Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыбаўскайце: Трэцяя сусьветная вайна ўжо ідзе, мы не павінны дазваляць агрэсару сядаць нам на галаву


Экс-прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце
Экс-прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце

«Трэцяя сусьветная вайна ўжо ідзе. Ня мы яе пачалі, ня мы абвастраем сытуацыю. Калі мы будзем адступаць і дазволім агрэсару сядаць нам на галаву, ён залезе і зьменіць увесь парадак, наступствы будуць дрэнныя, мы зь імі ня справімся. Асабліва такія краіны, як мы — маленькія», — папярэдзіла экс-прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце падчас дыскусіі ў Інстытуце міжнародных адносін і палітычных навук Віленскага ўнівэрсытэту.

Яна адзначыла, што жыхары Расеі пры цяперашніх санкцыях галадаць ня будуць.

«Нашы санкцыі не прымусяць іх перадумаць. Наадварот, заходнія санкцыі аб’ядноўваюць людзей супраць Захаду. Паверце, я вячэрала з прадстаўнікамі Захаду і жартам сказала: ім для выжываньня хопіць бульбы, агуркоў і яшчэ сяго-таго. Гэтага хопіць, яны ўсё роўна будуць змагацца за яго. Мы, расьпешчаныя прадстаўнікі Захаду, думаем, што ім не хопіць нейкіх там заходніх шампуняў або яшчэ нечага, дык гэтага ня будзе. Яны выжывуць і выстаяць перад любымі нашымі санкцыямі», — сказала Грыбаўскайце.

Экс-прэзыдэнтка і былы міністар замежных справаў Лінас Лінкявічус падпісалі ініцыятыву былога прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі аб стварэньні міжнароднага трыбуналу.

«Гэты трыбунал будзе дзейнічаць паводле прынцыпу Нюрнбэргскага, каб чалавека можна было судзіць завочна, пакуль няма магчымасьці яго затрымаць. Я думаю, што нават завочны прысуд будзе маральным асуджэньнем, гэта важна», — сказала Грыбаўскайце.

Яна запэўніла, што працэс збору доказаў працягваецца.

«Гэтага дакладна будзе больш, чым патрабуецца», — сказала Грыбаўскайце.

Адказваючы на пытаньне, што павінен зрабіць Захад, каб зрынуць урад Пуціна, Грыбаўскайце адказала: «Мяне такое пытаньне абурае, гэта выяўляе заходнюю наіўнасьць. Мы сутыкаемся з зусім іншай цывілізацыяй. Ягоная ўлада трымаецца не на падтрымцы людзей, а на „сілавіках“ і іншых фінансавых структурах. Ніколі пры наяўнасьці такой прапаганды, такой таталітарнай сыстэмы, такіх рэпрэсіяў людзі ад страху ня выйдуць на вуліцу, каб зрынуць яго».

«Таму жывіць ілюзіі, нібыта мы можам неяк уплываць на меркаваньне, неяк праштурхнуць інфармацыю праз гэты бар’ер — няважна якую, ёй ніхто ня будзе верыць. Мы думаем на заходні манер, а яны — на ўсходні. Гэта зусім іншая цывілізацыя», — сказала Грыбаўскайце.

Экс-прэзідэнтка заявіла, што нельга адступаць пасьля кожнага запалохваньня з боку Расеі.

«Трэба наважыцца на канфрантацыю і прыняць выклік, які кінула Расія. Гэтыя спробы Захаду адступаць, каб нібыта пазьбегнуць Трэцяй сусьветнай вайны, — дык гэтая Трэцяя сусьветная вайна ўжо ідзе. Яна эўрапейская. Гэта вайна ня толькі з Украінай. Яна супраць усяго дэмакратычнага сьвету, супраць архітэктуры бясьпекі, якая ўсталявалася пасьля Другой сусьветнай вайны, яна ўжо ідзе. Ня мы яе пачалі, ня мы абвастраем сытуацыю. Калі мы будзем адступаць і дазволім агрэсару сядаць нам на галаву, ён залезе і зьменіць увесь парадак, наступствы будуць дрэнныя, мы зь імі ня справімся. Асабліва такія краіны, як мы — маленькія», — сказала яна. .

Паводле яе, мы павінны думаць пра сваю бясьпеку, каб Пуцін быў спынены і раздушаны на тэрыторыі Ўкраіны.

«Эўропа занадта малая для канвэнцыйнай вайны, у пляне абароны — трэба спыняць вайну там, дзе яна пачалася, і як мага хутчэй, усімі сіламі. Наша бязьдзейнасьць азначае пашырэньне вайны. Чым больш геаграфічна мы будзем аддаляцца ад канфлікту, тым хутчэй ён наблізіцца да нас», — папярэдзіла Грыбаўскайце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG