецкага раёну Гомля. Сам абвінавачаны знаходзіцца ў псыхіятрычнай бальніцы ў Бярозках на прымусовым лячэньні са сьнежня 2021 году, паколькі мае псыхіятрычны разлад. Апроч гэтага з 2019 году ён знаходзіцца на ўліку ў наркадыспансэры на глебе алькагалізму.

Вадзіма Фядосава ў 2020 годзе прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці, у тым ліку за апаганьваньне будынкаў і грамадзкіх месцаў. Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, у лістападзе 2021 году Фядосаў са свайго электроннага адрасу разаслаў па пракуратурах усіх буйных гарадоў зварот, у якім сьцьвярджаў, што прэзыдэнт Лукашэнка — злачынец і пэдафіл, «крышуе» разам са сваёй сям’ёй і сілавікамі ўвесь наркатрафік у Беларусі, прадае і цкуе дзяцей наркотыкамі.

Падчас сьледзтва, на апытаньні, Фядосаў пацьвердзіў інфармацыю, якая была ў лісьце, а на пытаньне адкуль у яго гэтая інфармацыя адказаў, што атрымлівае ўсе адказы ад «воінаў сьвятла з матрыцы і яшчэ нейкіх толькі яму вядомых крыніц».

На момант зьдзяйсьненьня злачынства псыхіятрычнай экспэртызай абвінавачаны прызнаны душэўнахворым і няздольным адказваць за свае ўчынкі.

З улікам гэтага, у ходзе спрэчак, пракурор прапанавала зьняць з абвінавачанага крымінальную адказнасьць і пакінуць яго на прымусовым лячэньні ў псыхіятрычнай бальніцы з агульным кантролем. Прадстаўнік абвінавачанага і адвакат падтрымалі пракурора, што ў канцы і агучыў судзьдзя ў якасьці прысуду.

Тэлефон прысудзілі канфіскаваць на карысьць дзяржавы.

Падобная справа разглядалася нядаўна і ў Вілейцы

У судзе Вілейскага раёна на 13 траўня быў прызначаны разгляд крымінальнай справы Сяргея Сафарава, якога абвінавачвалі ў абразе Лукашэнкі. Справу разглядаў судзьдзя Канстанцін Калядаў.

Аднак у суд паступілі мэдычныя дакумэнты аб прызнаньні Сафарава недзеяздольным, і на момант учыненьня злачынства ён ня мог адказваць за свае дзеяньні.

Па інфармацыі, якая стала вядома праваабаронцам, Сяргей Калядаў паглуміўся з партрэта Аляксандра Лукашэнкі, груба размаляваўшы яго.

Судзьдзя Канстанцін Калядаў прыняў рашэньне аб спыненьні крымінальнай справы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG