«Вашынгтон накіроўвае ва Ўкраіну зброю на мільярды даляраў, публічна пералічваючы гэтыя пастаўкі, аж да колькасьці патронаў. Але ЗША значна больш асьцярожныя, калі апісваюць іншы значны ўклад у посьпех Украіны на полі бою — дадзеныя выведкі аб расейскіх узброеных сілах», — адзначаецца ў публікацыі.
Як расказалі выданьню амэрыканскія і ўкраінскія афіцыйныя асобы на ўмовах ананімнасьці, інфармацыя аб разьмяшчэньні і перамяшчэньнях расейскіх войскаў паступае ва Ўкраіну ў рэжыме рэальнага часу. Каб пазьбегнуць узмацненьня напружанасьці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Масквой, амэрыканская адміністрацыя распрацавала інструкцыю па абмене выведдадзенымі.
Па-першае, згодна з дакумэнтам, ЗША ня могуць даваць падрабязнай інфармацыі, якая «дапамагла б пазбавіць жыцьця» высокапастаўленых расейскіх афіцэраў. Гэта тычыцца ў тым ліку начальніка Генштаба РФ Валерыя Герасімава і міністра абароны Сяргея Шайгу, расказалі крыніцы газэты.
У той жа час, як піша выданьне, забарона не датычыцца дадзеных аб расейскіх афіцэрах, якія знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны. Пры гэтым высокапастаўлены прадстаўнік Пэнтагону паведаміў The Washington Post, што Вашынгтон усё ж негалосна вырашыў не перадаваць Кіеву інфармацыю аб месцазнаходжаньні генэралаў.
Другая катэгорыя тычыцца любой інфармацыі, якая дапаможа Ўкраіне атакаваць расейскія цэлі па-за ўкраінскімі межамі, сказалі суразмоўцы выданьня. Па дадзеных крыніц WP, забарона збольшага ўведзена для таго, каб «Злучаныя Штаты ня сталі ўдзельнікам нападаў, якія Ўкраіна можа ажыцьцявіць на тэрыторыі Расеі».
У дадатак да гэтых абмежаваньняў Вашынгтон прытрымліваецца правіла, які забараняе даваць Украіне тое, што афіцыйныя асобы называюць «мэтавай інфармацыяй». Напрыклад, ЗША ня стануць, па словах афіцыйных асоб, паведамляць украінскім вайскоўцам, што канкрэтны расейскі генэрал быў заўважаны ў пэўным месцы, а затым паведамляць або дапамагаць Украіне нанесьці па ім удар.
Раней амэрыканскія СМІ паведамлялі, што ўдар па флягманскім караблі Чарнаморскага флёту Расеі — крэйсэры «Москва» стаў магчымы дзякуючы дадзеным выведкі ЗША, перададзеным Украіне. Пры гэтым крыніцы выданьняў падкрэсьлілі, што ЗША дакладна ня ведалі, як менавіта Кіеў скарыстаецца зьвесткамі выведкі.