Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі «рамонт» фантана, у Туркмэністане — Рамадан. Як у краінах былога СССР сёлета адзначаюць 9 траўня


Парад у Маскве, 9 траўня 2022
Парад у Маскве, 9 траўня 2022

За 31 год незалежнасьці некаторыя краіны адмовіліся ад сьвяткаваньня 9 траўня зусім, іншыя ператварылі яго ў фармальнасьць.

Указ аб сьвяткаваньні Дня Перамогі 9 траўня быў прыняты Прэзыдыюмам Вярхоўнага Савету СССР 8 траўня 1945 году. Згодна з дакумэнтам, гэтая дата абвяшчалася непрацоўным днём на тэрыторыі ўсёй краіны.

Аднак у рэальнасьці адразу пасьля заканчэньня вайны Дзень Перамогі 9 траўня адзначалі толькі да 1947, ужо ў 1948 годзе гэты дзень зноў стаў працоўным, афіцыйных сьвяточных мерапрыемстваў і вайсковых парадаў не было.

Аднавіў пампэзныя сьвяткаваньні Брэжнеў у 1965-м. Да 1991 году адзначэньне амаль не зьмянялася — парад у Маскве і лякальныя сьвяткаваньні ў сталіцах саюзных рэспублік. Пасьля распаду СССР кожная з былых краін-удзельніц адзначала гэтую дату па-свойму. Свабода прасачыла, што 9 траўня 2022 году адбываецца ў розных постсавецкіх краінах.

Расея

У Маскве традыцыйна прайшоў вайсковы парад, яго на Краснай плошчы прымаў асабіста Пуцін. Парад у Расеі не адмянялі нават у 2020 і 2021 гадах, на якія прыпаў пік пандэміі каранавірусу. У 2022 нечакана перад пачаткам мерапрыемства ў Маскве і шэрагу іншых гарадоў адмянілі пралёты авіяцыі. Афіцыйнай прычынай назвалі «неспрыяльнае надвор’е на аэрадромах вылету».

Уладзімір Пуцін і вэтэраны, Масква, 9 траўня 2022
Уладзімір Пуцін і вэтэраны, Масква, 9 траўня 2022

Парад у Расеі правялі ня толькі ў Маскве, але таксама ў Пецярбургу, Мурманску, Екацярынбургу, Растове, Калінінградзе і шэрагу іншых гарадоў. Большая частка прамовы Пуціна падчас афіцыйнай часткі была прысьвечаная не перамозе ў траўні 1945-га, а сытуацыі ва Ўкраіне і супрацьстаяньню Расеі з краінамі Захаду. Ніхто зь лідэраў іншых краін у Маскву на сьвяткаваньне сёлета не прыехаў, не было там і Лукашэнкі.

Беларусь

У адрозьненьне ад Расеі, вайсковыя парады ў Беларусі на 9 траўня праводзяцца толькі ў юбілейныя даты. Так было, напрыклад, 9 траўня 2020 году, калі адзначалі 75 гадоў з дня перамогі. У іншыя гады вайсковыя парады ў Беларусі праводзяцца 3 ліпеня, калі афіцыйны Менск сьвяткуе гадавіну вызваленьня Беларусі з-пад акупацыі (насамрэч 3 ліпеня быў вызвалены Менск, вызваленьне ўсёй тэрыторыі краіны адбылося 28 ліпеня. — РС). У 2021 годзе параду не праводзілі, афіцыйна прычыны не тлумачылі. Нічога невядома пра яго падрыхтоўку і сёлета.

Аляксандар Лукашэнка выступае 9 траўня ў Менску на плошчы Перамогі
Аляксандар Лукашэнка выступае 9 траўня ў Менску на плошчы Перамогі

«Я адрасую гэтае пасланьне тым, хто Дзень Перамогі абвясьціў па-за законам, хто разбурае помнікі загінулым вызваліцелям і перш за ўсё сумленнаму салдату, — сказаў на мітынгу 9 траўня Лукашэнка. — Я, як прадстаўнік краіны пераможцы, зьвяртаюся да народаў краін Захаду. Вашыя палітыкі зрабілі вельмі шмат, каб вы забыліся, каму сьвет абавязаны вызваленьнем ад фашызму. Сёньня мала якія людзі, што жывуць за межамі Расеі, ведаюць, што Другую сусьветную вайну выйграў савецкі салдат і Савецкі Саюз».

Сьвяткаваньне 9 траўня ў 2022 годзе абмежавалася ўскладаньнем кветак на плошчы Перамогі, канцэртамі ля Палацу спорту і ў парку Перамогі, а таксама фаервэркам у розных частках гораду. Падобныя мерапрыемствы ў меншым маштабе арганізавалі і ў іншых беларускіх гарадах.

Украіна

Ва Ўкраіне ад 2015 году афіцыйна адзначаюць два дні: 8 траўня Дзень памяці і прымірэньня, 9 траўня — Дзень перамогі над нацызмам у Другой сусьветнай вайне. 9 траўня ва Ўкраіне не зьяўляецца выходным днём.

Інсталяцыя ў Кіеве з вобразам Пуціна і пісталетам
Інсталяцыя ў Кіеве з вобразам Пуціна і пісталетам

Мерапрыемствы 9 траўня 2022 году ў Кіеве адмянілі праз ваеннае становішча. Офіс прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага выклаў відэа зь ім, запісанае на застаўленым супрацьтанкавымі ўмацаваньнямі Храшчаціку. Як і Пуцін, Зяленскі большую частку сваёй прамовы прысьвяціў вайне Расеі супраць Украіны.

Літва, Латвія і Эстонія

У Літве, Латвіі і Эстоніі, як і на тэрыторыі іншых краін Эўразьвязу, 8 траўня адзначаюць Дзень Эўропы. Сьвяткаваньні абмяжоўваюцца ўрачыстымі прамовамі лідэраў з нагадваньнем аб стратах, панесеных у часы Другой сусьветнай вайны.

Акцыя ў Рызе, сакавік 2022
Акцыя ў Рызе, сакавік 2022

Прыхільнікі сьвяткаваньня 9 траўня ў Літве наведваюць Антокальскія могілкі, дзе знаходзіцца мэмарыял савецкім салдатам. Сёлета напярэдадні 9 траўня мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус папрасіў літоўцаў абмежавацца сьвяткаваньнямі 8 траўня і паабяцаў, што ўсе, хто прыйдзе на могілкі 9-га, «атрымаюць інфармацыю і аб вайне ва Ўкраіне». Літоўскі партал Delfi зладзіў 9 траўня жывую трансьляцыю з тэрыторыі Антокальскіх могілак. Думкі ўдзельнікаў аб падзеях ва Ўкраіне падзяліліся.

Грузія

У Грузіі 9 траўня адзначаюць Дзень перамогі над фашызмам, гэта афіцыйны выходны. Сьвяточныя мерапрыемствы праходзяць у тбіліскім парку Ваке — былым парку Перамогі, закладзеным на ўскраіне Тбілісі ў 1946 годзе. Там традыцыйна зьбіраліся грузінскія вэтэраны вайны, якія ўскладалі кветкі да помніка савецкім салдатам.

Антываенная акцыя ў Тбілісі, 8 траўня 2022
Антываенная акцыя ў Тбілісі, 8 траўня 2022

У 2021 годзе парк Ваке закрылі на рамонт і аднаўленьне фантана, сьвяточных мерапрыемстваў там больш не праводзяць. Гарадзкія ўлады прапанавалі вэтэранам сабрацца ў іншым гарадзкім парку. Вайсковых парадаў і сьвяточных канцэртаў на плошчах грузінскія ўлады ня робяць.

Малдова

У Малдове афіцыйныя сьвяткаваньні заплянавалі на 9 траўня. Гэта вялікі Марш перамогі, аўтапрабег у Кішынёве і афіцыйныя ўрачыстасьці. Сёлета незадоўга да сьвята малдаўскія ўлады афіцыйна забаранілі выкарыстаньне «георгіеўскіх» стужак, за гэта ўдзельнікам сьвяткаваньняў пагражае штраф 9000 леяў (каля 480 даляраў. — РС). Як паведамляюць нават прарасейскія малдаўскія СМІ, большасьць удзельнікаў сьвяткаваньняў ад «георгіеўскіх» стужак сёлета адмовіліся.

Дэманстрацыя ў Кішынёве, 9 траўня 2022
Дэманстрацыя ў Кішынёве, 9 траўня 2022

Марш прайшоў у цэнтры Кішынёва раніцай 9 траўня, яго ўдзельнікі пранесьлі вялікае чырвонае палотнішча. Прэзыдэнтка Малдовы Марыя Санду ў цырымоніі ля мэмарыялу Перамогі ня ўдзельнічала.

Казахстан

Сьвяткаваньні ў Казахстане нагадваюць беларускія — ускладаньне кветак з удзелам прэзыдэнта Касыма-Жамарта Такаева, акцыі ў вялікіх і малых гарадах, сьвяточныя канцэрты. Аднак, у адрозьненьне ад Беларусі, дзе сёлета ўпершыню дазволілі правесьці «Несьмяротны полк», казаскія ўлады гэтую акцыю забаранілі праз «магчымыя правакацыі». З асаблівасьцяў — у Казахстане склалася традыцыя віншаваць жывых вэтэранаў выступамі вайсковых канцэртаў.

Алматы, 9 траўня 2022
Алматы, 9 траўня 2022

Акрамя афіцыйных сьвяткаваньняў і сьвяточных салютаў, Казахстан кожнага 9 траўня раздае вэтэранам Другой сусьветнай грашовыя выплаты. Сёлета гэта каля 3 300 даляраў. Акрамя вэтэранаў, выплаты, хоць і меншага памеру, у Казахстане атрымліваюць таксама былыя вязьні канцлягераў і блізкія сваякі памерлых вэтэранаў.

Узбэкістан

У гэтай постсавецкай краіне афіцыйна засталося 236 вэтэранаў Другой сусьветнай вайны. Улады Узбэкістану анансавалі асабістыя віншаваньні з удзелам прадстаўнікоў розных міністэрстваў для кожнага зь іх. Вэтэранаў наведаюць дзяржаўныя дэлегацыі, усе яны атрымаюць выплаты ў памеры 15 мільёнаў сумаў (каля 1 300 даляраў. — РС). У дадатак — асабістае віншаваньне ад прэзыдэнта і копія манумэнту Незалежнасьці Ўзбэкістану.

Вялікі сьвяточны канцэрт, які прайшоў з нагоды 9 траўня ў Ташкенце, ладзілі не ўлады краіны, а расейская прапагандысцкая арганізацыя «Россотрудничество». Яго правялі 8 траўня пад назвай «Вясна Перамогі».

Армэнія

Сьвяткаваньні праходзяць 9 траўня, гэта афіцыйны выходны дзень. Цэнтральнае мерапрыемства, як і ў Беларусі, — гэта ўскладаньне вянкоў да мэмарыялу ахвярам вайны. Удзел у ім узялі ўсе вышэйшыя асобы краіны, нягледзячы на вялікія разнагалосьсі паміж імі.

Ерэван, 9 траўня 2022
Ерэван, 9 траўня 2022

Прэм’ер-міністар Нікол Пашынян, прамаўляючы з нагоды ўрачыстасьці, згадаў таксама сытуацыю ў Нагорным Карабаху (Арцаху).

Парадаў і шэсьцяў з нагоды 9 траўня ў Ерэване не праводзяць.

Азэрбайджан

У краіне афіцыйна існуюць два Дні перамогі. Першы зь іх сьвяткуюць 9 траўня, другі, з нагоды перамогі ў нядаўняй вайне ў Карабаху, 8 лістапада. Пры гэтым сьвяточныя шэсьці і вайсковы парад праводзілі акурат з нагоды пасьпяховага для Азэрбайджану выніку канфлікту ў Карабаху ў 2020 годзе. Мерапрыемствы на 9 траўня, як і ў большасьці краін былога СССР, абмяжоўваюцца ускладаньнем кветак да манумэнта савецкім салдатам.

Кіргізстан, Таджыкістан і Туркмэністан

Ва ўсіх гэтых краінах сьвяткаваньні праходзяць паводле падобнага сцэнару — ускладаньне кветак на мэмарыялах, парад і сьвяточныя мітынгі. У 2020 і 2021 гадах парады адмянялі праз пандэмію, аднак сёлета ў Кіргізстане ад параду адмовіліся без тлумачэньня прычын.

Бішкек, 9 траўня 2022
Бішкек, 9 траўня 2022

Парад 9 траўня 2022 году прайшоў у сталіцы Таджыкістану Душанбэ, яго правялі ў парку Перамогі. У Таджыкістане засталося 59 вэтэранаў Другой сусьветнай вайны.

У Туркмэністане ўлады афіцыйна абвесьцілі, што ўсе мерапрыемствы будуць перанесеныя на вечар, бо 9 траўня сёлета прыпадае на Рамадан. Заплянаваны мітынг і вайсковы салют.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG