Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта быў крок адчаю». Актора-ўкраінца з РТБД дэпартавалі зь Беларусі за ўдзел у антываеннай акцыі пратэсту


Максім Шышко
Максім Шышко

Актор Максім Шышко 27 лютага выйшаў зь вялікім украінскім сьцягам да будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Гэта быў ягоны адзіночны пікет супраць вайны.

Літаральна празь некалькі хвілін Максіма затрымалі, потым асудзілі на 15 сутак, а па вызваленьні дэпартавалі зь Беларусі, бо ён грамадзянін Украіны. Сваю гісторыю Максім Шышко расказаў Свабодзе.

«Прынцыпова не прымаў беларускага грамадзянства»

Максіму Шышко 33 гады, ён нарадзіўся ў Валынскай вобласьці Ўкраіны. Калі хлопцу было дзесяць гадоў, сям’я прыняла рашэньне пераехаць у Беларусь, пасяліліся ў вёсцы ў Маларыцкім раёне.

«Бацькі — украінцы. У Беларусь перабраліся праз эканамічную сытуацыю, былі праблемы з пошукам працы. Нейкі час я ня меў права атрымліваць беларускае грамадзянства, а потым ужо зразумеў, у якой краіне я жыву, таму не хацеў мець беларускі пашпарт. Гэта было маім прынцыповым рашэньнем.

Мне нічым не замінала ўкраінскае грамадзянства, апроч таго, што ў шпіталі можна было ляжаць бясплатна толькі тры дні, а потым ужо за грошы», — расказвае Максім Шышко.

Повязі з Украінай хлопец не губляў, езьдзіў на радзіму, пакуль там была жывая бабуля, перапісваўся зь сябрамі з Украіны. Максім досыць вольна валодае ўкраінскай, хоць і кажа, што гаворыць з валынскім акцэнтам.

«Цяпер з украінскімі сябрамі размаўляю па-ўкраінску, вельмі шмат беларускіх сяброў перайшлі на беларускую, а мова міжнацыянальных стасункаў — ангельская».

Максім Шышко
Максім Шышко

Звольніўся на знак салідарнасьці з купалаўцамі

Чаму Максім Шышко зьвязаў сваё жыцьцё з акторскай дзейнасьцю і тэатрам?

«Пасьля школы пайшоў на вакал у Берасьцейскі музычны каледж. Потым паступіў у Акадэмію мастацтва на акторскае майстэрства, трапіў на курс да Зоі Валянцінаўны Белахвосьцік. Гэта вялікі пэдагог. І былы мастацкі кіраўнік тэатру беларускай драматургіі Аляксандар Гарцуеў таксама быў з намі, мы разам ставілі дыплёмны спэктакль. Усё вось так закруцілася».

У РТБД хлопец трапіў па разьмеркаваньні. Кажа, што ягоны курс быў багаты на хлопцаў, таму яны шмат дапамагалі ў тэатры, то з дэкарацыямі, то са сьвятлом, так і засталіся там.

Максім лічыць, што ў параўнаньні зь іншымі дзяржаўнымі тэатрамі ў РТБД да апошняга часу яшчэ можна было даносіць са сцэны свабодныя думкі. З РТБД Шышко звольніўся пасьля падзеяў 2020 году на знак салідарнасьці з калегамі з Купалаўскага, але працягваў супрацоўнічаць праз разавыя кантракты. Адначасова вучыўся на ІТ-спэцыяліста.

«Бульба сама сябе не пасадзіць»

Актор расказвае, што ранкам 24 лютага, калі Расея пачала агрэсію ва Ўкраіну, ён доўга ня мог паверыць, што такое магчыма.

Спэктакль “Вар‘ятка“. Роля “Ён”
Спэктакль “Вар‘ятка“. Роля “Ён”

«Я ня верыў да апошняга, што можа быць вайна, што ў галовах людзей хопіць дурасьці, каб а 4 гадзіне ранку напасьці на Кіеў, як было падчас Другой сусьветнай. Я ня думаў, што хопіць такога нахабства. Спачатку ня верылася ў тое, што бачыў у тэлеграм-каналах, фэйсбуку, бо думаў, што вось гэта можна зрабіць грымам, нешта змантаваць. Гэта быў такі псыхалягічны блёк з майго боку. Але факты пацьвярджалі ўсё. Пачаў тэлефанаваць усім сябрам, якія былі з Украіны: і беларусам, і ўкраінцам».

Максім расказвае, што адразу зьвязаўся са сваім найлепшым сябрам са школьных часоў ва Ўкраіне. Ён на той момант быў у Польшчы, потым вывез туды сям’ю.

«Я нядаўна патэлефанаваў яму. „Дзе ты?“ — пытаюся. „Ва Ўкраіне. Бульба сама сябе ж не пасадзіць. Мы ўжо тут будзем“, — адказвае мне».

«Сам пайшоў здавацца ў палон»

І хаця 27 лютага ў Беларусі адбываўся рэфэрэндум, аднак свой пратэст Максім Шышко зьвязаў выключна з падзеямі ва Ўкраіне.

«Я б сказаў, што гэта быў нэрвовы зрыў — абсалютны крок адчаю. Я сядзеў і не разумеў, як буду глядзець сваім людзям, дзецям, жонцы ў вочы. Я спрабаваў на нешта паўплываць. У мяне не было ніякага пляну, я разумеў, чым гэта можа скончыцца, што мяне могуць дэпартаваць, але ня думаў, што так подла зробяць».

Месцам для сваёй акцыі Максім абраў Нацыянальную бібліятэку. Кажа, што выбар быў невыпадковы, бо лічыць, што кніга, слова — гэта сымбаль дыялёгу, перамоваў. З сабой у актора быў вялікі блакітна-жоўты сьцяг.

У ролі Белагубава з спэктаклю Аляксандра Гарцуева “Профіт”
У ролі Белагубава з спэктаклю Аляксандра Гарцуева “Профіт”

«Мне сказалі, што затрымалі праз 13 хвілін. Пад’ехала машына, і я сам пайшоў здавацца ў палон, каб яны за мной ня бегалі, не прымянялі брутальныя мэтады, мне гэтага не хацелася. Сэнс акцыі быў у тым, каб зь імі пагаварыць, запусьціць ланцуговую рэакцыю.

Я прасіў, каб яны ня ўздумалі ехаць ва Ўкраіну. Казаў, што яны могуць загінуць там, але і нарабіць шкоды. Адным з маіх аргумэнтаў было, што Ўкраіна і Беларусь ніколі не ваявалі (я ведаў, што канфлікты былі, але яны ня ведалі, і я гэтым карыстаўся). Казаў, што 23 гады пражыў у Беларусі, і да мяне ніколі не было пытаньняў. Гаварыў, што ў Менску ёсьць вуліца Шаўчэнкі, што нашы дзяды разам перамаглі фашызм. Я імправізаваў, але словы самі сабой вырываліся, і я спадзяюся, што здолеў на іх паўплываць», — расказвае актор.

«Інтэлігенцыя, якая ня можа нічога супрацьпаставіць»

Прыкладна гэтыя самыя словы Максім Шышко паўтараў на судзе, але на рашэньне судзьдзі гэта ніяк не паўплывала — 15 сутак арышту.

«Сьвятло ноччу не выключалі, кожную раніцу праверка ўсіх зьняволеных, двойчы за ноч пераклічка. Разам са мной сядзелі выкладчыкі, прафэсары, айцішнікаў вельмі шмат, карацей, інтэлігенцыя, якая ня можа нічога супрацьпаставіць гэтым брутальным мэтадам».

Час на «сутках» праходзіў у занятках ангельскай мовай, займаліся па тры-чатыры гадзіны, чыталі лекцыі адзін аднаму, гулялі ў «кракадзіла».

«Весткі пра вайну прыходзілі з новымі затрыманымі. Тое, што чулі ад іх, прыносіла аптымізм. Казалі, што Кіеў і ўся Ўкраіна трымаюцца. Першае пытаньне да новых суседзяў па камэры — ці ўдзельнічае Беларусь у вайне, другое — як трымаецца Ўкраіна».

Спэктакль “Кар’ера доктара Раўса“. Роля “Файны хлопчык у галіфэ“.
Спэктакль “Кар’ера доктара Раўса“. Роля “Файны хлопчык у галіфэ“.

«Нічога мне не казалі»

Рашэньне аб дэпартацыі Максіма Шышко прынялі, калі актор быў у зьняволеньні на Акрэсьціна. Па законе ў яго мусіла быць пяць дзён на тое, каб аспрэчыць рашэньне, але на сутках яго ніхто пра гэта не апавясьціў.

Пра тэхнічныя дэталі сваёй дэпартацыі Максім Шышко гаварыць ня можа. Аднак, як стала вядома Свабодзе, яго выслалі не ва Ўкраіну.

«Пра дэпартацыю даведаўся па сканчэньні 15 сутак. Мяне нават ня выпусьцілі, проста зь ЦІПа перавялі на ІЧУ, там я сядзеў з двума хлопцамі — адзін расеец і адзін украінец, міліцыянты яшчэ баяліся, што мы паб’емся, але ўсе адэкватныя людзі. Я там праседзеў тры дні. Адтуль мяне павезьлі ў аэрапорт, нават не далі зайсьці дадому. Нічога яны не казалі, ім галоўнае было — выштурхнуць мяне зь Беларусі. Гэта было 18 сакавіка», — расказвае Шышко.

Максім не шкадуе сёньня аб сваім учынку. Кажа, што ня мог у той сытуацыі паступіць інакш. Уезд на тэрыторыю Беларусі яму забаранілі на наступныя 10 гадоў.

«У расейскіх сэрыялах болей здымацца ня буду»

Раней Максім Шышко нярэдка здымаўся ў расейскіх фільмах і сэрыялах. Цяпер кажа, што не пагодзіцца на такія ўмовы ні за што.

«Апошні праект скончыўся якраз 17 лютага. Сымбалічна, што гэта быў сэрыял пра вайну, дзе я граў украінскага выведніка. Там украінец з рускімі ваюе супраць фашыстаў. І літаральна праз пару дзён пачалася вайна.

Здымкі ў расейскім сэрыяле пра вайну
Здымкі ў расейскім сэрыяле пра вайну

Прапаноўваў па працы з Расеі больш не было. Думаю, і не паступіць, але я і сам не пагаджуся. Усе ўсё ведаюць. Насамрэч вельмі шмат падтрымкі і з індустрыі кіно, і з тэатру. Пыталіся, чым дапамагчы».

Галоўным плянам на будучыню актор называе жаданьне нарэшце распакаваць чамадан, зь якім ён зьехаў зь Беларусі. За два месяцы бадзяньня па сьвеце зрабіць гэтага пакуль не ўдалося.

«Думаю, што я ўжо на 2/3 беларус, калі лічыць па колькасьці пражытых гадоў. А пасьля адседкі я ўжо сапраўдны беларус», — з усьмешкай кажа Максім Шышко.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG