У дакумэнце адзначана, што ў 2021 годзе «Лукашэнка ўтрымаў уладу ў Беларусі з дапамогай рэпрэсій і запалохваньняў і стабілізаваў рэжым». «Пратэсты апазыцыі не аднавіліся, і, верагодна, рэжым не адчувае наўпроставых унутраных пагроз свайму выжываньню, — мяркуюць літоўскія спэцслужбы. — Каб захаваць рэшткі грамадзкай падтрымкі і павялічыць шанцы на максымальна доўгае ўтрыманьне ўлады, Лукашэнка імітуе зьмену рэжыму. Ён памілаваў дзясяткі арыштаваных пратэстоўцаў, нібыта правёў „канстытуцыйную рэформу“ і абвясьціў новае дзяржаўнае сьвята — „Дзень народнага адзінства“. Аднак найбліжэйшым часам рэжым наўрад ці пойдзе на дыялёг з апазыцыяй».
У спробе «больш эфэктыўна кантраляваць грамадзтва», беларускі рэжым «зьмяняе законы, узмацняе пакараньне за іх парушэньне і пашырае ролю сілавога блёка, сотні тэлеграм-каналаў, якія сталі крыніцай навінаў для беларусаў, былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
«Людзей перасьледуюць за публічнае вывешваньне нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга і герба „Пагоня“, — канстатавана ў справаздачы. — Прадстаўнікоў апазыцыі ўносяць у сьпіс тэрарыстаў, а сілавікоў, якія заслужылі давер, прызначаюць на важныя пасады. Каб пазьбегнуць новай хвалі пратэстаў, мясцовыя выбары перанесеныя са студзеня 2022 года на 2023 год, яны пройдуць разам з парлямэнцкімі выбарамі. Гэта сьведчыць пра тое, што рэжым не гатовы рызыкаваць і імкнецца адтэрмінаваць любую праверку стабільнасьці палітычнай сыстэмы».
Рэжым «стварае адчуваньне татальнага кантролю і непазьбежнасьці пакараньня, распаўсюджваючы рэпрэсіі на прадстаўнікоў усіх слаёў насельніцтва Беларусі, якія «публічна ці ў прыватным парадку выказваюць крытыку». Каб «ачысьціць інфармацыйную прастору ад дыскрэдытуючых паведамленьняў, асаблівая ўвага надаецца беларускім і нават расейскім апазыцыйным журналістам, парталам і блогерам».
«Заблякаваны найбуйнейшы партал навін tut.by, перасьледуюцца журналісты незалежнага тэлеканала „Белсат“, які працуе з Варшавы. Беларускі рэжым вымусіў закрыцца рэдакцыю „Камсамольскай праўды ў Беларусі“ у адказ на публікацыю нязручнага для ўладаў артыкула пра забойства супрацоўніка КДБ падчас перастрэлкі», — гаворыцца ў дакумэнце.
Такім чынам, рэжым «усё больш набывае рысы таталітарнага праўленьня», яго «больш не задавальняе просты палітычны кантроль над краінай, ён імкнецца да поўнага падпарадкаваньня ўсіх беларусаў як у грамадзкім, так і ў прыватным жыцьці».
«Беларускі рэжым абмяжоўвае свабоду перамяшчэньня сваіх грамадзян, блякуе агенцтвы навін і закрывае розныя няўрадавыя арганізацыі, — адзначылі аўтары справаздачы. — Нарэшце, большая частка эканомікі краіны кантралюецца і кіруецца рэжымам або зьвязанымі зь ім асобамі. Рэжым, заснаваны толькі на рэпрэсіях і пазбаўлены хаця б найменшай павагі да чалавечага жыцьця і годнасьці, зьяўляецца асноўнай крыніцай нестабільнасьці ў рэгіёне».
Літоўскія спэцслужбы лічаць, што доўгатэрміновая мэта Лукашэнкі заключаецца ў «легітымацыі рэжыму і нармалізацыі адносін з Захадам». У найбліжэйшай пэрспэктыве «ключавой задачай для Менска стане прадухіленьне новых санкцый і спроба адмены ўжо ўведзеных абмежаваньняў». Для дасягненьня сваіх мэтаў, Лукашэнка «выкарыстоўвае розныя асымэтрычныя інструмэнты ўплыву на Літву і іншыя краіны Захаду». У ход ідуць «пагрозы, дыпляматычны і эканамічны ціск, прапаганда і дэзынфармацыя, юрыдычныя мэханізмы».