Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнтагон пацьвердзіў, што начальнік расейскага Генштабу наведваў Данбас і пасьпеў зьехаць да ўкраінскага ўдару


Валерый Герасімаў
Валерый Герасімаў

Раней пра гэта паведамлялі прадстаўнікі Ўкраіны. Герасімаў пасьпеў пакінуць базу перад ударам украінскіх сілаў.

Начальнік расейскага Генэральнага штабу генэрал Валерый Герасімаў пабываў на фронце на ўкраінскім Данбасе на мінулым тыдні, заявіў супрацоўнік Пэнтагону, аднак паведамленьні аб яго раненьні ў выніку атакі Ўкраіны ня могуць быць пацьверджаныя.

«Што мы можам пацьвердзіць, дык гэта тое, што мы ведаем, што некалькі дзён на мінулым тыдні ён быў на Данбасе», — заявіў журналістам высокапастаўлены супрацоўнік абароннага ведамства ЗША.

«Мы ня думаем, што ён усё яшчэ там, думаем, ён зьехаў і вярнуўся ў Расею», — заявіў чыноўнік.

«Мы ня можам пацьвердзіць паведамленьні, што ён быў паранены», — дадаў ён.

Паводле паведамленьняў, якія спасылаюцца на ўкраінскіх афіцыйных асоб, у суботу ўкраінскія сілы абстралялі камандны цэнтар у Ізюме, куды прыяжджаў начальнік расейскага Генштабу для сустрэчы зь вядучымі палявымі камандзірамі.
Аднак, падобна, ён зьехаў да абстрэлу.

Начальнік генэральнага штабу расейскіх войскаў генэрал Валерый Герасімаў, найвышэйшы афіцэр краіны ў форме, у канцы мінулага тыдня наведаў франтавыя пазыцыі на ўсходзе Ўкраіны, каб «зьмяніць курс», па словах высокапастаўленага ўкраінскага чыноўніка. Гэтую ацэнку падтрымалі і дзьве афіцыйныя асобы ЗША, якія ведаюць пра візыт, піша New York Times.

Украінскія чыноўнікі даведаліся пра візыт, але не своечасова, каб захапіць генэрала. Калі ў суботу ўвечары ўкраінскія сілы пачалі атаку на адну пазыцыю, якую наведаў Герасімаў, у школе № 12 у кантраляваным Расеяй горадзе Ізюме, ён ужо выехаў у Расею. Тым ня менш каля 200 вайскоўцаў, у тым ліку прынамсі аднаго генэрала, забілі, сказаў украінскі чыноўнік на ўмовах ананімнасьці.

Прысутнасьць такога высокапастаўленага чыноўніка на перадавой вельмі незвычайная і адбываецца на фоне таго, што заходнія вайсковыя аналітыкі апісваюць як павелічэньне бязладзіцы ўнутры расейскіх сіл. Нават маючы рэзка зьменшаныя мэты, расейскія вайскоўцы працягваюць змагацца з праблемамі матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня і каардынацыі сваіх войскаў, сутыкаючыся зь нязьменным жорсткім супрацівам украінцаў.

Ізюм, горад сярэдняга памеру на ўсходзе Ўкраіны, стаў апэрацыйнай базай для расейскіх вайскоўцаў, якія праводзяць наступ, накіраваны на вывад дзьвюх усходніх украінскіх тэрыторый, што мяжуюць з Расеяй і складаюць рэгіён, вядомы як Данбас. Пасьпяховы захоп гэтай тэрыторыі стаў бы суцяшальным прызам для Крамля пасьля няёмкага вываду войскаў з рэгіёну вакол Кіева, падзеньня якога, паводле ацэнак амэрыканскай выведкі, расейскае кіраўніцтва чакала празь некалькі дзён пасьля ўварваньня.

Але нават на ўсходзе прагрэс быў павольным. Расейскія войскі з кожным днём атрымлівалі паступовыя перамогі, захопліваючы адны вёскі, страчваючы іншыя, бо добра замацаваныя ўкраінскія войскі аказвалі рашучы супраціў.

Больш за месяц пасьля пачатку вайны ў расейскіх войскаў адсутнічаў камандзір на полі бою, які мог бы кіраваць дзеяньнямі знутры Ўкраіны, што прывяло да дрэннай каардынацыі паміж рознымі падразьдзяленьнямі і службамі і да гібелі тысяч вайскоўцаў. Гэта таксама прывяло да гібелі 10 і больш генэралаў, якія перайшлі на франтавыя пазыцыі.

У пачатку мінулага месяца Крэмль нарэшце прызначыў дасьведчанага камандзіра Аляксандра Дворнікава, якога абвінавацілі ў загадзе на авіяўдары па цывільных раёнах Сырыі, для нагляду за сіламі на тэрыторыі Ўкраіны.

Амэрыканскія чыноўнікі заявілі, што сакрэтны візыт генэрала Герасімава на ўсходні фронт падкрэсьлівае праблемы, зь якімі сутыкаюцца расейскія сілы на Данбасе.

«Гэта, напэўна, азначае, што ў расейцаў усё ідзе ня так добра», — сказаў у тэлефонным інтэрвію з Польшчы Джэйсан Кроў, дэмакрат з Калярада ў Камітэце ўзброеных сілаў Палаты прадстаўнікоў і былы вайсковец пасьля візыту ва Ўкраіну ў суботу са сьпікерам Нэнсі Пэлосі.

«У іх былі тысячы забітых у баявых дзеяньнях, маральны дух войскаў нізкі, і, што вельмі важна, іхны наступ на поўдні і ўсходзе, здаецца, спынілі», — сказаў Кроў.

Генэрал Герасімаў некалькі дзён знаходзіўся на ўсходзе Ўкраіны і ў суботу ўдзень прыбыў у школу № 12, якая выкарыстоўвалася ў якасьці базы Другой агульнавайсковай арміі Расеі, а таксама разгорнутымі ў рэгіёне паветрана-дэсантнымі войскамі, сказаў украінскі чыноўнік. Паводле папярэдняй інфармацыі, сабранай украінскімі сіламі, у выніку нападу загінуў генэрал-маёр Андрэй Сіманаў, які быў сярод камандзіраў базы ў Ізюме.

«Рашэньне аб зьнішчэньні гэтага аб’екту было прынята не праз Герасімава, а таму, што гэта важная база дзеяньняў», — сказаў чыноўнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG