Пра гэта паведамляе BPN, прыводзячы словы Лукашэнкі, што пасьля выбараў «некаторыя ня згодныя з вынікамі галасаваньня грамадзяне, асабліва актыўна занятыя ў пратэстах, вырашылі зьехаць з краіны».
«Я ж атрымліваю інфармацыю: многія зь іх вельмі хочуць вярнуцца дадому, а ня ведаюць, як. Па-першае, сорамна, няёмка: уцяклі, а цяпер як вярнуцца? Няхай думаюць. Як беглі, так няхай і вяртаюцца», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Тэму вяртаньня грамадзян, якія пакінулі Беларусь, Лукашэнка падымаў 28 студзеня падчас свайго пасланьня:
«Мая вам парада: дадому, кайцеся і станавіцеся на калені, — сказаў тады ён. — Заплаціце штрафныя санкцыі за нанесеную шкоду хаця б часткова, таму што на тое, што вы нарабілі, ня хопіць ні вашай уласнасьці, ні ўсяго таго, што вы заробіце наперад за сваё жыцьцё. Каму трэба, хто гэта заслужыў па законе, адседзіце ў „месцах не такіх аддаленых“».
Пасля 9 жніўня 2020 году Беларусь пакінулі сотні тысяч чалавек. Праваабаронцы паведамляюць пра частыя выпадкі, калі тых, хто хаця б ненадоўга вярнуўся ў Беларусь зь сямейных ці іншых патрэбаў, арыштоўваюць і судзяць.