Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік польскіх спэцслужбаў: прапаганда нават пасьля сьмерці выкарыстала Чэчку для правакацыі супраць Польшчы


Эміль Чэчка
Эміль Чэчка

Прапаганда рэжыму Лукашэнкі зноў выкарыстала салдата-перабежчыка Эміля Чэчку, каб «дэзынфармаваць і зладзіць правакацыю супраць Польшчы», адзначыў у твітэры прэс-сакратар польскага міністра-каардынатара спэцслужбаў Станіслаў Жарын.

«Пахаваньне здрадніка на могілках сярод польскіх салдат, герояў Другой усясьветнай вайны, антураж мерапрыемства — труна, накрытая бела-чырвоным сьцягам, вянок са стужкай і надпісам „Польскаму салдату і патрыёту — народ Польшчы“ — гэта было беларускай правакацыяй. З дапамогай такой пастаноўкі беларуская прапаганда спрабавала пераканаць, што палякі падтрымліваюць дзеяньні і паклёп Чэчкі ў дачыненьні Польшчы, а таксама быццам польскае грамадзтва высока ацаніла дзеяньні Чэчкі», — напісаў Станіслаў Жарын.

Успомніў Жарын і перадгісторыю.

«Чэчка дэзэртаваў з польскага войска ў Беларусь, дзе стаў інструмэнтам мясцовай прапаганды, якая распаўсюджвае абсурдны паклёп у дачыненьні Польшчы. Ён абвінаваціў Польшчу ў злачынствах супраць замежнікаў, сьцьвярджаючы, што яго і іншых салдат прымушалі забіваць людзей на мяжы зь Беларусьсю. Пахаваньне дэзэртыра арганізавалі беларусы. У Польшчы Чэчку пакрылі ганьбай, яго заганныя паводзіны падвергнулі грамадзкаму асуджэньню».

17 сьнежня 2021 году Дзяржаўны памежны камітэт паведаміў, што польскі вайсковец Эміль Чэчка папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі, паколькі «ня згодны з палітыкай Польшчы адносна міграцыйнага крызісу і практыкай негуманнага абыходжаньня зь мігрантамі». На наступны дзень пасьля інцыдэнту міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак заявіў, што Чэчка «меў сур’ёзныя праблемы з законам і напісаў заяву аб звальненьні з войска». Беластоцкая акруговая пракуратура выдала ордар на арышт дэзэртыра, яму пагражала да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Дзяржаўныя СМІ Беларусі актыўна распаўсюджвалі заявы Чэчкі аб нібыта зьдзейсьненых ім і іншымі польскімі салдатамі забойствах нелегальных мігрантаў, якія перасеклі мяжу з боку Беларусі. Рэальных пацьверджаньняў яго словам так і не было.

17 сакавіка паляка знайшлі павешаным у менскай кватэры, дзе ён жыў і, па словах прапаганды, чакаў дакумэнтаў на права пражываньня ў Беларусі. Пры гэтым пахавалі Чэчку толькі 5 траўня — на польскіх вайсковых могілках у Даўгінаве, што ў Вялейскім раёне Менскай вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG