Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўзбэкістане ангельская мова стане абавязковай пры паступленьні ў ВНУ


Абітурыенты ў Самаркандзе
Абітурыенты ў Самаркандзе

Уключэньне ангельскай мовы ў блёк абавязковых прадметаў на ўступных іспытах у ВНУ Узбэкістану стала гэтымі днямі адной з самых папулярных тэм сярод карыстальнікаў узбэцкага сэгмэнту сацыяльных сетак.

«Пры паступленьні ў ВНУ трэба здаць тэставыя іспыты па такіх асноўных прадметах, як родная мова, матэматыка і гісторыя. Цяпер у гэты блёк уключаць яшчэ і ангельскую мову. Але сёлета зьмена ўводзіцца толькі ў тых ВНУ, пры паступленьні ў якія патрабуецца веданьне замежнай мовы. А падчас уступных іспытаў 2023-2024 навучальнага году мы цалкам плянуем перайсьці да такога парадку», – сказаў журналістам радыё «Азодлік» прадстаўнік Дзяржаўнага цэнтру тэставаньня Ўзбэкістану.

У траўні 2021 году прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў заявіў, што выпускнікі айчынных навучальных установаў павінны ведаць як мінімум дзьве замежныя мовы. А з 2022 году ва Ўзбэкістане пры прыёме на працу сталі патрабаваць веданьне хаця б адной замежнай мовы. Такое патрабаваньне датычыцца таксама супрацоўнікаў дзяржаўных установаў, якія жадаюць атрымаць павышэньне на пасадзе.

Некаторыя экспэрты разглядаюць тэндэнцыю па ўзмацненьні патрабаваньня да ангельскай мовы як спробу ўладаў краіны зблізіцца з Захадам.

  • Між тым Узбэкістан знаходзіцца ў групе краін, у якіх узровень ведаў ангельскай мовы ацэньваецца як «вельмі нізкі». Летась Індэкс валоданьня ангельскай мовай (EF English Proficiency Index) правёў дасьледаваньне па валоданьні ангельскай мовай у розных краінах сьвету. Узбэкістан разьмясьціўся на 88 месцы са 112 прадстаўленых – паміж Аўганістанам (87 месца) і Сырыяй (89 месца) – трапіўшы ў групу краін, у якіх узровень ведаў ангельскай мовы ацэньваецца як «вельмі нізкі».
  • Беларусь, паводле гэтага індэксу, аднесеная да краінаў зь сярэднім веданьнем ангельскай мовы – яна на 38 месцы, паміж Паўднёвай Карэяй (37) і Альбаніяй (39). У першай тройцы – Галяндыя, Аўстрыя, Данія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG