Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне могуць завочна расстраляць». Што дэмакратычныя лідэры думаюць пра завочныя суды над імі і канфіскацыю маёмасьці


Зьлева направа: Андрэй Стрыжак, Сьвятлана Ціханоўская, Павал Латушка
Зьлева направа: Андрэй Стрыжак, Сьвятлана Ціханоўская, Павал Латушка

Беларускія ўлады разглядаюць магчымасьць крымінальнага новаўвядзеньня — завочных судоў і канфіскацыі маёмасьці ў тых, хто не знаходзіцца ў Беларусі. Прадстаўнікі ўлады выказваліся, што такія меры могуць быць прынятыя да дэмакратычных лідэраў, якія цяпер за мяжой.

«Такія законы — добры напамін, чаму мы не павінны здавацца»

У дачыненьні да Сьвятланы Ціханоўскай органы распачалі шэраг крымінальных спраў. Гэта і стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня, і заклікі да зьмены канстытуцыйнага ладу, і змова з мэтай захопу ўлады, і падрыхтоўка масавых беспарадкаў. У сакавіку 2022 году Генэральная пракуратура распачала ў дачыненьні да яе новую крымінальную справу — за заклікі да санкцый і іншыя дзеяньні, накіраваныя на шкоду нацыянальнай бясьпецы.

Сьвятлана Ціханоўская кажа, што даўно перастала дзівіцца «новым абсурдным рашэньням гэтых людзей».

«Не таму, што лічу гэта нармальным. Але таму, што нічога іншага ад іх не чакаю. Калі мы ня зьменім сыстэму — ня зьменіцца і наша будучыня. Усё, што беларусы стварылі, зарабілі шчырай працай — будзе пад пагрозай, бо гэты рэжым ня ўмее ствараць ці зарабляць. Ён умее толькі адбіраць чужое, запалохваць, разбураць, знаходзіць фальшывыя доказы пад чужымі канапамі», — лічыць Сьвятлана Ціханоўская.

Новы закон, кажа яна, — «добры напамін, чаму мы не павінны здавацца».

«Каб кожны раз, калі мы захочам мець нешта сваё ў гэтай краіне — думку, бізнэс, дом — ніхто ня мог прыйсьці і забраць гэта ў нас», — дадала яна.

«Канфіскаваць у мяне могуць толькі любімыя мясьціны, сяброў і сваякоў»

Заснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак зь лета 2020 году не жыве ў Беларусі. Сьледчыя органы заводзяць на яго новыя крымінальныя справы і абвяшчаюць у вышук. Па вэрсіі органаў, Стрыжак — «фінансіст» пратэстаў і экстрэмістаў. Цяпер яшчэ і «фінансіст» вайны ва Ўкраіне.

Сам ён кажа, што ўжо заблытаўся, колькі мае крымінальных спраў. Палічыў толькі, што яму пагражае да 25 гадоў пазбаўленьня волі.

Але сьцьвярджае, што канфіскацыі маёмасьці, якой пагражаюць беларускія ўлады «экстрэмістам», не баіцца. Кажа, што ў Беларусі ён пакінуў «любімыя мясьціны, сяброў, сваякоў».

«У бацькоў заставаўся стары комп. ГУБАЗіК вырваў зь яго жорсткі дыск. У Гомлі я жыў на арандаванай кватэры. Адтуль блізкія забралі мае рэчы ўжо пасьля пераезду. Нічога каштоўнага там не было», — кажа заснавальнік фонду.

Навіну пра плянаваныя завочныя суды і канфіскацыі ён успрыняў са сьмехам.

«Мы для іх — вялікая праблема. Яны ня ведаюць, што з намі рабіць. Органы не разумеюць нашай матывацыі. Начальнік Сьледчага камітэту думае, што ўсё можна вымяраць сваёй меркай. Людзі пабудавалі сабе лецішчы, кватэры за доўгую кар’еру, і гэта для іх каштоўнасьць — карупцыйнымі гісторыямі зарабіць мільёны», — кажа Андрэй.

Ён зьвяртае ўвагу, што завочны перасьлед немагчымы па законах справядлівага суду, ён пазбаўляе людзей фундамэнтальнага права на абарону.

Стрыжак лічыць, што магчымасьць прыцягненьня яго да адказнасьці за «злачынствы» ў Беларусі — нулявая.

«Натуральна, рознае можа здарыцца. Але цяпер гэта немагчыма — выдача зь Літвы ў Беларусь. Міністар замежных спраў Літвы казаў пра гэта — ніякай выдачы ў лукашэнкаўскую Беларусь ня будзе. Літва, дзе я жыву, — спэцыфічная краіна. Тут усё навідавоку, тут немагчыма правесьці таемныя маштабныя мерапрыемствы — падрыхтоўку да выкраданьня чалавека. Гэта заведама правал», — дадаў Андрэй Стрыжак.

«Асабіста на мяне гэты законапраект ня мае ўплыву»

Кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка абвешчаны беларускімі ўладамі ў вышук. Спачатку яго абвінавачвалі ў хабары. Потым гэтае абвінавачаньне зьнялі. Але зьявіліся новыя — і захоп улады, і прысваеньне пасад, і нават «акт тэрарызму». Па частцы 3 артыкула 289 яму пагражае сьмяротнае пакараньне. «Мяне могуць завочна расстраляць», — кажа Латушка.

«Я па адукацыі юрыст. У законапраекце парушаны базавыя прынцыпы права, якія вывучаюць на першым курсе юрыдычнага факультэту. Гэты законапраект абсалютна палітызаваны і мае на мэце дэматываваць кіраўнікоў беларускіх дэмакратычных ініцыятыў, якія актыўна выступаюць супраць гвалту і рэпрэсій. Асабіста на мяне гэты законапраект ня мае ніякага ўплыву. Наадварот — матывуе мяне мэтанакіравана весьці барацьбу як з рэжымам Лукашэнкі, так і з асобамі, якія прымаюць такія законы», — кажа Павал Латушка.

Паводле яго словаў, ён не баіцца, што Польшча выдасьць яго беларускім уладам.

«Улады пагражалі, што падалі мяне на вышук у Інтэрпол. Так ці не — ня ведаю, бо з боку польскіх уладаў у дачыненьні да мяне не было ніякіх дзеяньняў. Аднак у нас ёсьць інфармацыя зь сілавых структур Беларусі, што задача аб выкраданьні за мяжой лідэраў дэмакратычных сілаў стаіць і ня зьнятая з парадку дня», — дадаў кіраўнік НАК.

Паводле Латушкі, з маёмасьці ў Беларусі ў яго ёсьць банкаўскі рахунак, «але ён даўно ўжо заблякаваны».

«Закон — рэакцыя на тое, што дэмакратычныя краіны не выдаюць людзей, якіх перасьледуюць за палітыку»

Праваабаронца Павал Сапелка лічыць, што магчымае прыняцьце закону аб завочных судах і канфіскацыі маёмасьці — рэакцыя беларускіх уладаў на тое, што дэмакратычныя краіны не выдаюць людзей, якіх перасьледуюць за палітыку.

«Усур’ёз зьмяняецца крымінальна-працэсуальнае заканадаўства ў частцы разгляду крымінальных спраў тых людзей, якіх няма ў Беларусі. У сувязі з гэтым пашыраюцца магчымасьці іх завочнага перасьледу. Раней гэта можна было рабіць толькі пасьля расьсьледаваньня. Цяпер зьявіцца магчымасьць і расьсьледаваць без удзелу абвінавачанага», — кажа праваабаронца.

З пункту гледжаньня выкананьня стандартаў, якія закладзеныя ў міжнародных дамовах, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, гэта стане, на думку праваабаронцы, грубым парушэньнем грамадзянскіх і працэсуальных правоў.

«Невядома пакуль, якой будзе практыка прымяненьня гэтага закону. Час пакажа, для чаго ён ствараўся. Такі закон, у першую чаргу, — гэта інструмэнт запалохваньня людзей. Можа, і інструмэнт, каб наладзіць інстытут матэрыяльнага спагнаньня — канфіскацыю маёмасьці», — дадаў Павал Сапелка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG