Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле вырак журналісту Свабоды Алегу Грузьдзіловічу


Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч

10 траўня разглядалася апэляцыя на прысуд зьняволенаму журналісту Радыё Свабода Алегу Грузьдзіловічу. Раней яму прысудзілі 1,5 года зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Асуджаны на 1,5 года калёніі палітзьняволены Алег Грузьдзіловіч за кратамі з 23 сьнежня. У канцы сакавіка зь менскага СІЗА на вуліцы Валадарскага яго перавялі ў магілёўскую турму № 4.

Калегія судзьдзяў Менскага гарадзкога суду 10 траўня пастанавіла пакінуць ягоны вырак у сіле. Пра гэта Свабодзе паведаміла жонка Алега Мар'яна Грузьдзіловіч. Самога Алега на разгляд ягонай касацыйнай скаргі ў Менскі гарадзкі суд не прывезьлі.

Разгляд скаргі адбываўся каля 20 хвілін, судзьдзі пад кіраўніцтвам старшыні калегіі Ананіч заслухалі адваката і пракурора. Адвакатка папрасіла спыніць справу супраць Алега Грузьдзіловіча, бо ён выконваў свае прафэсійныя абавязкі на акцыях пратэсту. Яна прасіла суд скасаваць як несправядлівы вырак суду Савецкага раёна Менска. Пракурорка ж сказала, што віна нібыта ўстаноўленая і рашэньне раённага суду нельга лічыць несправядлівым, там нібыта ўсё было даказана. Судзьдзі Менскага гарадзкога суду, параіўшыся 5 хвілін, вынесьлі адмоўнае рашэньне па скарзе Алега Грузьдзіловіча і вырашылі пакінуць ягоны вырак у сіле.

Такім чынам прысуд у справе Алега Грузьдзіловіча ўступіў у сілу.

Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

16 ліпеня 2021 году сілавікі прыйшлі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, пазалетась пазбаўленага акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.

Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і зьмянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Справу завялі за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як няштатны карэспандэнт «Народнай волі», меў рэдакцыйнае заданьне. У 2020-м Алег Грузьдзіловіч адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у адным з маршаў, на якім працаваў як журналіст.

3 сакавіка палітвязьня Алега Грузьдзіловіча асудзілі на 1,5 года калёніі. Яго абвінавацілі ў трох эпізодах удзелу ў нібыта масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў 2020 году і гвалту. Таксама яму выставілі пазоў на 56 тысяч рублёў.

За кратамі цяпер таксама журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і фрылансэр Свабоды Андрэй Кузьнечык, на якога заведзена крымінальная справа.

Алег Грузьдзіловіч

Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, вучыўся ў Берасьці, скончыў Белдзяржунівэрсытэт, жыве ў Менску.

У журналістыцы з 1980 году. З 1995-га — на Радыё Свабода.

У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загаду ЦК КПБ аб перадрукоўцы з расейскай прэсы антыперабудовачнага артыкула «Не могу поступаться принципами».

У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты», пасьля таго як быў зьняты ягоны рэпартаж аб зьбіцьці ў парлямэнце дэпутатаў — сяброў апазыцыі БНФ, якія пратэставалі супраць рэфэрэндуму пра мову і дзяржаўную сымболіку.

На Радыё Свабода адказвае за асьвятленьне тэмы палітвязьняў, зьніклых дзеячаў апазыцыі. Вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцыяў пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш.

Ня раз затрымліваўся супрацоўнікамі спэцслужбаў і міліцыі пры выкананьні журналісцкіх абавязкаў.

Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».

Жанаты, мае трох сыноў і ўнучку Еву.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG