Свой адказ на гэтае пытаньне ў інтэрвію выданьню «РБК-Украіна» прапанаваў украінскі вайсковы экспэрт Алег Жданаў.
«„Калібры“ сухапутнага базаваньня для комплексаў „Іскандэр“ у расейцаў скончыліся. Далёкасьць „Калібраў“ — 1,5 тысячы кілямэтраў. Гэта значыць, яны пакрываюць усю тэрыторыю Ўкраіны. „Іскандэр“ звычайнай балістычнай ракетай можа рабіць пускі на адлегласьць да 500 кілямэтраў. Таму зь Беларусі яны ўжо фактычна нікуды не дастаюць. Наколькі я ведаю, літаральна гэтымі днямі быў пуск ракеты з тэрыторыі Беларусі. Відаць, нейкае падразьдзяленьне „Іскандэраў“ яны там пакінулі».
Паводле Жданава, паколькі ўсе войскі Расеі зараз сканцэнтраваныя на ўсходзе, то ўсе астатнія ракетныя брыгады яны перакінулі ў Белгародзкую і Растоўскую вобласьці. Цяпер з тэрыторыяў, якія прылягаюць да Ўкраіны, яны страляюць на тую далёкасьць, на якую дастаюць.
«„Калібры“ засталіся на Чарнаморскім флёце, таму на яго яны перакінулі нагрузку на запускі ракетаў. Затым яны падлучылі падводныя лодкі, каб павялічыць колькасьць запускаў. А зараз да бамбардзіроўкі Ўкраіны агрэсар падключыў яшчэ стратэгічную авіяцыю. Яна абстрэльвае нас ракетамі „паветра-зямля“, не залятаючы на тэрыторыю Ўкраіны» — патлумачыў палкоўнік Алег Жданаў.
Ён таксама даў сваю ацэнку, ці пашле Аляксандар Лукашэнка беларускія войскі ва Ўкраіну ваяваць на баку Расеі:
«Як я разумею, хутка зноў адбудзецца сустрэча Пуціна і Лукашэнкі. Думаю, што Пуцін зноў будзе спрабаваць прымусіць Лукашэнку, каб беларускае войска ўдарыла па кірунку Луцк — Львоў. Хоць Лукашэнка адкруціўся яшчэ тады, калі Пуцін быў на вяршыні Алімпу — калі вайна толькі пачыналася. А сёньня ён тым больш не ўмяшаецца, я мяркую. Але Пуцін будзе ціснуць на яго вельмі моцна».