Кіраўніцу Незалежнага прафсаюзу «Нафтана» судзілі па пяці адміністрацыйных пратаколах за «несанкцыянаванае пікетаваньне». За кратамі яна прыдумляла выраз кожнага дня і завяла адмысловы каляндар, запісваючы кожны з 75 дзён няволі.
Вольга Брыцікава расказала «Народнай волі», як правяла 75 дзён адміністрацыйнага арышту. Яна адзначыла, што больш жорсткіх, чым у іншых зьняволеных, умоў ёй у ізалятары не стваралі.
«Не ўяўляла, што за надпіс на куртцы „Не — вайне“ давядзецца правесьці ў ізалятары аж 75 дзён! Усё-такі верыла, што людзі будуць прытрымлівацца нейкіх нормаў законнасьці. Але аказалася, што ўсё даведзена да абсурду. Я лічыла і лічу, што нічога супрацьзаконнага не рабіла, а проста скарысталася правам, якое нам гарантавана Канстытуцыяй, — правам мець сваю думку і свабодна яе выказваць. Я выступала супраць вайны, што ў гэтым дрэннага?! Але ў тых, хто трымаецца за ўладу, пра гэта, відаць, іншая думка».
Першыя тры пратаколы на Брыцікаву склалі цягам тыдня. А найбольш цяжка яна ўспрыняла навіну пра чацьвёрты.
«Самы складаны ў псыхалягічным пляне быў момант, калі склалі чацьвёрты пратакол, які зьявіўся за гадзіну да таго, як мне трэба было выходзіць на волю. Ты чакаеш гэтага, рыхтуесься, і тут — атрымайце новыя „суткі“!»
Брыцікава сядзела ў камэры на дваіх, у якой часам знаходзілася адна, а былі пэрыяды, калі там былі трое. Зь перадачамі і ліставаньнем праблем не было.
«Сувязь з вонкавым сьветам падтрымлівалася празь перадачы ад блізкіх і знаёмых. Атрымлівала шмат лістоў і паштовак, гэта дапамагала не адчуваць сябе няшчаснай. Брытанскія навукоўцы, дарэчы, высьветлілі, што для таго, каб чалавек адчуваў сябе шчасьлівым, трэба, каб яго абнялі ня менш як сем разоў за дзень. Дзякуючы лістам я таксама разумела, што ня ўсё так дрэнна ў гэтым жыцьці».
Вольга сказала, што за кратамі завяла сабе каляндар і кожны дзень выкрэсьлівала чарговыя суткі і прыдумляла выраз дня.
Акрамя таго, Вольга Брыцікава адказала на пытаньне, што цяпер зь незалежным прафсаюзам «Нафтану».
«Дзякуючы дзеяньням наймальніка сябры нашага прафсаюзу вымушаны былі або звольніцца з прадпрыемства, або пакінуць прафсаюз. Таму цяпер у прафсаюзнай ячэйцы засталіся я і тыя, хто на пэнсіі. Да таго ж ня выключана, што нас наагул могуць пазбавіць рэгістрацыі. Як вядома, на незалежныя прафсаюзы зараз ідзе сур’ёзны наступ».
Вольгу Брыцікаву затрымалі 27 лютага на ўчастку для галасаваньня падчас рэфэрэндуму. Яе абвінавацілі ў тым, што яна фатаграфавала бюлетэнь. Суд пакараў яе 15 днямі арышту. Аднак ужо празь некалькі дзён яе асудзілі паўторна — за надпісы «Не — вайне» на куртцы, зробленыя на трох мовах: беларускай, расейскай і ангельскай.
На трэці раз падставай для суду сталі паперкі з надпісамі «Не — вайне» на вокнах ейнай кватэры, а падставай для чацьвёртага — допіс «Не — вайне» ў Instagram.
Агулам Вольгу Брыцікаву судзілі пяць разоў паводле артыкулу 24.23 («несанкцыянаванае пікетаваньне»). 75 дзён прафсаюзная актывістка правяла ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Вушачах.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.