Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сардэчна запрашаем у гестапа!» Зьявіліся сьведчаньні пра зьдзекі з палітвязьня Падрэза пры затрыманьні


Дзьмітры Падрэз
Дзьмітры Падрэз

Палітзьняволены Дзьмітры Падрэз, асуджаны на 7 гадоў турмы, зазнаў катаваньні ад ГУБАЗіКа. Падрабязнасьці сталі вядомыя дзякуючы былому сукамэрніку.

Палітзьняволенага IT-спэцыяліста і стрыт-арт-мастака (вядомага як Дзіма Dream) Дзьмітрыя Падрэза асудзілі ў закрытым рэжыме да 7 гадоў зьняволеньня. За перадачу дадзеных сілавікоў тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі» яго абвінавацілі адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці), арт. 364 (пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 365 (умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Дзьмітрыя затрымалі 15 ліпеня 2021 году — сілавікі на вяроўках праз акно ўварваліся ў кватэру айцішніка. Праваабаронцам «Вясны» ад яго былога сукамэрніка стала вядома пра пабіцьцё і зьдзекі з палітвязьня супрацоўнікаў ГУБАЗіКу падчас затрыманьня. Вядома, што сярод сілавікоў былі людзі з прозьвішчамі Валер Высоцкі, Асташка і Волкаў.

Пры ператрусе губазавец Высоцкі ўзяў карціну мастака Захара Кудзіна і парэзаў яе тройчы са словамі: «Так будзе прыгажэй» (усе сілавікі размаўлялі па-расейску і зь вялікай колькасьцю нецэнзурнай лексыкі). Парэзаў таксама фотакарціны, а пасьля ўзяў стары ноўтбук, разламаў яго на дзьве часткі, ударыў адной часткай па камодзе са словамі: «Цяпер дакладна не працуе».

У хатняй бібліятэцы знайшлі расейска-польскі размоўнік. Губазавец Асташка ўдарыў мужчыну размоўнікам па твары са словамі: «Ты што, б****, не патрыёт?»

Кватэру пасьля ператрусу і затрыманьня Падрэзу замкнуць не далі, парвалі канапу, а па прыбыцьці ў ГУБАЗіК сказалі «Сардэчна запрашаем у гестапа», такую ж фразу раней неаднаразова чулі іншыя затрыманыя. У стварэньні так званага «пакаяльнага» відэа, перад якімі вязьняў б’юць, браў удзел супрацоўнік ГУБАЗіКу Аляксандар Алёкса.

Пасьля гэтага супрацоўнік Асташка прымусіў мужчыну напісаць «яўку з павіннай», дыктаваў тэкст, што пісаць. Затым была «размова» з супрацоўнікам ГУБАЗіКу Андрэеем Макарэвічам. Пасьля Дзьмітрыя Падрэза адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, дзе склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. Ён быў асуджаны два разы запар паводле арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі». На «сутках» на Акрэсьціна мастак агулам прабыў 30 дзён, а потым стаў фігурантам крымінальнай справы.

Да суду Дзьмітрыя 8 месяцаў утрымлівалі ў СІЗА-1. Прысуд яму вынес судзьдзя Сяргей Хрыпач. Пасьля прысуду Падрэза перавялі ў магілёўскую турму № 4, дзе палітвязьня трымаюць да гэтага часу. У хуткім часе чакаецца разгляд яго апэляцыйнай скаргі. Адрас для ліставаньня: Турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А. Дзьмітры Ёсіфавіч Падрэз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG