Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямён Шарэцкі адкрыў форум дэмакратычных сіл Беларусі у Варшаве. ФОТА


Выступае Сямён Шарэцкі
Выступае Сямён Шарэцкі

16-17 траўня ў Варшаве праходзіць форум дэмакратычных сіл Беларусі, на які онлайн зарэгістравалася каля 150 чалавек.

Згодна з праграмай, цягам двух дзён падчас форуму выступяць экс-кіраўнікі Беларусі, удзельнікі прэзыдэнцкіх выбараў мінулых гадоў, палітыкі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, навукі, бізнэсу, экспэртнай супольнасьці, дыяспары, замежныя госьці, дыпляматы.

Вераніка Цапкала і Валер Цапкала сярод удзельнікаў форуму дэмакратычных сіл Беларусі, Варшава, 16 траўня 2022
Вераніка Цапкала і Валер Цапкала сярод удзельнікаў форуму дэмакратычных сіл Беларусі, Варшава, 16 траўня 2022

Форум, паводле арганізатараў, задуманы як пляцоўка для дыскусіі аб будучыні Беларусі, для пошуку ідэй і выпрацоўкі прапаноў у розных пытаньнях грамадзкага, эканамічнага і палітычнага разьвіцьця дзяржавы.

Форум пачаўся з хвіліны маўчаньня ў памяць усіх загінулых падчас вайны Расеі ва Ўкраіне.

Форум па відэасувязі з ЗША адкрыў старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі XIII скліканьня, акадэмік НАН Беларусі Сямён Шарэцкі.

Ён падкрэсьліў у сваёй прамове, што захапляецца беларусамі, якія змагаюцца на баку Ўкраіны. Ён таксама выказаў спачуваньне ўкраінскаму народу і зьвярнуў увагу на мужнасьць і ўстойлівасьць грамадзян, якія абараняюць сваю зямлю ад агрэсара:

«Змагаючыся за сваю свабоду, украінскі народ праявіў ня толькі гераічнасьць, але і згуртаванасьць».

Шарэцкі заклікаў апазыцыйныя сілы Беларусі «нягледзячы на рознасьць думак, а тым больш на амбіцыі» спыніць публічныя спрэчкі, каб перамагчы рэжым Лукашэнкі. Для гэтага, паводле Шарэцкага, трэба згуртавацца, як гэта ў свой час зрабілі грамадзяне балтыйскіх рэспублік, а сёньня ўкраінцы ў барацьбе з незаконным узурпатарскім рэжымам.

«Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне і яе ўзброеным сілам! Перамога будзе за праўдай», — зазначыў у канцы свайго выступу Шарэцкі.

«Беларусь — гэта не саўдзельнік расейскай агрэсіі, а першая ахвяра расейскай агрэсіі. Беларусь — гэта тое, што хацеў зрабіць Пуцін з Украінай, але яму не ўдалося, — сказаў у сваёй прамове кіраўнічы партэр кансалтынгавай кампаніі PGR Consulting Group LLC, грамадзкі дзеяч Руслан Рохаў.

Ён таксама зазначыў, што грамадзянам Беларусі трэба «зьвяртацца да міжнароднай супольнасьці аб прызнаньні Беларусі, акупаванай тэрыторыяй».

Выступае Вераніка Цапкала
Выступае Вераніка Цапкала

Пазыцыя арганізатараў форуму

Паводле арганізатараў форуму, Беларусь перажывае найвастрэйшы палітычны крызіс:

«Улада ня мае легітымнасьці, топча фундамэнтальныя правы чалавека, у вымушанай эміграцыі знаходзіцца больш за паўмільёна нашых суайчыннікаў, адбываецца разбурэньне беларускай дзяржаўнасьці, пагаршаецца якасьць жыцьця насельніцтва. У цяперашніх умовах у Беларусі няма магчымасьці весьці галосную і адкрытую дыскусію аб шляхах разьвіцьця краіны, аб вырашэньні пытаньняў, якія хвалююць грамадзян».


Форум зьяўляецца публічнай пляцоўкай для пошуку ідэй і выпрацоўкі прапаноў па вырашэньні праблемных пытаньняў. У ліку прыярытэтных напрамкаў прапануецца абмеркаваць:

  • Вызваленьне грамадзян, якія знаходзяцца ў турмах у палітычных справах, а таксама па іншых неабгрунтаваных абвінавачаньнях;
  • вяртаньне законнасьці, у тым ліку правядзеньне новых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў;
  • гарантаваньне свабоды перамяшчэньня грамадзян, рэалізацыя права свабодна пакідаць і вяртацца ў Беларусь;
  • вывад расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі;
  • абарона правоў грамадзян, якія знаходзяцца ўнутры краіны і ў эміграцыі;
  • санкцыйная палітыка і яе эфэктыўнасьць;
  • празрыстасьць фінансаваньня грамадзянскіх ініцыятыў;
  • адказнасьць асоб, якія падазраюцца ў ваенных злачынствах і гвалце супраць цывільнага насельніцтва;
  • вайна ва Ўкраіне, наступствы для Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG